Дзень нараджэння, і не толькі, звязаў яе з раёнкай

Святлана Мікалаеўна АФАНАСЬЕВА,
жыхарка Беразіно:

— Я нарадзілася ў Дзень друку – 5 мая. Як тут не “сябраваць” з перыядычнымі выданнямі?! “Бярэзінскую панараму” мы з мужам Міхаілам выпісваем з даўніх часоў. Раёнка – наша сямейная, любімая газета. Шчыра кажучы, наша жыццё непарыўна звязана з ёй. Да прыкладу, я нават пэўны час працавала ў рэдакцыі бухгалтарам. Зараз часта падаю аб’явы, віншаванні… А чытаем з мужам ад першай да апошняй старонкі. Калі гэта суботні нумар газеты, то адразу шукаю “Крымінал за тыдзень” – адну з маіх любімых рубрык. Падабаецца і тэматычная старонка “Чалавек і закон”. Адным словам, люблю матэрыялы з “агеньчыкам”, з крэатыўнымі назвамі. Даспадобы публікацыі пра нашых бярэзінцаў, іх працоўныя, асабістыя дасягненні пад рубрыкамі “Асоба”, “Прафесіяналы ў асобах”, “Чалавек і яго справа”… Трапна, ярка пішуць журналісты пра святы, што праходзяць у раёне. Я не люблю сядзець дома – пастаянна выбіраемся на розныя мерапрыемствы сям’ёй. Паходзіш, паглядзіш усё. А затым у раёнцы чытаем, разглядаем здымкі – цікава. Радуе, што газета знаёміць нас і з рэспубліканскімі навінамі: цікава ж даведацца, што робіцца ў краіне. А мужу больш за ўсё падабаюцца матэрыялы пра спартыўнае жыццё раёна. Вось парадаваўся, што з’явіўся спартыўны праект “Знайдзі свой 1%”.
Дзякуючы газеце, серада і субота ў нас, можна сказаць, “сямейны дзень”. Спачатку чытаем раёнку, а затым абмяркоўваем, што зацікавіла, што прайшло ў раёне, што новага ў краіне… Упэўнена, кожны знойдзе ў “Панараме” штосьці цікавае для сябе. Хочацца, каб раёнка больш пісала пра нядобранадзейных гаспадароў, прадпрыемствы і арганізацыі раёна, дзе не ўсё так добра…. Памятаю, раней у газеце быў цікавы «куток» сатыры і гумару “Тарасова жыгучка”, дзе змяшчаліся менавіта такія “вострыя” артыкулы. Парадавала, што зноў на старонках газеты з’явіліся “Жыццёвыя гісторыі” Ніны Федаровіч.
У цэлым жадаю калектыву рэдакцыі крэатыўных, творчых ідэй і “жывых” тэкстаў.

Запісала Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *