Руплівы селянін без працы не застанецца

30 красавіка знакавы дзень у гісторыі дзвюх гаспадарак раёна – ААТ “Месціна” і “Брадзец”. Будзе канчаткова зацверджана рашэнне аб рэарганізацыі гэтых сельгаспрадпрыемстваў у адно.

Мяркуецца: узначаліць аб’яднанае сельгаспрадпрыемства сённяшні кіраўнік ААТ “Брадзец” Аляксандр Крук. Ён самы малады ў раёне сярод кіраўнікоў гаспадарак аграпрамысловага комплексу. Чатыры гады таму Аляксандр Мікалаевіч не пабаяўся ў свае 26 гадоў узяцца за парадак і паставіць на новыя рэйкі вытворчасць на брадзецкіх землях, а сёння перад ім стаіць не менш цяжкая задача – наладзіць дзейнасць аб’яд-нанай гаспадаркі. Таму мы не маглі не спытаць у Аляксандра Мікалаевіча, як ён ставіцца да рэарганізацыі, што ў планах на развіццё гаспадаркі і захаванне вытворчых аб’ектаў, і, вядома ж, аб будучым аграгарадка Сяліба.

– Раю калегам не хвалявацца, а сумленна працаваць, – гаворыць Аляксандр Крук. – Нашы рашэнні будуць узважанымі і прадуманымі і прынясуць рэальную карысць гаспадарцы

Рэарганізацыі баяцца не трэба

— Рэарганізацыя сельгаспрадпрыемстваў не чыйсьці капрыз: яна запатрабавана часам і эканамічнымі рэаліямі. Без яе не будзе развіцця сельскіх рэгіёнаў, росту прадукцыі жывёлагадоўлі і культуры земляробства. Мы ж жывём у цікавы час стварэння кластараў і холдынгаў, росквіту буйных вытворчых прадпрыемстваў, укаранення сучасных тэхналогій, выкарыстання найноўшай тэхнікі і змяншэння долі ручной працы. Таму вяскоўцам, што дбаюць пра будучыню сваіх вёсак і захаванне вытворчасці, ніяк нельга стаяць убаку ад перамен. Ды і чаго іх баяцца?

Памятаеце, яшчэ гадоў сем назад вытворчасць малака забяспечвалі невялікія малочнатаварныя фермы, а сёння на змену ім прыйшлі сучасныя комплексы з даільнымі заламі, якія рэалізуюць перапрацоўшчыкам малако гатунку “экстра”. Ды і не ўявіць сабе пасяўную, корманарыхтоўчую і ўборачную кампаніі без сучаснай энерганасычанай тэхнікі, дзе адзін агрэгат можа замяніць адразу некалькі. Вядома ж, працаваць з кожным годам на зямлі няпроста і ніякія тэхналогіі не абяцаюць прыбытку і дастатку без намаганняў. Таму і работнікі павінны пастаянна самаўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства і ісці ў нагу з часам. Гэта няпроста, але без гэтага не дасягнуць росквіту вёскі, прыбытку гаспадаркі і дастатку селяніна.

І раслінаводства, і жывёлагадоўля

Малочнатаварны комплекс ААТ “Брадзец” задае тон у нарошчванні вытворчасці малака ў гаспадарцы. Тут надой на карову налічвае звыш 14 кілаграмаў. — А ўсё таму, што сёлета ў нашых рагуль разнастайны і карысны рацыён харчавання, створаны выдатныя ўмовы ўтрымання, і жывёлаводы не пакрыўджаны заробкам, – гаворыць загадчыца Ніна Віршыч. – Работнікі рэальна бачаць, што з ростам малака растуць і іх даходы. Ды і кіраўнік наш са спагадай ставіцца да працавітых людзей. — Аднак нам патрэбны спецыялісты, асабліва ветурачы, ды і заатэхнікі-селекцыянеры, каб прадукцыйнасць дойнага статка толькі расла, — дадае аператар машыннага даення Аксана Віннік

— Па выніках работы ў першым квартале 2021 года ААТ “Брадзец” на чвэрць павялічыла валавую вытворчасць прадукцыі жывё-лагадоўлі і раслінаводства, на 40% памножыла выручку ад рэалізацыі прадукцыі ферм і на 53% – палёў. Маецца рэнтабельнасць дзейнасці. Павялічылі заробак працуючых з 688 рублёў да 853. Важная крыніца брадзецкіх даходаў – малако.

Вытворчасць яго павялічылася, а прадукцыйнасць дойнага статка дасягнула 1055 кілаграмаў. На 10% прырасла рэалізацыя і прыбытак ад яе налічыў ужо 85,4 тысячы рублёў. Маецца станоўчая дынаміка і ў вырошчванні ялавічыны. Сярэднясутачныя прыбаўленні жывёлы на дарошчванні і адкорме павялічыліся з 620 да 690 грамаў, на мясакамбінат рэалізуецца жывёла вагой 442 кілаграмы.

Дасягненні жывёлаводаў мелі свой плён: грошай ад рэалізацыі прадукцыі хапіла не толькі, каб выплаціць заробак 75 работнікам, але і якасна за заробленыя сродкі правесці пасяўную кампанію. Таму мы маем намер і далей нарошчваць вытворчасць прадукцыі ферм. Ужо сёлета шмат робіцца па паляпшэнні кармавой базы, каб зменшыць затраты на кошт кармоў і іх перарасход. Нам патрэбны сродкі, каб разлічыцца з крэдыторскай запазычанасцю, што ўзнікла з-за набыцця тэхнікі ў лізінг.

Вытворчыя аб’екты захаваюцца

– Пакуль канкрэтных планаў на ААТ “Месціна” ў нас няма. Мяркуецца захаваць калектыў і ўсе вытворчыя аб’екты. Мы памятаем, што ААТ “Месціна” – гаспадарка, якая не раз станавілася пераможцам у раённым спаборніцтве па вырошчванні зерневых культур і аддаём даніну павагі месцінскім земляробам. Паважаем мы і падыход суседзяў да аднаўлення былой традыцыі вырошчвання насеннікаў шматгадовых траў. Гэта справа пры належнай працы можа стаць дадатковай крыніцай даходаў і паляпшэння кармавой базы. Ды і спадзяёмся мы на стараннасць і добрасумленнасць месцінскіх жывёлаводаў. Таму ніхто з работнікаў не застанецца без працы і лёс аграгарадка Сяліба цалкам у іх руках.

Дзмітрый Навашынскі другі год працуе ў гаспадарцы загадчыкам мехмайстэрні. Ды не сядзіць у цёплым кабінеце і касцюме. Мы засталі яго за рамонтам магутнага “МАЗа”. — У нас не прынята сядзець без справы і дапускаць прастой тэхнікі, а кожны па меры магчымасці дапамагае адзін другому, – гаворыць Дзмітрый. — Мы ж адну справу робім. Кіраўніцтва такі настрой на працу падтрымлівае. Таму рэарганізацыі не баюся: руплівага работніка ў нас не пакрыўдзяць!

Патрэбны працавітыя работнікі

Вядома ж, у планах асаблівае месца займае намер прыцягнуць у аб’яднаную гаспадарку новых спецыялістаў і работнікаў. Яны павінны прынесці з сабой сучасныя тэхналогіі і методыкі, застацца жыць на вёсцы і падарыць ёй новае жыццё. Інакш у нас няма будучыні! Думаю, гэта рэальна і веру ў свой калектыў, які жадае працаваць на зямлі. Зразумела, жыць у час перамен няпроста, але гэта выпрабаванне па сілах людзям, улюбёным у сваю справу і адданым роднай зямлі. Такіх работнікаў, я ведаю, нямала ёсць сярод брадзецкіх і месцінскіх працаўнікоў. А разам мы рэальная сіла, якая здольна ўпісаць новыя радкі ў слаўную гісторыю роднага краю.

— Людзям трэба ўсвядоміць, што з рэарганізацыяй гаспадарак павялічваюцца не толькі аб’ём працы, але і іх даходы, узрастае адказнасць і роля кожнага работніка ў агульнай вытворчасці, — зазначае эканаміст Таццяна Нікіціна

 

*Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.
УНП 600036388.

Руплівы селянін без працы не застанецца: 2 комментария

  • 21.07.2021 в 17:00
    Permalink

    Добрый день, проблемная статья по существу Вашего комментария размещена в номере газеты 54 от 21 июля. Благодарим за интерес к нашему изданию.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -1-2

  • 26.06.2021 в 17:00
    Permalink

    А вот теперь,через пару месяцев с момента выхода статьи, можно оценить масштабы разрухи от данного «хозяйственника». Почти все работники уволены, все закрывается.

    Рейтинг комментария:Vote +1+5Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *