Як адчуванне пасля прышчэпкі?

Бабулі і дзядулі, якія пражываюць у аддзяленні кругласутачнага прабывання для інвалідаў Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра, аднымі з першых прайшлі вакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі.

Большасць – людзі сталага ўзросту. Пасля прышчэпкі мінула больш за месяц.

Сёння мы пацікавіліся, як самаадчуванне пажылых грамадзян, ці не праявіліся ў іх непрыемныя наступствы пасля працэдуры.

Валянціна ВАШЧАНОК:

– Шмат гадоў адпрацавала ў аптэцы. Дакладна ведаю, што неабходна клапаціцца пра здароўе. Асабліва нам, людзям пажылога ўзросту. Таму, як толькі пачалі гаварыць пра вакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі, я ведала, што пры першай магчымасці зраблю прышчэпку. І першы, і другі этапы вакцынацыі прайшлі станоўча. Пабочных эфектаў не праявілася.

Марыя ШЫК:

– Каранавірусная інфекцыя ўнесла змены ў наша прывычнае жыццё. Неабходна насіць маскі, нельга выходзіць за тэрыторыю аддзялення… Хочацца, каб хутчэй пандэмія скончылася. Таму я і прайшла вакцынацыю. Настрой бадзёры! Увогуле, я не прывыкла скардзіцца на жыццё. Радуюся кожнаму дню! Тут, у аддзяленні створаны камфортныя ўмовы для пражывання. Пра нас клапоцяцца, як пра родных. Пасля прышчэпкі некалькі разоў на дзень вымяралі тэмпературу, кантралявалі стан здароўя. Ды і прышчэпку зрабілі прама ў аддзяленні. Дзякуй за клопат медработнікам!

Ніна СУШЧЭЎСКАЯ:

– У мяне ёсць пэўныя праблемы са здароўем. Але прышчэпку перанесла добра. Пабочных эфектаў не праявілася. Крыху турбавала рука ў месцы ўколу пасля першай прышчэпкі, але хутка боль прайшоў. А пасля другой, нават месца ад уколу не змагла знайсці. Чаму вырашыла прайсці вакцынацыю? Я ўжо даволі пажылога ўзросту, і, як ведаю з інфармацыі, менавіта мы – у зоне рызыкі. А прышчэпка, як сцвярджаюць спецыялісты, – надзейная абарона ад захворвання. Ды і ад грыпу я таксама штогод вакцынуюся.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *