А што такое лаўнж-зона? альбо Як прайшоў Дзень моладзі на Бярэзіншчыне?

 

Дзень моладзі традыцыйна святкуецца ў апошнюю нядзелю чэрвеня. Святкаванню яго ў нашым горадзе, як высветлілася, не перашкода каранавірусная пандэмія і невыносная спёка. Усё гэта — дробязі для маладых, актыўных і крэатыўна настроеных юнакоў і дзяўчат, якія прагнуць весялосці, адрэналіну і новых цікавых сустрэч. Усяго гэтага было з лішкам на святочных мерапрыемствах, якія наладзілі і правялі работнікі культуры.

Праграма сёлетняга Дня моладзі пачыналася з ранку ў пятніцу. Горад жыў сваім звычайным жыццём, а раённы цэнтр рамёстваў ва ўсю рыхтаваўся да вячэрняга мерапрыемства “Бліжэй да ночы”: ставіў на сваёй тэрыторыі цікавыя розкаляровыя канапы і столікі.

Якія ж сюрпрызы падрыхтавалі для юнакоў і дзяўчат арганізатары? Па-першае, мерапрыемства пачалося са спеваў гасцей з горада Клічава — Сняжаны Ачыновіч і Аляксандра Гаварушка, затым музычную эстафету падхапіў самы крэатыўны і непаўторны музыкант і спявак Раман Яраш, падтрымлівала святочны настрой жывая музыка клавішных інструментаў у выкананні Вольгі Лапінскай і чыстыя галасы вакалістаў Кацярыны Смеляковай і Генадзя Гоцмана. Ды і праграма закончылася калектыўным выкананнем упадабаных хітоў 70, 80, 90-ых гадоў мінулага стагоддзя і 2000-тысячных. Аднак не толькі сучасныя рытмы і спевы па душы сучаснай моладзі, не дае ім спакою і спрадвечная тэма кахання. Тут самым вопытным і дасведчаным экспертам выступіла Тамара Круталевіч, якая прапанавала цікавую пазнавальную акцыю “Чытальніцкі дворык пад месяцам”. Для вячэрняга чытання былі прапанаваны самыя папулярныя маладзёжныя часопісы і выдавецкія знаходкі. Выстава-вернісаж “Хачу расказаць пра каханне” прэзентавала сучасныя друкаваныя хіты аб першым каханні, пазначаныя знакам “Чытальніцкі выбар-2020”. Міні-тэатр “Жывая кніга” прадставіў “Топ-5” маленькіх апавяданняў аб першым каханні, згодна з бліц-апытаннем вучнёўскай моладзі раёна. Прыёмы монатэатралізацыі дазволілі прачытаць твор Л. Мараковай “Превратности любви”. Узнятую тэму самага шчымлівага юнацкага пачуцця жартам і сур’ёзна прадоўжыў сатырыкон “Поролоновое сердце не болит”.

Ды і як забыцца, што сучасная моладзь выбірае актыўны адпачынак. Сапраўднай знаходкай для ўдзельнікаў свята стала ўнікальная магчымасць патанцаваць пад запальваючыя рытмы зумбы пад кіраўніцтвам сталічнага фітнес-трэнера Ірыны Пытляк. Гэта спартыўная праграма злучае ў сабе элементы хіп-хопа, сальсы, мерэнге, мамбо, фламенко. Даступна людзям з самай рознай фізічнай падрыхтоўкай і здольна зарадзіць пазітыўным настроем кожнага.

 

Не менш крэатыўна працавала на свяце і арэна творчасці, дзе кожны змог праявіць сябе як крэатыўная асоба ў жартаўлівых гульнях і конкурсах “Дзе я?”, “Віншаванне”, “Кракадзіл”, “Хто супермэн?”. Жадаючых паўдзельнічаць у іх сабралася багата, асабліва сярод юнакоў.

Тым жа, каму такі актыўны адпачынак аказаўся не па душы, праноўвалася зазірнуць ў бібліятэчную зону, а таксама пазнаёміцца з новым чытальніцкім рухам пад назвай “буккросінг”. Ён прапаноўвае прачытаць цікавую кнігу і пакінуць яе на бачным месцы для іншага чытача. Праўда, мясцовыя бібліятэкары пайшлі далей за ідэі буккросінгу і запрашалі пачытаць кнігі, якія былі ўпакаваны ў паперу.

— Назва такой акцыі “Атрымай ката ў мяху”, — гаворыць Валянціна Яроцкая, — бо ў пакунку ляжыць кніга, якая вам невядома, яна невялікая і пачытаць яе можна прама на месцы за кубачкам духмянай гарбаты альбо кавы.

Але, калі ніяк не забаўляла чытанне ў спякотны чэрвеньскі дзень, сумаваць таксама не давялося. Для самых творчых, стыльных і цікаўных прама на вуліцы дзейнічала лаўнж-зона з экспазіцыяй керамікі славутага майстра Разаліны Бусел і выставы сувеніраў майстроў раённага цэнтра рамёстваў.

Незвычайныя конкурсы, спартыўныя мерапрыемствы, маладзёжная дыскатэка з фарбамі Холі… Такую святочную праграму ў суботу прапанавалі работнікі раённага цэнтра культуры. Наладжана яна была ў самым прыгожым скверы па вуліцы Мультана горада, які паступова становіцца ўпадабаным месцам адпачынку бярэзінцаў самых розных узростаў.

 

Свята доўжылася да позняга вечара, бо не заціхалі вясёлыя конкурсы, шумна было на спартыўных зонах, весела было на дыскатэцы, ды і да апошняга працавалі гандлёвыя рады і атракцыёны.

— Мы ставілі задачу зарадзіць моладзь настроем на цэлае лета, прапанаваць юнакам і дзяўчатам самыя розныя віды адпачынку, — зазначылі кіраўнік раённага цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская і дырэктар раённага цэнтра культуры Марыя Бурымская, – мы ўдзячны за крэатыў і жаданне разнастаіць адпачынак моладзі у час пандэміі не толькі нашым работнікам, але і спонсару — старшыні раённага аб’яднання “Беларускі саюз ветеранаў вайны ў Афганістане” Алегу Купічу.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *