Аўтарская калонка Міланы ТРАПЯНОК

Пачну здалёк. Нядаўна ўзыходзячая маладая зорка беларускага біятлону Дзінара Алімбекава ў ходзе масстарту шмат разоў настраляла ў “малако” і фінішавала апошняй. Навіна гэта некалькі гадзін была ў рэйтынгу тэрміновых паведамленняў на розных сайтах. Нехта спачуваў дзяўчыне, другія падтрымлівалі і жадалі не адчайвацца і верыць у лепшае. Але і знайшліся сярод аўтараў каментарыяў і тыя, хто адкрыта і бурна злараднічаў.

І тычылася гэта далёка не тэмы спорту, а таго факта, што Дзінара Алімбекава ў ліку многіх спартсменаў падпісала ліст у падтрымку “дзеючага рэжыму”. Брудных і непрыемных слоў нават пра боскую кару ў адрас дзяўчыны напісана было зашмат. Ды і нехта ўмудрыўся параўнаць яе з нашай біятланісткай Ганнай Сола, якая не падпісала гэты ліст. Ад злых каментарыяў сэрца сціскалася і ў скронях біла адна думка: Дзінара Алімбекава і Ганна Сола — члены адной біятлоннай каманды, дзе ад поспеху і няўдачы кожнай залежыць агульная перамога. Няўжо зласліўцы не зычаць сваёй нацыянальнай зборнай поспеху, няўжо прагнуць і там пасяліць раскол?

Навіна пра няўдачу біятланісткі ўсяго на некалькі гадзін адцягнула ўвагу ад іншага паведамлення. На мінулым тыдні ў нашай краіны канчаткова забралі права праводзіць гульні Чэмпіянату свету па хакеі вясной гэтага года. Навіна ў адзін момант абурыла ўсё нацыянальнае грамадства. Ды і як жа інакш! Размовы вяліся не адзін месяц і вось у рэшце рэшт прынята рашэнне з улікам няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі і палітычнай нестабільнасці ў нашай краіне. Непрыемная навіна, якая ўскалыхнула беларускае грамадства, ледзь не згубілася сярод стракатых паведамленняў аб “унікальнай” ваенізаванай інаўгурацыі 46-га прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэна, дэманстрацый і пікетаў супраць лакдаўнаў з-за абмежаванняў падчас пандэміі ў Еўропе і маштабных анонсах спаборніцтваў у свеце. Нават дзіўна, чаму доўгачаканае хакейнае свята было адменена толькі ў нашай краіне?

Адказ на гэта пытанне знайшоўся вельмі хутка, і далі яго тыя, хто ўжо не адзін месяц выступаў з сусветных пляцовак. Апазіцыя палічыла гэта сваёй уласнай перамогай і гучна рапартавала аб гэтым усяму свету. У ліку “пераможцаў” і былыя беларускія спартсмены, якія, не хаваючы радасці і эмоцый, падтрымліваюць рашэнне федэрацыі. Асабліва трэба вызначыць у натоўпе Аляксандру Герасіменю, якую беларусы ў свой час ласкава за перамогі ў плаванні называлі “залатой рыбкай”. Яна і сапраўды была такой, бо не раз на спаборніцтвах гучаў беларускі гімн і ўзнімаўся дзяржаўны сцяг, не баялася яна і ўголас падтрымаць учынак члена беларускай дэлегацыі, які вынес на цырымонію адкрыцця алімпіяды забаронены тады расійскі сцяг. За такую адкрытасць і шчырасць беларусы даравалі Аляксандры і допінгавую гісторыю, і няўдалыя заплывы, і ніколі не лічылі выгоды, якія яна атрымлівала за перамогі. Аднак сёння спартсменка ўспамінаць былое не хоча, як і не жадае дбаць пра інтарэсы калег.

Чаго вартая такая пазіцыя, вядома. Беларускія спартсмены страцілі магчымасць выступаць на сваёй пляцоўцы і вітаць у сябе зорак сусветнага маштабу, а тыя, у сваю чаргу, — пабачыць нашу прыгожую і гасцінную краіну, пазнаёміцца з самабытнай культурай і нашымі людзьмі. Не перадаць словамі і крыўду балельшчыкаў, якія планавалі гэтай вясной атрымаць сапраўднае задавальненне ад спартыўнага свята. Ды што цяпер страты балельшчыкаў, калі цэлае пакаленне юных аматараў хакею ўжо не зможа на свае вочы пабачыць сапраўдныя спартыўныя баталіі і павучыцца майстэрству ў вядучых хакеістаў свету, бо спартыўная сетка вядучых сусветных спаборніцтваў распісана не на гады, а на дзесяцігоддзі. Няўжо спартсмены апазіцыйнага блоку гэтага не ведаюць?

На жаль, “змагарам” няма справы да дзяцей і чужых страт, у іх іншыя, куды больш глабальныя задачы, і няма часу на сантыменты, бо трэба яшчэ забараніць беларускаму тэлебачанню трансліраваць вакальны конкурс “Еўрабачанне”, дапамагчы разарваць кантракт “Беларуськалія” з нарвежскімі гарнякамі, увесці новыя эканамічныя санкцыі, ды і яшчэ шмат разоў нашкодзіць сваім людзям і краіне. Наіўныя, яны нават не задумваюцца аб наступствах такіх рашэнняў, а можа і не збіраюцца жыць у сваёй “разбуранай і прыніжанай” краіне…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *