Спартыўных спраў героі

У сваё прафесійнае свята ў Бярэзінскай гімназіі сабраліся работнікі фізічнай культуры, спорту і ветэраны галіны на ўрачыстае ўшанаванне.

Васілій Пашкевіч, Мікалай Сцяпанаў, Браніслаў Трусевіч цяпер на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму знаходзяцца ў непарыўнай сувязі са спортам. За гэта ім шчыра дзякавала Алеся Цітова

Перамогі і рэкорды, каманднае першынство і запамінальныя фінішы – усё гэта дэманструюць і нашы землякі-спартсмены. Суаўтарамі медалёў разам з іх уладальнікамі з’яўляюцца і трэнеры. Але не толькі спорт высокіх дасягненняў падуладны прадстаўнікам гэтай прафесіі. Яны яшчэ і настаўнікі фізічнай культуры, клапоцяцца, каб падрастаючае пакаленне было здаровым, спрытным, дужым, загартаваным.

Першай са словамі віншаванняў работнікаў фізічнай культуры, спорту і ветэранаў галіны вітала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова:

– Прафесійнае свята – выдатная нагода ўзгадаць нашых слаўных выкладчыкаў фізічнай культуры і трэнераў, чыімі намаганнямі мацуецца здароўе нашых дзяцей, вядзецца прапаганда здаровага ладу жыцця, услаўляецца спартыўны гонар раёна.

Вядома ж, што прыйшла Алеся Аляксееўна не з пустымі рукамі, а з ганаровымі граматамі і падзякамі ад райвыканкама. Іх атрымалі выкладчыца англійскай мовы ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно” Вікторыя Хвашчынская, выкладчыца фізічнай культуры і спорту ДУА “Бярэзінская гімназія” Марына Аскірка, выкладчык фізічнай культуры і спорту ДУА “Лешніцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Іван Міхалёў, педагогі дадатковай адукацыі ДУА “Турыстычны цэнтр “Юнацтва” Міхаіл Сынкоў і Віталій Пянкрат, вядучы спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ірына Зябко, намеснік дырэктара і інструктар-метадыст раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Таццяна Булойчык і Наталля Палянская, выкладчыца англійскай мовы ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно” Вольга Даніловіч, выкладчыца фізічнай культуры і спорту ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно” Таццяна Андрыевіч, настаўнік-дэфектолаг ДУА “Яслі-сад № 4 г. Беразіно” Аксана Баранава, педагогарганізатар ДУА “Турыстычны цэнтр “Юнацтва” Вольга Буцікава, настаўніца інфарматыкі ДУА “Дзмітравіцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Таццяна Вернікоўская і інструктар-метадыст ДУА “Фізкультурна-здараўленчы цэнтр “Лазурный” Віялета Жаўронак.

– Не трэба здзіўляцца, што сёння мы ўшаноўваем не толькі выкладчыкаў фізкультуры, – тлумачыла Алеся Цітова, але і лінгвістаў, і інфарматыкаў. Бо яны здолелі вывесці каманду ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме на лідзіруючыя пазіцыі ў абласной спартакіядзе.

Марына Аскірка – выкладчыца фізічнай культуры і спорту Бярэзінскай гімназіі. Тут яна працуе першы год, але ўжо здолела дастойна абараніць гонар роднай установы на раённых спаборніцтвах па лыжных гонках і лёгкаатлетычным прабегу. Тут яна фінішавала першай!

Не засталіся без падарункаў і ветэраны фізічнай культуры і спорту. А для ўсіх удзельнікаў свята гучалі песні ў выкананні гімназістаў і шчырыя апладысменты.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *