85-годдзе адзначыла жыхарка вёскі Якшыцы Таццяна Паляшчук

Таццяна Паляшчук – адна з нямногіх жыхарак вёскі Якшыцы, якая трымае карову. Ёсць на падворку ў руплівай гаспадыні таксама парсюк і чародка курэй. І гэта нягледзячы на тое, што Таццяна Сяргееўна сёлета ў верасні адзначыла сваё 85-годдзе! Але ўпраўляцца па гаспадарцы матулі дапамагаюць сын і дачка, якія жывуць з ёй пад адным дахам.

Таццяна Паляшчук прымае віншаванні з 85-годдзем ад старшыні раённага савета ветэранаў М. Абазовіка і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК М. Каўзуновіч

Трэба аддаць належнае і самой Т.С. Паляшчук. Яна не па ўзросце рухавая, лёгкая на пад’ём, мае добры слых і цудоўную памяць. А захавалася ў ёй нямала за многія дзесяцігоддзі, якія, па словах жанчыны, прамільгнулі як адно імгненне. Большасць тых успамінаў – яркія, насычаныя падзеямі, толькі ў пераважнай большасці маларадасныя. Адлік ім пачынае Вялікая Айчынная вайна, якую наша гераіня сустрэла шасцігадовай дзяўчынкай і як роўная з дарослымі пераносіла цяжар гадоў акупацыі. Першай ахвярай новага крывавага рэжыму для сям’і стала гібель дзядулі, якога расстралялі немцы. А колькі давялося нацярпецца, асабліва ў час карных аперацый, хаваючыся па лясах, балотах і іншых вёсках ад праследавання ворага з-за таго, што бацька пайшоў у партызаны. Не на многа радасней стала жыццё пасля вызвалення роднай зямлі, бо ў самым канцы вайны памірае маці. Вялікай радасцю стала вяртанне з фронту бацькі, які з баямі прайшоў аж да Одэра і цудам уцалеў пры пераправе цераз гэтую раку. Тады з траіх чалавек, якія плылі ў лодцы, толькі бацьку абмінулі варожыя кулі, другі яго сябар быў забіты, а трэцяга, параненага, з важнымі паперамі для іншых байцоў, ён на сабе дацягнуў да нашых акопаў. Як потым расказваў, дапамагла яму ў тую суровую гадзіну і выратавала ад смерці малітва. Тая вера ў Бога перадалася і дачцэ. Менавіта ён, Усявышні, і дапамагае ёй у жыцці, вядзе яе і дорыць здароўе. У гэтым бачыць Таццяна Сяргееўна і сакрэт свайго даўгалецця. Большая ж частка яе жыцця прайшла на роднай зямлі ў працы на карысць тагачаснага мясцовага калгаса “Перамога”. Шмат гадоў была нязменнай даяркай.
— Цяжка было працаваць, — расказвае жанчына. – Калі я прыйшла на ферму, усе работы там вяліся ўручную, у тым ліку і сама дойка. Да таго, што зараз яна аўтаматызавана, стаўлюся адмоўна: губляецца сувязь паміж даяркай і каровай, чалавечнасць і пяшчота, з якімі мы падыходзілі да кожнай рагулі. І тыя шчодра дзячылі нам сапраўды вялікім малаком. Памыеш вымя, зробіш масаж, а калі доіш, адчуваеш, ці засталося малако ў каровы, ці поўнасцю яна выдаілася.

Перыяд маладосці — незабыўныя пяцідзясятыя

Т.С. Паляшчук (крайняя злева) разам з сяброўкамі

А якая б дасканалая тэхніка не была, не заменіць яна чалавека, як ні круці.
Па словах жанчыны, у тыя часы ў гаспадарцы меўся вялікі статак. Толькі на іх якшыцкай ферме налічвалася 27 даярак. Кароў даілі двойчы ў суткі, а летам, у час пашавага ўтрымання, здаралася — і па тры разы, прычым нават прама ў полі. Шмат было малака, і гэта радавала даярак, хаця і прыносіла нямала дадатковай працы, бо малако трэба было спачатку разліць па бідонах, а потым папераносіць іх і пераліць надоенае ў халадзільнік. І гэта ўсё ўручную! Уручную ж раздаваліся і кармы. Ды і падкормку з поля да хлявоў, а потым па кароўніках таксама раздавалі даяркі. Вольнага часу на працягу дня было зусім нямнога, каб управіцца з дамашнімі справамі, дагледзець свой падворак і ўласную жывёлу, займацца выхаваннем дзяцей. Пералічаныя клопаты цалкам клаліся на плечы Таццяны Сяргееўны, бо большую частку свайго жыцця правяла яна без мужа пасля не вельмі ўдалага шлюбу. Дарэчы, матулінай сцежкай у плане выбару справы жыцця пайшла і яе дачка Ганна, якая таксама доўгі час працавала ў калгасе даяркай.
Стараннасць у працы, сціпласць у характары, чалавечнасць у паводзінах заўсёды вызначалі Т.С. Паляшчук. Таму, відаць, невыпадкова і была адзначана яна за сваю працавітасць і высокія вытворчыя па-казчыкі ордэнам “Знак Пашаны”.
Шмат часу прайшло з таго памятнага 1973 года. Таццяна Сяргееўна даўно на пенсіі. Можна было б, здаецца, поўнасцю прысвяціць сябе заслужанаму шматгадовай працай адпачынку. Толькі не ў характары жанчыны сядзець без спраў. Нават у дзень юбілею знайшоўся занятак: трэба было пераараць агарод пасля ўборкі бульбы. Жыццё ж працягваецца. І будзе яно багатым і насычаным толькі тады, калі будзе поўніцца клопатамі, працай, заняткамі. Такая ў чалавека прырода.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *