А вы клапоціцеся пра бяспеку сваіх дзяцей?

У Бярэзінскім раёне праходзіць прафілактычная акцыя “Сям’я без насілля”. Адна з галоўных форм мера- прыемства – рэйды. У шматдзетныя, нядобранадзейныя, “складаныя” сем’і выязджаюць міжведамасныя групы. У іх склад уваходзяць члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, супрацоўнікі РАУС, РАНС, ЦРБ, сацыяльнай сферы і іншыя. У адзін з такіх рэйдаў мы і адправіліся з супрацоўнікамі Бярэзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аленай Іванаўнай Цішкевіч і Таццянай Алегаўнай Карасёвай.

На вуліцы – зіма. Снег, пакуль невялікі мароз. Дзеці бегаюць, гуляюць, катаюцца на каньках, скачуць… А бацькі? Ці ўсе мамы і таты клапоцяцца пра бяспеку сваіх “кветак” жыцця? На жаль, не заўсёды… А хутка ж зімовыя канікулы. У дзяцей з’явіцца шмат вольнага часу і тысячы ідэй, чым яго заняць…
— І галоўныя задачы акцыі — правядзенне растлумачальнай работы з бацькамі і дзецьмі аб правілах абыходжання з пажаранебяспечнымі прадметамі і піратэхнічнымі вырабамі (хутка ж Новы год!), аб захаванні асабістай бяспекі дзяцей на дарогах, лядовых катках, на вуліцах і ў іншых грамадскіх месцах, папярэджанне дзіцячага траўматызму ў перыяд Навагодніх і Калядных свят, выяўленне сем’яў з дзецьмі, у якіх не створаны належныя ўмовы для выхавання і пражывання, — тлумачыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Святлана Іванаўна Бондар.
У дзень правядзення рэйду мы наведалі каля 10 сем’яў, якія пражываюць у Беразіно. У кожным доме правяралі ўсё: ці захоўваюцца санітарныя нормы, нормы пажарнай бяспекі, ці назапашаны дровы на зіму, ці акуратныя, чыстыя дзеці, ці ёсць у іх неабходнае адзенне, пасцельная бялізна, ложак, “куток” вучня, ежа, звярталі ўвагу і на знешні выгляд бацькоў…
— Паважаныя бацькі, калі ласка, нагадвайце сваім дзеткам па некалькі разоў на дзень пра меры бяспечных паводзін: што нельга гуляць з запалкамі, катацца на тонкім лёдзе, гуляць з піратэхнічнымі вырабамі… — рэкамендавалі бацькам у кожным доме члены рэйдавай групы. – Таксама не забывайце, што ў цёмны час сутак неабходна абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.
Заходзім да сям’і Жалязняк. Бачна, што да зімы, ацяпляльнага сезона, гаспадары рыхтуюцца — на двары ляжаць дровы. Дома цёпла. Нас сустракаюць ветліва, адказваюць на пытанні членаў рэйдавай групы. Заўваг няма: галоўнае – і надалей ствараць неабходныя ўмовы для дзіцяці, клапаціцца пра яго дабрабыт.
Парадавала, што ў гэты дзень большасць гаспадароў нас сустракала з радасцю, задавалі пытанні, якія хвалююць, раіліся, як лепш паступіць у той альбо іншай сітуацыі. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што галоўная мэта такіх рэйдаў — не пакараць, а дапамагчы, падказаць, навучыць.
— Спадзяёмся, што такая насычаная прафілактычная работа будзе мець вынікі. І зіма, канікулы, зімовыя святы і для дзяцей, і для дарослых будуць вясёлымі, насычанымі падзеямі, ста-ноўчымі эмоцыямі і, вядома ж, бяспечнымі! – зазначыла С.І. Бондар.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *