Турзлёты, марафоны і вышыўка

Турзлёты, марафоны і вышыўка Чарговы герой нашага праекта – Павел Картэль. Упэўнены, гэтага маладога, жыццярадаснага, абаяльнага хлопца ў Беразіно, ды і не толькі, ведаюць многія. Самы час пазнаёміцца з ім бліжэй!

– Не адчайвацца, не падаць духам, не замыкацца ў сабе. І нават калі ёсць праблемы са здароўем, не сядзець у чатырох сценах, выходзіць у свет, – раіць Павел Картэль. – Рухацца толькі наперад. Жыццё працягваецца. І наша шчасце – у нашых руках!

Максімка

Павел з нецярпеннем чакае летніх канікул. Прыедзе на ўвесь адпачынак любімы сынок Максімка.

– У нас ужо такая традыцыя: усе канікулы праводзіць разам. І абавязкова актыўна: падарожнічаем, ездзім у цырк, заапарк, на атракцыёны, ходзім на рыбалку, у басейн… Ён у мяне ну вельмі актыўны: не дае сумаваць. Шчыра прызнаюся, напэўна дзякуючы сыну, пасля траўмы я змог вярнуцца да жыцця! Яму ж патрэбен тата: моцны, упэўнены, усмешлівы, актыўны і жыццярадасны. Таму тады, дзевяць гадоў назад, я сабраў усе сілы – і зноў пачаў радавацца жыццю, як гэта складана ні было б. Я павінен быць прыкладам для сына. Таму ўсе перамогі, спартыўныя, жыццёвыя, прысвячаю Максіму. Таксама надзейная апора – бацькі Ала і Алег. Яны заўсёды падтрымліваюць, за што ім вялікі дзякуй. Без іх, сына не змог бы справіцца, пачаць жыць па-новаму, знайсці сябе! – заўважае хлопец.

– Надзейная падтрымка, апора – бацькі і сын, – дадае Павел

“Калі ёсць Картэль — усе медалі яго!”

– Пасля траўмы доўга не мог адважыцца выязджаць з дома. З чатырох сцен мяне літаральна “выпхнуў” інвалід-калясачнік Іван Кацегаў. Ён наведаў мяне аднойчы і з парога ашаламіў: “Хопіць сябе шкадаваць – збірайся на рэспубліканскія спаборніцтвы. Трэніруйся – паедзем праз месяц!” – згадвае Павел. – Выбару ў мяне не было. Проста стала сорамна яму адмаўляць: мужчына, старэйшы за мяне, моцны духам.

І сёння – бясконца ўдзячны Івану, што “выцягнуў” з дома. Паехалі. І пасля спаборніцтваў вярнуўся зусім іншым чалавекам – зноў акрыляў. Пазнаёміўся з такімі ж, як сам, інвалідамі-калясачнікамі. Мяне здзівіла: яны былі шчаслівыя, усмешлівыя, актыўныя і жыццярадасныя! Захацелася стаць падобным да іх. Тады, як ні дзіўна, заняў два трэція месцы. А быў я такі слабенькі, кволы…

І сёння Павел з задавальненнем прымае ўдзел у спаборніцтвах абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў і… перамагае! Неаднойчы іншыя ўдзельнікі, бачачы, што прыехаў наспаборніцтвы Павел, заўважаюць з усмешкай: “Калі Картэль тут – усе медалі яго!”

– Бегаю марафоны, страляю з лука (даволі трапна – ёсць некалькі медалёў за перамогу!), займаюся мнагаборствам, дартсам і рэгбі на калясках.

Рэгбі – гэта тры ў адным: баскетбол, хакей і футбол. Відовішчна, але вельмі траўманебяспечна! Каляска не гарантуе
абарону ад сутыкненняў і падзенняў… Зваліўся – вяртайся назад і зноў уступай у гульню. Толькі так можна чагосьці дамагчыся, і не толькі ў спорце – у жыцці таксама, – дадае Павел.

Удзельнічае хлопец і ў рэспубліканскіх турыстычных злётах.

– Звычайна яны праходзяць два дні. Там таксама спаборніцтвы: стральба з вінтоўкі, дартс, танцы… Весела! Бліжэйшы – дзесьці ў чэрвені. Ужо рыхтуюся!

Інструктар

Лета – насычаны час для Паўла. Ён, як аказалася, працуе інструктарам у лагеры актыўнай рэабілітацыі.

– Туды прыязджаюць калясачнікі: дарослыя, дзеці, якія 5, 10 і нават 20 гадоў баяліся выйсці з дома. І вось, нарэшце, нейкім цудам выбраліся са сваіх “коканаў”. Яны шмат чаго не ведаюць, не ўмеюць з’язджаць з бардзюраў, плаўна спусціцца і падняцца па пандусе. Самае страшнае, што за гады сядзення ў чатырох сценах яны развучыліся свабодна размаўляць, радавацца жыццю. Разам з іншымі інструктарамі-калясачнікамі навучаем іх гэтаму. Прыемна бачыць, як у пачатку змены прыязджае закамплексаваны падлетак, а ад’язджае ўпэўнены ў сабе малады чалавек, – заўважае Павел. – Таму мая парада: калі маеце праблемы са здароўем, не замыкайцеся ў сабе, часцей выходзьце ў свет! Толькі перамагаючы сябе, мы можам чагосьці дасягнуць.

Вышыўка

Неяк, зазірнуўшы ў цэнтр рамёстваў, звярнула ўвагу на карціны, вышытыя крыжыкам. Яны вабілі “цеплынёй”, яркасцю і незвычайнасцю. Была здзіўлена, калі заўважыла подпіс: Павел Картэль. Як? Няўжо мужчына можа вышываць такую прыгажосць?!

– Пасля траўмы рукі таксама слаба слухаліся. І мне патрэбна было развіваць дробную маторыку, – расказвае Павел. – Таму і вырашыў заняцца вышываннем. Дапамагла, навучыла, падказала бабуля Кацярына. Складана? Уявіце сабе: спачатку нават з цяжкасцю трымаў іголку і нітку. Не выходзіла, злаваўся… Кідаў – зноў пачынаў! І калі атрымалася, было такое шчасце, быццам маленькая перамога над сабой. Зараз з лёгкасцю вышываю. Здаецца, атрымліваецца няблага.

Дома ў Паўла на сценах таксама шмат карцін. Сюжэты розныя: пейзажы, славутасці таго альбо іншага горада, кветкі…

– Вышываю ўсё, што спадабаецца. Для мяне галоўнае, каб карціна была “жывой”, – заўважае Павел. – Як? Каб як мага менш былі бачны “крыжыкі”, ніткі не выдзяляліся, а пераходы былі плаўнымі.

Як аказалася, карціны Паўла неаднаразова прымалі ўдзел у розных выставах.

– Нават “выстаўляўся” адзін год на Славянскім базары ў Віцебску (дарэчы, юбілейны 30 фестываль пройдзе сёлета з 14 па 19 ліпеня).

Быў і на фестывалі майстроў у Гродна, у Мінску, – расказвае хлопец. – Адным словам, не ўяўляю сябе без актыўнага ладу жыцця.

Безбар’ернае асяроддзе

Павел кожны дзень па горадзе “намотвае” на калясцы не адзін дзясятак кіламетраў. Цікаўлюся, як, на яго думку, развіваецца безбар’ерка ў нашым горадзе.

– Шмат падарожнічаю – ёсць з чым параўнаць. І мяне радуе, што ў Беразіно назіраецца паступовае развіццё. У горадзе яшчэ сустракаюцца тратуары з завышанымі бардзюрамі, але іх не так і шмат. Жыву я ў канцы Мінскай: кожны дзень дабіраюся на працу ў цэнтр.

А гэта прыблізна тры кіламетры ў адзін бок. Без праблем магу трапіць у райвыканкам, банкі, на пошту, у раённы цэнтр культуры, магазіны (акрамя філіяла аблспажыўтаварыства), што абсталяваны пандусамі.

Спорт

Нядаўна сябры, нераўнадушныя бярэзінцы падарылі Паўлу электрапрыстаўку для інваліднай каляскі. Але заўважаю, што хлопец не заўсёды ёй карыстаецца.

– Шчыры дзякуй усім, хто дапамог ажыццявіць мару. Электрапрыстаўка – цудоўная. Езджу зараз, быццам на скутары. Але патрэбна ж падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме. Каб не набраць масу цела, не аслаблі мышцы, – часцей “кручу” звычайную каляску. Ды і рыхтуюся да спаборніцтваў, таму патрэбны фізічныя нагрузкі.

Павел кожны дзень займаецца спортам. Дома ёсць неабходныя трэнажоры. Да прыкладу, для імітацыі хадзьбы.

– І сам распрацоўваю практыкаванні, – заўважае малады чалавек. – Таксама хаджу ў басейн. Раблю ўсё магчымае, каб мышцы не атрафіраваліся!

Нядаўна сябры, неабыякавыя бярэзінцы падарылі Паўлу электрапрыстаўку

Каляска – не перашкода

Павел, сапраўды, вельмі адкрыты малады чалавек. І актыўны! Ходзіць у кіно, кафэ, можа на рыбалку паехаць на некалькі дзён з начлегам, на маторцы пакатацца…

– А чаму б і не?! У мяне шмат знаёмых. Любім праводзіць актыўна час разам. І тое, што я на калясцы, – не перашкода. Як адносяцца староннія людзі, калі бачаць мяне на калясцы? Іншы раз, да прыкладу, еду, спыняюся, крыху адпачываю – прапануюць нават дапамогу. Але звычайна адмаўляюся: разлічваю на свае сілы! Увогуле, пераканаўся, што добрых людзей значна больш. Галоўнае, бачыць у іншых толькі пазітыўнае і добрае.

Пясочны гадзіннік

У Паўла некалькі яркіх татуіровак.

– Усе зрабіў пасля траўмы. Іх пакуль 8, – дадае хлопец. – Але, магчыма, хутка з’явяцца і новыя. Эскізы малюю сам. Што абазначаюць?! Да прыкладу, на шыі – пясочны гадзіннік. Ён нагадвае пра тое, што час не бязмежны. Таму кожную хвіліну жыцця неабходна выкарыстоўваць па максімуме!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара і з архіва героя матэрыялу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *