А лядоўню выкраў… “таварыш”?

У дзяжурную часць міліцыі звярнуўся жыхар Беразіно, які паведаміў сышчыкам, што з бацькоўскага дома бясследна знікла старая лядоўня.

Пасля смерці матулі мужчына атрымаў у спадчыну дом, які перыядычна наведваў. Напярэдадні здарэння ён запрыкмеціў, праходзячы каля будынка, што фіранкі вісяць не так, як звычайна. Падазрэнні пацвердзіліся — у доме на звычайным месцы не аказалася старой лядоўні.

— Па першым часе, — тлумачыць начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Бярэзінскага РАУС Уладзімір Сялейка, — мы крыху сумняваліся, што затрымаем злодзея па гарачых слядах. Аднак, апынуўшыся на здымнай кватэры, дзе пражываў сябар пацярпелага, убачылі лядоўню, якая па прыкметах нагадвала ўкрадзеную. Адпірацца злодзей не стаў і хутка прызнаўся ў крадзяжы.

Гэта злачынства магло стаць у справе сышчыкаў самым звычайным, калі б не адзін цікавы факт.

— Затрыманы падтрымліваў з пацярпелым сяброўскія адносіны, — заўважыў Уладзімір Уладзіміравіч, — часта бываў у яго бацькоўскім доме, дзе мужчыны разам выпівалі. Добра ведаў абстаноўку і тое, што сябар перыядычна пражывае ў знаёмай. Таму неабходна было толькі выбраць зручны момант для крадзяжу.

Спадзяюся, што гэта крымінальнае здарэнне прымусіць зрабіць вывад, што сяброўства пад гарэлку — немінучы шлях да маёмасных злачынстваў.

Падрыхтавала Мілана Трапянок.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *