А як бярэзінцы змагаюцца з восеньскай хандрой?

Восень. Дажджы. Сонца амаль няма. Хлюпота. Рана цямнее: ідзеш на працу – цёмна, вяртаешся – цёмна. Таму здараецца так, што “прыходзіць” хандра. Дрэнны настрой, усё раздражняе, нішто не радуе. А як мы ведаем, усе хваробы ад стрэсаў, нерваў…
Сёння мы пацікавіліся ў бярэзінцаў, як яны змагаюцца з восеньскай хандрой?

Дар’я САДОЎНІКАВА, працуе ў МНС:
— Я – актыўны чалавек. Сядзець на адным месцы, смуткаваць – гэта не пра мяне. Пастаянна кудысьці спяшаюся. У мяне зрэдку бывае вольны час. Як змагаюся з восеньскай хандрой? Па максімуме імкнуся заняць сябе, каб не было часу думаць пра хандру. Наведваю мерапрыемствы, якія праходзяць у горадзе: выставы, святы. Займаюся спортам: хаджу на заняткі фітнесам. Ды і муж з дачушкай ніколі не даюць сумаваць. Мы часта выбіраемся разам кудысьці, любім падарожнічаць. А столькі дамашніх клопатаў: прыгатуй ежу, прыбяры ў кватэры, дапамажы вывучыць урокі… Таму “рэцэпт” ад хандры вельмі просты: як мага больш заняць сябе, каб не было часу, як кажуць, хандрыць.

Сяргей ВІННІК, вадзіцель:
— Ведаце, у мяне настрой не залежыць ад пары года. Я заўсёды імкнуся, каб ён у мяне быў добрым. А навошта сумаваць?! Лепш жа быць шчаслівым! Заўсёды хапае працы, таму няма і часу думаць пра розныя дэпрэсіі. Калі сумна, гляджу цікавыя фільмы, слухаю музыку, чытаю кнігі. Цудоўны рэцэпт
ад хандры, як мне здаецца, – праца!

Наталля БЕЛАУС, начальнік аддзела ЗАГС:
— Пакуль, дзякаваць, з дэпрэсіі выходжу з мінімальнымі стратамі, без нейкіх спецыяльных антыдэпрэсантаў. Я проста навучылася выкарыстоўваць добрую фразу: «Калі не можаш змяніць сітуацыю, змяні сваё стаўленне да яе». Дапамагае! Таму калі толькі заўважаю прыкметы дэпрэсіі, хандры (да прыкладу, дрэнны настрой), я шукаю добрае, смешнае, пазітыўнае ва ўсім… Дазваляю сабе маленькія радасці. Да прыкладу, “высыпаюся”, заварваю кубак духмянай гарбаты, гляджу фільмы, якія матывуюць, назіраю за прыродай, атрымліваю асалоду ад кожнага моманта… Гутару з людзьмі. Не спрабую спадабацца кожнаму: калі незадаволеная чымсьці, кажу пра гэта, калі радасная, таксама не баюся гэта паказаць. У свеце шмат людзей, якім неабходна дапамога і
падтрымка, а ўпадаць у дэпрэсію ад таго, што надвор’е не тое – глупства. Трэба радавацца таму і шанаваць тое, што нам дадзена, а іншыя не маюць.

Вераніка САЎКО, у дэкрэтным водпуску:
— Як змагаюся з хандрой? Ніхто лепш блізкіх і сяброў не дапаможа справіцца з восеньскай хандрой. Нават калі проста глядзець фільм з сям’ёй, есці смачнае пячэнне, прыгатванае ўласнаручна, тады, як правіла, сум праходзіць вельмі хутка. Люблю пераглядаць сямейныя фотаздымкі з летніх падарожжаў. А самы лепшы антыдэпрэсант ад хандры – прагулкі з дзецьмі на свежым паветры. Не магу сказаць, што восенню ў мяне дрэнны настрой, ды і хандра не адольвае. Бо пасля восені наступае зіма, а там Новы год – наша самае любімае свята, якога я з нецярпеннем чакаю. Вядома ж, увосень мы імкнёмся піць вітаміны і актыўна сачыць за сваім здароўем, ядзім шмат садавіны. А яшчэ восенню, для цудоўнага настрою, лепш апранацца ў яркае адзенне!


Таццяна КОРШУНАВА, медыцынская сястра:
— «У природы нет плохой погоды…» Так і ў мяне – няма дрэннага настрою, хандры. Зараз я радуюся жыццю, атрымліваю асалоду ад кожнага дня. У мяне з’явілася шмат вольнага часу, які я магу прысвяціць сабе! Люблю паглядзець цікавы фільм, штосьці смачненькае прыгатаваць, прагуляцца на свежым паветры, сустрэцца з сябрамі, ды і проста адпачыць… Восень для мяне – час пачатку чагосьці новага!

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *