А што вы ведаеце пра прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі?

З мінулага тыдня ў Бярэзінскай ЦРБ пачалася масавая бясплатная вакцынацыя. Зрабіць прышчэпку можа кожны жадаючы ва ўзросце ад 18 гадоў.

Сёння мы пацікавіліся ў бярэзінцаў, ці прайшлі яны вакцынацыю, ды, і ўвогуле, як самаадчуванне пасля прышчэпкі.

Вадзім БУЙНІЦКІ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна:

— 7 красавіка я прайшоў першы этап. Пабочных эфектаў не праявілася. Адзначаўся толькі нязначны боль у месцы прышчэпкі. На мой погляд, усе, хто не мае супрацьпаказанняў (а гэта цяжарныя жанчыны, дзеці, жанчыны, якія кормяць дзяцей грудзьмі, людзі з цяжкімі формамі анкалагічных захворванняў, цяжкімі алергічнымі рэакцыямі), павінны зрабіць прышчэпку. Бо сёння гэта самы эфектыўны, дзейсны сродак у барацьбе з каранавірусам. Толькі масавай вакцынацыяй мы зможам перамагчы пандэмію. Каб выпрацаваць так званы калектыўны імунітэт, неабходна прывіць не менш за 60% насельніцтва краіны. І такім чынам людзі, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць зрабіць прышчэпку, таксама будуць абаронены. На жаль, сёння многія бярэзінцы не да канца ўсведамляюць карысць вакцынацыі, вераць міфам. Таму мы выязджаем у працоўныя калектывы, тлумачым эфектыўнасць працэдуры. Прывяду некалькі фактаў “за”. Эфектыўнасць вакцыны складае 91,6%. І нават калі не выпрацаваліся антыцелы пасля прышчэпкі (што бывае рэдка), хваробу вы перанесяце ў лёгкай форме.

У раёне каля 300 чалавек зрабілі прышчэпку.

Алена ЖОЛУДЗЕВА, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра:

— Я як кіраўнік, каб паказаць прыклад іншым, адной з першых у калектыве прайшла вакцынацыю. Ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі не спатрэбілася. Толькі маральна сябе настройвала на пазітыўную хвалю. Спачатку прайшла агляд ва ўрача агульнай практыкі (тэмпература, ціск, агульнае самаадчуванне). Затым у працэдурным кабінеце зрабіла прышчэпку. Хвілін 30 пасля знаходзілася пад наглядам медыцынскіх работнікаў. Хочацца адзначыць іх прафесіяналізм: адказалі на ўсе мае пытанні, вечарам тэлефанавалі, цікавіліся станам здароўя. З пабочных эфектаў праявілася толькі алергічная рэакцыя, якая хутка прайшла. Але ж гэта такія дробязі ў параўнанні з тым, як складана можа працякаць хвароба.

Тамара ВАРАБ’ЁВА, фельчар-лабарант:

— Мой муж Алег адным з першых у раёне зрабіў прышчэпку. Бясспрэчна, і я прайшла вакцынацыю. Прышчэпка не паўплывала на самаадчуванне, пабочных эфектаў не праявілася. Я, як заўсёды, актыўная, бадзёрая, усмешлівая. Сама працэдура не балючая, а пасля прышчэпкі я нават не змагла знайсці месца ўколу. Таму з радасцю праз 21 дзень прайду другі этап.

Людміла ЖДАНОВІЧ, працуе ў райбальніцы:

— Заўсёды праходжу імунізацыю. Таму, як толькі з’явілася магчымасць, прышчапілася ад “кароны”. Самаадчуванне добрае і бадзёрае. Ніякай падрыхтоўкі не патрабуецца, толькі пасля прышчэпкі на працягу трох дзён не рэкамендавана мачыць месца ўколу, наведваць баню, саўну, ужываць алкагольныя напоі. І па магчымасці пазбягаць значных фізічных нагрузак.

Больш падрабязную інфармацыю па вакцынацыі можна атрымаць у загадчыка паліклінікі райбальніцы па тэлефоне 69626 (Увага! Новы нумар тэлефона), у РЦГЭ — па тэлефоне 65594.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *