Аб чым ішла гутарка на пасяджэнні савета грамадскіх арганізацый і партый Бярэзінскага раёна?

Чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і партый раёна было прымеркавана да сумнай даты. 11 красавіка на календары пазначана як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У нашай краіне даце надаецца асаблівае значэнне, таму нарада бярэзінскіх лідараў хутка перарасла ў жывую і шчырую дыскусію аб гістарычнай памяці, патрыятызме і выхаванні моладзі. Тон ёй задаў старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Зябко.

– Памятаць аб Вялікай Айчыннай вайне і яе жахах важна, каб вайна ніколі не прыйшла ў наша жыццё, – звярнуўся ён да прысутных. – За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Вынішчаны пасля вайны нацызм у ХХІ стагоддзі надзейна расправіў крылы і набірае моц. Узгадайце нашу суседку Украіну, дзе ўжо каторы год не заціхаюць стрэлы і гінуць людзі. Ды і ў нашай краіне з’явілася нямала ахвотнікаў перапісаць гісторыю акупацыі на свой лад. Чаго варты на нашых вуліцах маладыя людзі з бела-чырвона-белымі сцягамі ў руках, пад якімі катавалі і забівалі мірных людзей. Ніяк нельга дапусціць вяртання страшнага мінулага ў наша жыццё. Як можна маўчаць?! Таму я ўсёй душой падтрымліваю намаганні парламента ў барацьбе з гераізацыяй нацыстаў.

– Зусім мала засталося людзей, якія зведалі жахі вайны, – адзначаў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі. – У раёне ўсяго пяць удзельнікаў вайны і дзесяць вязняў.

Ксёндз Андрэй: «Наведванне касцёла выхоўвае ў людзей дабрыню і спагаду»

Таму свой уклад у справу захавання подзвігу і патрыятычнага выхавання моладзі павінны ўнесці воіны-афганцы. Яны – дастойныя пераемнікі традыцый воінскага абавязку і доблесці. Убаку не павінны заставацца і прадстаўнікі духавенства.

Сваю гатоўнасць працягваць слаўныя патрыятычныя традыцыі на савеце выказаў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Купіч. Ён выступіў за наладжванне паездак моладзі да мемарыяльных помнікаў і памятных месцаў. Свой уклад у выхаванне падрастаючага пакалення ўносяць і работнікі райваенкамата.

Наталля Вергейчык: «Неабходна несці дабрыню, клопат і міласэрнасць, якіх так не хапае сучаснаму грамадству»

Прадстаўнік грамадскай арганізацыі дапамогі інвалідам Наталля Вяргейчык падкрэсліла, што моладзі не толькі трэба ведаць пайменна герояў Вялікай Айчыннай вайны, але і несці дабрыню, клопат і міласэрнасць, якіх так не хапае сучаснаму грамадству.
Патрыятычнае выхаванне надзейна замацавалася ў вядучых напрамках дзейнасці грамадскіх арганізацый раёна.
Цяпер галоўнае, каб прадстаўнікі іх дастукаліся да сэрцаў і сумлення людзей, прымусілі памятаць цану мірнага неба і шчаслівага жыцця, вярнулі ў нашу краіну спакой.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *