Вайна і мір Сафіі Бародзіч-Стасевіч

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі мы з вучнямі 6 класа другой гарадской школы зазірнулі да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сафіі Бародзіч-Стасевіч, каб яшчэ раз разам перагарнуць старонкі яе жыцця.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сафія Бародзіч-Стасевіч дзеліцца ўспамінамі з вучнямі гарадской школы №2

Бабуля Соня, а ветэран любіць, калі да яе звяртаюцца менавіта так, па-сямейнаму нас сустракае. Як заўсёды, у добрым настроі. І прыгожая: парадны кіцель, на якім зіхацяць медалі. На стале Сафія Пятроўна ўжо расклала чорна-белыя фотаздымкі, кожны – “балючая” гісторыя.

Вёска Журавок

– Нарадзілася я ў далёкім 1925, – пачынае гутарку бабуля Соня. – У вёсцы Бросневічы Бялыніцкага раёна. Яшчэ да вайны, прыблізна ў 1933 годзе, нашу вёску “перасялілі”. Выдзелілі дзялянкі ў лесе. І мы самі высякалі дрэвы, узводзілі хаты – так будавалася вёска Журавок ужо нашага, Бярэзінскага раёна… Гэта справа доўжылася гады два, калі не больш. Пакуль не мелі ўласнага жылля, вялі гаспадарку ў зямлянках… І сёння я так радуюся, калі бачу па тэлевізары, чытаю ў раёнцы, як хутка, з дапамогай тэхнікі, з’яўляюцца новабудоўлі. А мы ж усё ўласнаручна…

Марыя і Пётр Бародзічы

– Пабудавалі хату, здаецца, жыццё наладзілася. Тата Пётр і матуля Марыя працавалі ў калгасе, – працягвае гутарку Сафія Пятроўна. – Нас у бацькоў было чацвёра. Старэйшы брат Іван таксама шчыраваў у калгасе. Малодшыя – Міхаіл, Сцяпан і я – былі школьнікамі.

Пётр Бародзіч

15-гадовая дзяўчынка

1940 год. Сафіі толькі 15 гадоў. І столькі планаў, мар…

– Тата мне набыў першыя ў жыцці прыгожыя туфлікі, паліто! Я так хацела іх хутчэй прымерыць. Матуля зрабіла падушкі. Ужо рыхтавалі мне пасаг на вяселле. Але ўсе планы спаліла жудасная вайна.

Літаральна праз некалькі дзён у вёсцы нечакана з’явіліся немцы і пачалі “гергетаць”, зазываць нас на свой бок, прапаноўвалі стаць паліцаямі… Былі здраднікі – некалькі чалавек падаліся ў паліцаі. Але большасць – пайшла ў партызаны.

З гэтага часу сям’я Бародзічаў шмат часу праводзіла ў лясах, хаваліся ад немцаў у балоце.

– Ішлі з бацькамі па лесе, на вазку – пажыткі, якія таксама хавалі. Пачулі “гергетанне”, спужаліся – і разбегліся хто куды. Так і засталіся на вазку мае падушкі, новенькая сукенка і паліто.

Спалілі бацьку

– Аднойчы вярнуліся з лесу і ўбачылі паліцаяў і немцаў. Тата думаў, што пройдуць міма, таму ўзяўся калоць дровы. Але адзін з немцаў мне паказаў, каб хутчэй уцякала. Маці, якая якраз вярталася ад родных, пабегла мне насустрач. Я бачыла, як немцы зацягнулі бацьку ў хату… Ужо пасля мы назіралі, як наша і жыллё брата Івана палалі агнём… Многія хаты згарэлі ў той дзень.

– Мы і да гэтага не ведаем, забілі немцы тату ці ён згарэў жывым. На наступны дзень толькі костачкі з попелу адкапалі і пахавалі… – дадае бабуля Соня. – Яшчэ раней загінуў брат Іван.

Страты

Сцяпан Стасевіч

– Дзесьці за год да пачатку вайны брата Міхаіла прызвалі ў армію. А Сцяпан толькі скончыў ваеннае вучылішча. Мы з нецярпеннем чакалі, калі яны прыедуць да нас. Каб зноў наша сям’я аб’ядналася.

Але гэтаму не наканавана было збыцца. Вайна забрала маіх братоў.

Добра памятаю той дзень, а гэта было ўжо пасля вайны, калі работнік Бярэзінскага райваенкамата прынёс афіцыйныя паведамленні. Значылася, што браты загінулі на франтах. Міхаіл – у 1942, Сцяпан – у 1943.

Партызанскі атрад

– Засталіся з маці ўдваіх, без жылля. Кватаравалі ў чужых людзей, – згадвае бабуля Соня. – Часта ў вёску наведваліся партызаны.

І я таксама хацела “партызаніць”… Неўзабаве яны паклікалі з сабой. Так апынулася ў 340-ым партызанскім атрадзе, якім камандаваў Міхаіл Каржанаў. Атрад размяшчаўся ў раёне вёскі Дулебы. У адной з зямлянак была вялікая печ, там мы пяклі хлеб, гатавалі ежу партызанам.

Нядаўна ў “Бярэзінскай панараме” прачытала, як выпускалі падпольную раёнку. Дык я і гэта памятаю. Добра ведала Івана Лескаўца, які выпускаў газету.

Доўгачаканая Перамога

– Вайна – страшэнная, жудасная, жахлівая. Яна не забываецца. Май – месяц успамінаў. Мне нават цяжка дыхаецца ў гэты час, быццам нанова перажываю гады ліхалецця, — расказвае ветэран.

– У Беразіно я вярталася з партызанамі. Ехалі цераз мост праз Бярэзіну. А там – кроў, кроў, кроў… Рака крыві. Людзі, коні, машыны – усё перамешана…

Кожны фотаздымак з альбома — гісторыя. На гэтым – браты бабулі Сафіі і яе муж

“За баявыя заслугі”, “За Перамогу над Германіяй”

– Апранаю свой парадны кіцель – і зноў вяртаюся ў тыя далёкія гады. Звіняць кулі, узрываюцца снарады, жывымі гараць людзі… –заўважае ветэран. – Не хацела б я ні гэтых медалёў, ні ўзнагарод, абы толькі – мірнае неба.

20 мая 1946

Сафія Бародзіч-Стасевіч у маладосці

Май для бабулі Соні – асаблівы месяц. Пераможны! А яшчэ – у маі 1946 яна выйшла замуж.

– Муж Сцяпан таксама ваяваў, абараняў нават Маскву. А пасля таго, “як пагналі немцаў”, вярнуўся ў Беразіно. Тут і пазнаёміліся Пабудавалі дом. Разам выхоўвалі чацвярых дзетак. Сафія Пятроўна больш за 20 гадоў адпрацавала ў лясгасе бухгалтарам, адтуль і на пенсію пайшла.

Спадчына

Слухаем бабулю Соню, дзівімся, колькі гэта жанчына выцерпела болю, пакут, колькі перажыла. Двое сыноў і дачушка заўчасна пайшлі з жыцця.

– Застаўся ў мяне толькі адзін сыночак Сяргей, які мне дапамагае. А яшчэ – 8 унукаў і 12 праўнукаў. Частыя госці – унукі Максім і Анатолій. Таксама наведваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з другой школы. Люблю з імі пагутарыць, расказваю пра ваеннае ліхалецце… Не забываецца пра мяне і сваячка, унучка, як я гавару, – Ірына Бародзіч (яе дзядуля – мой родны брат), што працуе ў школе. Дапамагае па гаспадарцы сацыяльны работнік Таццяна Грыневіч.

І ў 95 – гаспадыня

Летась, у жніўні, бабуля Соня адзначыла 95-гадовы юбілей. Але штогод садзіць агарод. У мінулым – небывала ўрадзілі гарбузы.

– Ой, дзеткі, гэта ж нядаўна пасадзіла цыбулю. Баюся, каб з-за такога халоднага надвор’я не пайшла ў “стаўбуны”, – дзеліцца перажываннямі бабуля Соня. – Хацелася б і сёлета сабраць багаты ўраджай.

Беражыце мір!

– Вайна забрала ў мяне ўсё самае дарагое: бацькоў, братоў, жыллё, мары… Таму зараз я са слязьмі на вачах гляджу на тое, што робіцца ў свеце. Не ўмеюць цаніць тое, што маюць. Страцім – не вернем жа! Жадаю кожнаму быць шчаслівым! Няхай у вас ніколі не будзе такой маладосці, як у мяне. Няхай усе вашы мары здзейсняцца! – дадала на развітанне бабуля Соня.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота з архіва гераіні матэрыялу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *