А вы зрабілі прышчэпку?

З гэтым актуальным пытаннем мы звярнуліся да бярэзінцаў.

Таццяна БОГДАН, жыхарка Беразіно:

— Сама я былы медык, працавала ў хірургічным аддзяленні, рэанімацыі, прыёмным пакоі Бярэзінскай ЦРБ . Сёлета з 1 ліпеня на заслужаным адпачынку. Дачка і ўнучка таксама працуюць у рэанімацыі. Дык яны прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі ўжо зрабілі. А вось я пакуль не зрабіла, але таксама збіраюся. Праблема вельмі злабадзённая, таму планую абавязкова зрабіць прышчэпку.

Таісія КАРАЛЁВА, пажылая жанчына:

— Прышчэпку пакуль яшчэ не рабіла. Мне ўжо 78 гадоў, у сувязі з узростам маю розныя хранічныя захворванні. Аднак я стараюся знаходзіцца ў курсе падзей, чытаю ў раённай газеце пра сітуацыю. Мяркую спачатку пракансультавацца з маім лечачым урачом Наталляй Філіповіч, якую лічу выдатным прафесіяналам. Паслухаюся яе парады, Наталля Валер’еўна дакладна скажа, ці варта рабіць мне прышчэпку ад кавіда.

Наталля МАСЛОЎСКАЯ, маладая матуля:

— Пакуль прышчэпку не рабіла, але планую. Прыехалі вось да бацькоў разам з дачушкай Настассяй. Ходзім па гаспадарчых справах у магазіны, банкі. Несумненна, кавід з’яўляецца вострым пытаннем для ўсіх людзей. Праўда, у сувязі з цяжарнасцю, на бліжэйшыя дзевяць месяцаў па зразумелых прычынах пра прышчэпкі гаворкі няма. Абяцаю, што сур’ёзна падумаю ўжо пасля нараджэння дзіцяці.

Наталля ДЫДЗІК, прадавец у “Санце”:

— Прышчэпку зрабіла! У нашай сям’і пяцёра чалавек, з іх трое дзяцей. Прышчапіліся ад каранавіруснай інфекцыі ўсе, акрамя самага меншага, зрабілі прышчэпку “Спутником-V”. У два этапы, адпаведна з правіламі. Ва ўсіх ніякіх пабочных ускладненняў не назіралася, добра ўсё перанеслі. А вось нявестка прышчаплялася кітайскай вакцынай. Таксама добра ўсё. Асабіста лічу, што гэта неабходная справа.

Андрэй БУРЫ, прадпрымальнік:

— Сёлета вясной перахварэў кавідам, таму выпрацаваўся імунітэт. У сувязі з гэтым прышчапляцца пакуль не буду. Дарэчы, жонка Даша таксама хварэла, а вось дзеці не. Усёй сям’ёй правялі час на самаізаляцыі. Ад хваробы адчуванні вельмі непрыемныя. Не адчуваліся пахі, знік смак ежы, трымалася высокая тэмпература. І вось пасля хваробы на працягу некалькіх месяцаў рэальна ўплываюць наступствы. Напрыклад, цяжка даюцца фізічныя нагрузкі… Барані Бог ад такой хваробы.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *