Аб чым гудуць пчолы

Мы завіталі на пчальнік Бярэзінскага лясгаса ў адзін з самых гарачых ліпеньскіх дзён і сустрэлі пчаляра якраз за асноўным заняткам. У ахоўным касцюме, з раскачагараным дымаром ён уважліва – домік за домікам – аглядаў мядовыя ўладанні.

– Пра пчол я ведаю ўсё, — гаворыць Уладзімір Раманенкаў. – І мог бы расказваць пра іх бясконца. Гэта – найцікавейшыя істоты на свеце. Наогул, я па спецыяльнасці – зоаінжынер, таму ўсё, што заканчваецца на “водство” – гэта маё: “коневодство”, “рыбоводство”, “пчеловодство” і г.д.

Родам Уладзімір Мікалаевіч з Бранскай вобласці. Там жа, у Расіі, заканчваў Вялікалукскі сельскагаспадарчы інстытут (цяпер Акадэмія). А на Бярэзіншчыну трапіў у 1984 годзе, у Гомельскім інстытуце набыў лясную спецыяльнасць. Бярэзінскія мясціны сталі роднымі. У Арэшкавіцкім лясніцтве пачынаў працоўную дзейнасць лесніком, потым шчыраваў майстрам, да пенсійнага ўзросту – памочнікам ляснічага. Тут, у Арэшкавічах, стварыў сям’ю, выгадаваў з жонкай дзвюх дачок, дачакаўся ўнукаў. Тут і гора перажываў – пахаваў сваю суджаную…

Кажуць, мёд лечыць сотні захворванняў, а пчолы штодзень не дазваляюць сумаваць.

Уладзімір Раманенкаў: «Згодна з прыгожым старажытна-егіпецкім міфам, пчолы народжаны са слёз бога сонца Ра»

– Наогул у пчол можна многаму павучыцца, – дадае Уладзімір Мікалаевіч. – Яны ствараюць сапраўдную дзяржаву, у якой ёсць і разведчыкі, і працаўнікі, і нянькі, і трутні. У кожнага свая роля. Нават у трутняў, якіх незаслужана многія лічаць лайдакамі. Але менавіта ад іх, а не ад пчаламаткі, ідзе працэнтаў 70 моцнага здаровага нашчадства.

Пчалярства патрабуе ў першую чаргу дысцыпліны, інакш добрых вынікаў не дасягнеш. Увесь цыкл работ патрэбна праводзіць своечасова і граматна. Каб пазбягаць памораў і цвілі, усе пчаліныя домікі трэба як след дэзынфіцыраваць, апрацоўваць ад кляшча, пасля сезону добра падрыхтоўваць да зімоўкі.

– Яшчэ вельмі важна пашыраць пасевы медазборных культур, – гаворыць Уладзімір Раманенкаў. – Сеяць не толькі рапс і грэчку, а і доннік, скрыпень (ці Іван-чай), фацэлію. Бо калі няма раслін, з чаго ж пчала мёду прынясе?! Гэта важна не толькі для развіцця пчалярства, а і для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур.

…Непадалёк ад маёй хаты ёсць алея ліпавая. Летась памятаю, такі там гул пчаліны стаяў! А сёлета прыслухоўваўся – цішыня, толькі дзенідзе пражужжыць пчала. Напэўна, не хапае вільгаці… Зразумела, на колькасць мёду ўплывае шмат фактараў.

Перасоўныя платформы з вуллямі зараз вывезлі ў некалькіх накірунках – у вёскі Манча, Бер’е і інш. Заўсёды вывозім, калі цвіце рапс, потым — на разнатраўе… Праўда, зараз адна з платформ на 20 вулляў знаходзіцца на рамонце. Спадзяюся, што ў хуткім часе адрамантуюць, бо ў такі гарачы перыяд прастойванне нясе толькі страты. Закупілі 40 плодных пчаламатак, цяпер патрэбна адшукаць пчаліныя сем’і, дзе слабая матка, і замяніць на новых.

Дапамагае пчаляру на час сезону Мікалай Лобач, былы ляснік, ён штодзень прыязджае з суседняй вёскі Дзмітравічы.

Мікалай Лобач: «У мёдзе ўтрымліваецца каля 300 біялагічна актыўных рэчываў, комплекс якіх валодае карысным дзеяннем і значна ўзмацняе імунітэт»

– На нашым пчальніку ўтрымліваецца 100 пчоласямей, – расказвае начальнік прамысловай вытворчасці Святлана Асланян. – Працуем згодна з “Праграмай развіцця пчалаводства на 2021-2025 гады”, дзе прапісаны план развіцця пчальніка, плануемыя аб’ёмы прадукцыі, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. З неабходных лекаў набываем тое, што заказвае наш пчаляр. На сёлетні год запланавана адкатаць 2 тоны мёду. На сённяшнюю дату маем 1 тону 13 кг. Мёд рэалізуецца насельніцтву. Нашу салодкую прадукцыю можна набыць у сталовай лясгаса і ва ўсіх лясніцтвах. Кошт за 1 кг складае 11 рублёў.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *