Вейкбордзінг у Беразіно? Так!

17 жніўня 2018 года адбылося адкрыццё WakeСamp.by. У бярэзінскай вёсцы Слабада сабраліся неабыякавыя аматары катання на водных дошках і вейкбордзінгу.

Найсучасны вейкпарк стаў сапраўдным сюрпрызам для водных экстрэмалаў і з першых дзён атрымаў славу атмасфернага і ўнікальнага месца каля штучна створанага вадаёма. Тут усё, на дзіва, нечакана і незвычайна! Уявіце сабе звычайную лясную сцежку ў хваёвым лесе з водарам і пахам раслін, здаецца, яна ніколі не скончыцца і будзе бясконца дарыць прахалоду ад мясцовай ракі. Аднак не – у рэшце рэшт аўтамабіль упіраецца ў металічную агароджу, а за ёй… – возера незвычайнай прыгажосці. Праўда, глыбіня яго невялікая: можна пабачыць дно. Ды і колер вады не такі, як у ракі. І прама з вады выступаюць спартыўныя збудаванні. У шчырым захапленні ад воднай прасторы толькі праз некалькі хвілін заўважаеш камфортную зону адпачынку. Тут можна стаяць гадзінамі і назіраць за ўсім, што адбываецца навокал на вадзе. А можна правесці вольны час з сябрамі ці з сям’ёй прыгатаваць шашлыкі.

Вейкпарк у Слабадзе знаходзіцца за 90 кіламетраў ад сталіцы. Усяго 50 хвілін язды па хуткаснай трасе – і перад вамі паўстане вадаём даўжынёй 100 і шырынёй 30 метраў, абсталяваны спартыўнымі фігурамі, на якіх з задавальненнем можна катацца і трэніравацца. Асабліва прыемна катацца на заходзе сонейка. Дух займае ад зараду адрэналіну і хараства хваёвага лесу ў сонечных промнях і воднай прасторы

Вейккемп

Аднак не толькі за камфортным адпачынкам на прыродзе сюды спяшаюцца спартыўная моладзь і аматары актыўнага ладу жыцця з ліку людзей сталага ўзросту. Усе яны едуць у Слабаду, каб асвоіць новы экстрэмальны від спорту – вейкбордзінг і навучыцца катацца, як сапраўдныя райдары. Навучыцца гэтаму, лічаць работнікі вейкпарка, даволі проста. І калі вы станеце на дошку, вас будзе не спыніць! Ды і зарад станоўчых эмоцый, адрэналіну і ўражанняў забяспечаны. І аматараў пахудзення новы від спорту не расчаруе, бо яны непрыкметна для сябе развітаюцца назаўсёды з некалькімі лішнімі кілаграмамі.

У вейкпарку ўсё ўнікальнае і арыгінальнае. І надзвычай прыгожыя віды на вадаём. Убачыўшы аднойчы – не забудзеш ніколі

Вейклагер актыўна праводзіў набор на навучанне з трэнерам Германам Беляковым. Ён – майстар спорту міжнароднага класа па водналыжным спорце, неаднаразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету. Аднак спартыўная моладзь не любіць пералічваць яго рэгаліі, але адзначае, што ён самы круты райдар. Валодае Герман і ўменнем тлумачыць тэорыю трукаў. Узровень катання можа быць любым, галоўнае, каб было жаданне яго павялічваць. Таму ў вейкпарку заўсёды рады бачыць як навічкоў, так і вопытных райдараў. Тут для ўсіх раздолле і камфорт – ад утульных сучасных домікаў з усімі выгодамі ў скандынаўскім стылі, батутная зона, дзе таксама атрымаеш порцыю адрэналіну, да пракату квадрацыклаў і горных веласіпедаў.

Што такое вейкбордзінг?

Вейкбордзінг – адна з самых папулярных і экстрэмальных забаў на вадзе. Яна ўяўляе сабой катанне на асаблівай дошцы па воднай прасторы за катарам альбо на лябёдцы, трымаючыся за фал. Гэта відовішчны від спорту. У час руху спартсмен робіць скокі, пераварочваецца ў паветры і выконвае элементы слалама.

Спецыялісты рэкамендуюць навучацца вейкбордзінгу ў вейкпарках з інструктарамі, дзе прафесіяналы падбяруць патрэбную экіпіроўку. Звычайна трэніроўкі пачынаюцца з навучання рухам па воднай прасторы, каб была магчымасць прывыкнуць да вейкборду і навучыцца затым больш складаным элементам. Выконваць скокі і слізганне па фігурах у парку на першым часе вельмі траўманебяспечна, таму загадзя трэба паклапаціцца пра бяспеку. Не забывайцеся пра выратавальную камізэльку і шлем, бо падзенняў не пазбегнуць.

Ад ІТ-тэхналогій да вейкмайстэрства

Дык хто ж стваральнік і ўладальнік незвычайнага спартыўнага аб’екта ў бярэзінскай глыбінцы? Як ні дзіўна, гэта паспяховы супрацоўнік ІТ-індустрыі, які працуе дыстанцыйна, клапатлівы муж, бацька траіх дзяцей і заўзяты прыхільнік вейкбордзінгу – Ігар.

Ігар пакуль сумяшчае працу ў ІТ-індустрыі і сямейным спартыўным бізнесе. Мужчына гатовы з ахвотай падзяліцца сакрэтамі катання па воднай прасторы. – Вядома ж, наш бізнес разлічаны на канкрэтную аўдыторыю і людзей з сярэднім дастаткам, – заўважае Ігар, – аднак, напэўна, з цягам часу можа стаць і больш даступным

– У мяне як у айцішніка, які вымушаны гадзінамі сядзець крукам за “компам”, назбіралася нямала болек, ды і лішнюю вагу, вядома ж, набраў, – прызнаецца мужчына. – Калі ўпершыню праімчаў на “вейпе”, выпадкова толькі “знайшоў” на шыі некалькі дагэтуль невядомых груп мышцаў. А цяпер за сезон з красавіка па кастрычнік скідваю да 14 кілаграмаў лішняй вагі!

Ігар родам з горада Баранавічы. Яшчэ ў школе меў славу таленавітага інфарматыка, бо стаў уладальнікам дыплома І ступені па гэтай дысцыпліне. Іншага выбару не было. Перамога дазволіла без экзаменаў паступіць ва ўніверсітэт. Працаваць стаў пасля вяселля ўжо на другім курсе і пэўны час шчыраваў зранку да вечара на некалькі фірм, меў добры даход.

Абавязкова возьме ў палон зона адпачынку. Тут адначасова могуць праводзіць час некалькі маладзёжных кампаній

– Аднак чагосьці ўсё ж такі нам у жыцці з жонкай не хапала. І аднойчы вырашылі заняцца агратурызмам, – гаворыць Ігар. – Ды толькі ідэя звычайнай сялянскай пабудовы ніяк не задавальняла. Хацелася, каб было нешта новае, незвычайнае і нават экстрэмальнае. Вось і спынілі выбар на вейкпарку. Месца шукалі доўга, вызначыліся толькі ў Слабадзе.

– Мы з першага позірку літаральна ўлюбіліся ў гэты чароўны некрануты цывілізацыяй куток, – удакладніў мужчына, – рэльеф якога надзвычай падыходзіў для будаўніцтва штучнага вадаёма.

Падрыхтоўка праекта, работы вяліся амаль два гады, ды і сёння ў вейкпарку шчыруюць будаўнікі.

– Наша знаходка хутка набыла папулярнасць сярод спартыўнай моладзі, якой па душы экстрэмальны і актыўны адпачынак, – тлумачыць Ігар. – Ды і ёсць аматары воднага экстрыму ва ўзросце 50+. Мы ўжо распісаны на два месяцы наперад. Вядома ж, большасць са сталіцы, але ёсць заказчыкі і з Беразіно.

Бізнес забірае шмат вольнага часу і сродкаў у шматдзетнай сям’і. Аднак Ігар не наракае, новы від спорту становіцца ўсё больш і больш папулярным. А перспектыва знаходзіць драйв на радзіме надзейна прапісваецца ў Беларусі.

– Новая справа нам усім падабаецца. Старэйшая дачка ўжо цікавіцца сямейным захапленнем, – зазначае мужчына. – Значыць, наперадзе чакае развіццё.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *