Папярэдзьце інфекцыю – зрабіце прышчэпку!

Папярэдзьце інфекцыю – зрабіце прышчэпку!

Масавая вакцынацыя ў Бярэзінскім раёне працягваецца.

Рабіць прышчэпку або не, кожны вырашае сам. Але ўсё больш людзей выбіраюць вакцынацыю. Ужо каля двух тысяч бярэзінцаў зрабілі прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі. Вядома, многія асцерагаюцца пабочных эфектаў, іншыя перахварэлі і маюць імунітэт, трэція чакаюць: а раптам вірус знікне?

На самыя актуальныя, “вострыя ” пытанні па вакцынацыі адказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вадзім Буйніцкі.

— Шмат хто цікавіцца, чаму ад грыпу заўсёды атрымлівалі адну дозу вакцыны, а ад каранавіруса ўводзяць дзве?

— Другая доза вакцыны патрэбна, каб замацаваць эфект і сфарміраваць больш ўстойлівы імунітэт. Рабіць  другую прышчэпку  трэба абавязкова. Многія думаюць, што хопіць адной! Гэта не так! Калі не зрабіць другую прышчэпку чалавек ставіць пад удар сваё здароўе і фактычна зводзіць на нішто эфектыўнасць першай дозы. Пасля пападання ў арганізм антыгенаў бактэрый або вірусаў, якія змяшчаюцца ў вакцынах, наша імунная сістэма рэагуе на іх, як на «візітную картку» інфекцыі. Ужо пасля першай дозы пачынаюць выпрацоўвацца антыцелы, якія фарміруюць імунітэт. Той самы, які вызначаецца наяўнасцю імунаглабулінаў IgM і IgG. Пасля першай дозы ён няўстойлівы і непрацяглы, яго хапае на 2-3 месяцы. Таму для замацавання поспеху неабходна другая доза вакцыны, дзякуючы якой фарміруецца ўжо Т-клеткавы імунітэт, ці так званыя клеткі памяці. Менавіта яны забяспечваюць надзейную абарону ад інфекцыі.

 — Ці патрэбна перад працэдурай здаваць аналіз на антыцелы да каранавірусу.  Можа, чалавек ужо бессімптомна перахварэў і антыцелы выпрацаваліся?

—  Абследаванне на антыцелы  перад вакцынацыяй не патрэбна. Выкарыстоўваемыя тэст-сістэмы з’яўляюцца дыягнастычнымі, паказваюць наяўнасць або адсутнасць у арганізме чалавека тых ці іншых імунаглабулінаў (М або G), але не іх колькасць.

— Праз колькі часу можна рабіць прышчэпку, калі хварэў каранавіруснай інфекцыяй?

— Пытанне аб якасці і працягласці імунітэту пасля перанесенай у той ці іншай форме каранаваруснай інфекцыі яшчэ мала вывучаны. Нярэдкія выпадкі паўторнага заражэння вірусам COVID-19 сярод тых, хто перахварэў. У той жа час шэраг праведзеных медыцынскіх даследаванняў паказаў, што ў тых, хто перанёс каранавірус, колькасць антыцел істотна зніжаецца праз 4-5 месяцаў пасля хваробы. Таму прышчэпку ў гэтым выпадку трэба планаваць прыкладна праз 3-6 месяцаў пасля апошняга эпізоду захворвання.

— Да прыкладу, жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, корміць немаўля грудзьмі. Ці можна рабіць прышчэпку?

— Цяжарнасць і перыяд груднога кармлення з’яўляюцца супрацьпаказаннямі да вакцынацыі. Варта запланаваць вакцынацыю на той час, калі спыніце грудное кармленне.

— Як вакцына дзейнічае на пажылых? Ці небяспечная прышчэпка, да прыкладу, у 80 гадоў?

— Першапачаткова вакцынай “Гам-КОВИД- Вак”  маглі прышчапіцца людзі ад 18 да 60 гадоў. Пасля дадатковых клінічных даследаванняў вакцына была адобрана для прымянення і для асоб ва ўзросце 60+. Даследаванні паказалі, што людзі старэй за 60 гадоў пераносяць вакцынацыю гэтак жа, як і больш маладыя. Пабочныя рэакцыі (мясцовыя ці агульныя) могуць развіцца ў прышчэпленага любога ўзросту. Усё залежыць у большай меры ад індывідуальных асаблівасцей арганізма канкрэтнага чалавека.

— Якая верагоднасць захварэць каранавірусам, калі ўжо зрабіў прышчэпку? Колькі часу захоўваецца імунітэт?

— У цяперашні час паказчыкі пасляпрышчэпаннага імунітэту (у першую чаргу яго працягласць) вывучаны яшчэ менш, чым паказчыкі імунітэту пасля перанесенай інфекцыі. Бо вакцыны пачалі прымяняцца зусім нядаўна і каб вывучыць іх дзеянне цалкам, патрэбен час. Але вытворцы вакцыны, грунтуючыся на вопыце прымянення вакцын, вырабленых па аналагічнай тэхналогіі, прагназуюць захаванне пасляпрышчэпаннага імунітэту ад каранавіруса да двух гадоў.

Памятайце, на дадзены момант вакцынацыя — самы дзейсны спосаб абароны ад каранавіруса. І прышчэпка — неабходная мера клопату пра сваё здароўе і здароўе блізкіх. Памятайце пра гэта, і рабіце прышчэпку своечасова.

 

Інфармацыю па вакцынацыі можна атрымаць у загадчыка паліклінікі райбальніцы па тэлефоне 69626, у эпідэміёлагаў — па тэлефоне 65594.

 

Юлія БУКЕЛЬ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *