Каб не паўтарылася ізноў

Традыцыйна 22 сакавіка, у дзень памяці знішчанай фашыстамі вёскі Хатынь, беларусы ўспамінаюць пра спаленыя ў час акупацыі вёскі. Большасць разам з жыхарамі назаўсёды знікла з карты краіны. Мінула шмат гадоў, аднак памяць пра іх жыве ў сэрцах беларусаў і дагэтуль пякучым болем адгукаецца ў іх душах. Таму і ў Дзень Вялікай Перамогі ніхто не забудзе аб палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую фашысты ажыццяўлялі на працягу ўсяго перыяду акупацыі.

Сотні такіх трагедый адбылося за тры гады акупацыі на беларускай зямлі. Толькі ў нашым раёне гітлераўцы спалілі цалкам альбо часткова 30 вёсак. Назаўсёды зніклі з геаграфічнай карты раёна вёскі Уцешына, Клешчыцы і Тоўсціца. Былі спалены разам з жыхарамі вёскі Краснае і Баравіна. Аднак у пытанні спаленых вёсак яшчэ шмат белых плям. Сведчыць пра гэта такі факт: летам 1944 года ад рук фашыстаў гарэла і вёска Лешніца.

Аб гэтым рэдакцыі паведамілі дзве жыхаркі аграгарадка Лешніца Вера Слабко і Соф’я Піскун. Жанчыны памятаюць, як немцы, адступаючы, спалілі амаль усе дамы ў вёсцы.

Шануйце мір!

Вера Слабко часта глядзіць тэлевізар, але ваенныя фільмы не любіць. Дагэтуль страшна ўспамінаць пра вайну!

– Сёння шмат пішуць і гавораць пра спаленыя вёскі, – расказвае Вера Слабко, – а Лешніцу таксама палілі. Мы на працягу трох гадоў у поўнай меры спазналі ўсе нягоды фашысцкай акупацыі. Трэба аддаць належнае — паводзілі сябе акупанты па-рознаму. Спачатку, як толькі ўварваліся, нікога асабліва не чапалі. Толькі шукалі па дварах, чым пажывіцца. Не грэбавалі нічым! Праўда, каб зусім ціха мы жылі, сказаць нельга, бо аднойчы ў адным са склепаў немцы забілі бежанку з сям’ёй. Дарэчы, яе матуля была невідушчай! Чым яна магла нашкодзіць, дагэтуль не разумею! Ды і не даюць забыцца пра акупацыю чатыры магілы членаў сям’і Гайдукоў. Іх немцы таксама расстралялі. За што? Не ведаю!

За гады акупацыі мы, дзеці, прызвычаіліся жыць у вечным страху, бо баяліся не толькі фашыстаў, але і паліцаяў. Адзін такі кантраляваў нашу вёску, а пасля вызвалення некуды знік.

Добра памятаю, як наша вёска палала. Гэта было якраз у час, калі нашы войскі наступалі. Мы ішлі з сябрамі па вясковай вуліцы, а немцы ехалі на матацыклах і нам раз’юшана крычалі “Масква, капут!”. Некалькі дзён над Лешніцай клубіўся дым і драў горла непрыемны пах. Здавалася, што нічый будынак не ўцалее, але мы пасля налічылі чатыры амаль цэлыя, па ваенных мерках, дамы.

Вера Слабко з сынам Уладзімірам

Мінула больш за семдзясят гадоў. Мы адбудавалі свае дамы, нарадзілі дзяцей і радуемся поспехам унукаў. Нішто ўжо не нагадвае аб пажары 1944 года, але мне па-ранейшаму жудасна ўспамінаць тыя падзеі. Ды і я ў свой 91 год баюся страціць мірнае неба, бо ў свеце вельмі неспакойна. Дзіўна, што перажыўшы такую кровапралітную вайну, людзі не навучыліся цаніць мір!

Баяліся і немцаў, і паліцаяў

Соф’я Піскун і ў свае 88 гадоў на страціла ўвішнасці і энергіі. Яна клапоціцца пра катоў, садзіць агарод і рада вітаць гасцей

– Крый Божа камусьці перажыць вайну і зведаць жахі акупацыі, – працягвае размову Соф’я Піскун. – Я вайну сустрэла дзяўчынкай. І моцна баялася фашыстаў. Яны кватаравалі па суседніх дамах і рыхтавалі ежу на асобных кухнях. Былі яшчэ і паліцаі з мясцовых. Адзін з іх так карцінна падскокваў і біў бізуном па боце, што я пужалася. Яшчэ страшней было па начах, бо прыходзілі ў хаты партызаны і бандыты. Першыя ветліва прасілі ежу і адзенне, а другія штыкамі паролі столь, падлогу і ўсё навокал. Памятаю адзін выпадак. Неяк маці апранула мяне ў лепшае адзенне і выпэцкала шкіпінарам, каб начныя госці не паквапіліся на адзенне “хворага” дзіцяці.

Ды і што замоўчваць, захопнікі страшна здзекваліся над састарэлымі. Часта дзеля забавы.

Дзень, калі фашысты падпалілі нашу вёску, я добра памятаю. Тады захварэла маці і мне давялося бегчы за лекамі ў суседнюю вёску. Бягу, а паўсюдна на вуліцы ляжаць забітыя нямецкія і савецкія салдаты, трупы коней, стаіць неверагодны смурод ад крыві і дыму. Больш жудаснага малюнка за ўсё жыццё я не бачыла.

Цяжка давялося нам і пасля вайны, бо жылі, хто ў зямлянках, а хто ў склепах. Галадалі і не маглі дачакацца першай вясенняй травы. Не было і вопраткі. Будавалі дамы – куплялі лес і наймалі работнікаў, каб за бохан хлеба скласці з бярвёнаў хату – трохсценак. А яшчэ — цяжка працавалі. Я вось усё жыццё ў сельскай гаспадарцы – жывёлаводам. Нічога, на лёс і пенсію не наракаю.

Нядаўна мяне ўнучка-школьніца распытвала, як жылося ў час нямецкай акупацыі. І я сумленна ёй пра ўсё расказала. Яна была расчулена і доўга не магла супакоіцца пасля майго аповеду. Думаю, мае ўспаміны яна запомніць на ўсё жыццё. Лічу, што ўсім нам, сведкам тых ваенных падзей, трэба расказваць праўду пра вайну, каб не дапусціць яе ізноў.

Згодна з матэрыяламі ўліку насельніцтва і населеных пунктаў раёна, знішчаных у час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, ад 4 чэрвеня 1969 года, вёска Лешніца да вайны была самай шматлікай сярод 19 населеных пунктаў Бярэзінскага сельскага Савета. Тут пражывала 730 жыхароў на 146 дварах. Немцы двойчы наладжвалі тут свае пагромы, спалілі 138 двароў і 16 чалавек забілі. Аднавіць склад вяскоўцаў нават праз дваццаць гадоў пасля Перамогі лешніцкія жыхары не змаглі,бо не ўсе вярнуліся з фашысцкага палону і 55 вяскоўцаў загінулі на франтах вайны. Затое мясцовым жыхарам удалося неверагоднае: яны аднавілі практычна ўсе знішчаныя ворагам дамы. З 333, якія былі знішчаны ў сельскім Савеце, нанава пабудавалі 306. У тым ліку –131 у Лешніцы

Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *