Аб чым пісала газета ў 50-60 гады

Сёння ў рамках праекта, прысвечанага 90-годдзю нашай газеты, мы пагартаем старонкі, якія выйшлі ў свет у перыяд 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя і прыгадаем, чым жыла Бярэзіншчына ў той час, якія праблемы вырашалі нашы продкі і якімі здабыткамі запомнілася гэтае дваццацігоддзе. Праходзіла яно на вялікім эмацыянальным і патрыятычным уздыме аднаўлення пасля Вялікай Айчыннай вайны, паляпшэнні дабрабыту і жыцця людзей, клікала на новыя працоўныя подзвігі напярэдадні дзвюх памятных юбілейных дат – 20-годдзя Вялікай Перамогі і 50-годдзя ўстанаўлення Савецкай улады.

Перамены на сяле

Пачаліся яны ў 1950-м годзе, калі ў адпаведнасці з пастановай ЦК ВКП(б) аб узбуйненні дробных калгасаў, такіх гаспадарак на Бярэзіншчыне засталося толькі 48 замест 150, а к канцу 1953 года іх наогул засталося толькі 42. З цягам часу ліквідоўваліся такія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, як машынна-трактарныя, машынна-меліярацыйныя і рамонтна-трактарныя станцыі (МТС, ММС, РТС). Побач з калгасамі сталі ўтварацца і саўгасы. Гаспадаркі атрымлівалі новую, больш прадукцыйную тэхніку і калі ў 1950 годзе аўтатрактарны парк калгасаў складаў 100 фізічных трактароў і 49 камбайнаў, то ўжо ў 1958 г. на ўзбраенні сельскай гаспадаркі раёна мелася 233 трактары, 89 камбайнаў, 130 аўтамашын і іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Гэта дазволіла паступова нарошчваць ураджайнасць культур, і ўжо ў 1969 годзе ў раёне было атрымана па 13,6 цэнтнера з гектара збожжавых пры тым, што яшчэ пару гадоў таму яна не перавышала 8-9 цэнтнераў.

Ва ўздым аграпрамысловага комплексу раёна свой годны ўклад унеслі 38 “трыццацітысячнікаў”, якія трапілі на Бярэзіншчыну ў 1953 годзе. Паступова рос дабрабыт гаспадарак. Так, калі ў 1955 годзе толькі адзін калгас “Ленінскія дні” атрымліваў больш чым мільённы даход, то налета мільянерамі сталі яшчэ пяць калгасаў, а тры наблізіліся да гэтага рубяжа. У гэты ж час у першыню за пасляваенныя гады раён датэрмінова выканаў гадавы план здачы збожжавых, бульбы, льносемя і зялёнай масы кукурузы.

Актыўна ўключалася ў справу і моладзь. 7 сакавіка 1960 года навучэнцы Пагосцкай школы звярнуліся да ўсіх вучняў і моладзі раёна праз газету “Сцяг Леніна” з заклікам дапамагчы сваім калгасам у стварэнні буйных птушкагадоўчых ферм і ў развіцці птушкагадоўлі. Ужо 16 мая камсамольцы і моладзь раёна сабралі і здалі на інкубацыйную станцыю 10959 курыных, 2919 качыных і 2968 гусіных яек для калгасных птушкаферм. Гэта значна больш узятых абавязацельстваў. Малады запал бярэзінскіх працаўнікоў знаходзіў сваё прымяненне і далёка за межамі раёна. Толькі за пяць гадоў – з 1954 па 1958 — па камсамольскіх пуцёўках на асваенне цалінных i абложных зямель выехала 275 юнакоў i дзяўчат.

Беразіно становіцца горадам

У гэты перыяд новыя рысы аблічча набывае і райцэнтр. Тут ствараюцца новыя вытворчасці, адкрываюцца прадпрыемствы і арганізацыі, вядзецца маштабнае будаўніцтва. Усе калектывы рыхтуюцца ўдарна сустрэць 50-годдзе Вялікага Кастрычніка. З гэтай нагоды па раёне пачынае свой шлях па чатырох маршрутах (калгасы, саўгасы, прадпрыемствы, школы) “Кніга-эстафета працоўных спраў Бярэзінскага раёна, прысвечаная 50-годдзю Савецкай улады”, дзе расказваецца аб гісторыі стварэння калектыву і сённяшніх дасягненнях.

У Беразіно ў гэты перыяд ствараюцца аўтабаза (зараз аўтапарк) №22, ДЭУ-192, торфабрыкетны завод (торфапрадпрыемства “Бярэзінскае”), БМУ меліярацыі (ПМС), участак газавай гаспадаркі, камбінат камунальных прадпрыемстваў (у яго ўваходзілі лазня, гасцініца на 20 месцаў і домакіраўніцтва), плодаагароднінны завод, РКБА, сплаўучастак, каўбасны цэх раённай нарыхтоўчай канторы, ветэрынарная аптэка…

Нямала перамен і ў сацыяльнай сферы: пачынае працаваць школа-інтэрнат, вучні СШ №1 (Бярэзінскай гімназіі) перасяляюцца ў новы 3-павярховы будынак, ствараюцца дзіцячая сямігадовая музычная школа па класах баяна, фартэпіяна і духавых інструментаў, а таксама раённы Дом піянераў і школьнікаў. Летам 1961 года адкрываецца першы гарадскі аўтобусны маршрут ад канторы саўгаса “Сцяг Кастрычніка” да гаража лесапункта. Уводзіцца ў строй новы шырокаэкранны кінатэатр “Юбілейны”. Райкам партыі і райвыканкам у 1959 годзе перасяліліся ў новы двухпавярховы будынак (памяшканне былой раённай бібліятэкі).

Да 50-годдзя Савецкай улады раён рапартаваў аб заканчэнні электрыфікацыі ўсіх населеных пунктаў, дзе было чатыры і больш двароў. Апошнім быў электрыфікаваны пасёлак Пакроўск Сялібскага сельсавета (існаваў да 1978 года). У гэты ж перыяд з уводам у в. Брадзец аўтаматызаванай тэлефоннай станцыі была поўнасцю закончана аўтаматызацыя тэлефоннай сувязі. Крыху раней усе буйныя населеныя пункты былі радыёфікаваны (устаноўлена 10570 радыёпрыёмнікаў), працаўнікі раёна мелі каля тысячы тэлевізараў. Актыўна вядзецца будаўніцтва і на сяле. Тут адкрываюцца новыя ФАПы, клубы, сталовыя, школы (у тым ліку новы будынак Высакагорскай СШ на 320 месц, пабудаваны на сродкі акадэміка У.М.Перцава; некаторыя з сямігодак ператвараюцца ў сярэднія), помнікі загінуўшым воінам і землякам у час Вялікай Айчыннай вайны. З 1965 года пачынаецца сяброўства нашага раёна з шэфамі — Мінскім аўтамабільным заводам.

Яшчэ адна важная падзея адбываецца ў той час: 7 сакавіка 1968 года гарадскі пасёлак Беразіно набывае статус горада. І калі па выніках Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1959 года ў райцэнтры пражывала толькі 4,8 тысячы чалавек (а ў цэлым па раёне 53,6 тысячы), то ўжо літаральна праз дзесяцігоддзе гараджан становіцца больш за сем тысяч.

У складзе вытворча-прамысловай зоны

І яшчэ пра адзін факт гісторыі Бярэзіншчыны нельга не ўзгадаць. Да паслярэвалюцыйнага перадзелу адміністрацыйнага дзялення Беларусі наш раён як асобная адзінка не існаваў, а ўваходзіў у склад Ігуменскага павета. Дык вось, падчас правядзення ўзбуйнення калгасаў была арганізавана работа і па аб’яднанні некаторых раёнаў. У іх лік у 1962-м годзе трапіла і Бярэзіншчына. Новая адміністрацыйная структура насіла назву Чэрвеньскай вытворча-прамысловай зоны. Праіснавала яна нядоўга, бо паказала сваю немэтазгоднасць, і ўжо 6 студзеня 1965 года наш раён быў адноўлены.

Больш 200 няштатнікаў

У гэты перыяд “Сцяг Леніна” не выходзіла, а інфармацыю аб жыцці бярэзінцаў друкавала газета “Уперад”, якая існавала пры Чэрвеньскім тэрытарыяльным вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні, рэдагаваў яе М.Парфяновіч. Рэдактарамі ж “Сцяг Леніна” ў 50-60-ыя гады былі Васіль Сярых, Анатоль Даўнаровіч, Нікадзім Данэйка і Мікалай Глазко. Газета выходзіла тройчы на тыдзень (аўторак, чацвер, субота) тыражом 4804 экзэмпляры (1967 год). У цэлым жа жыхары раёна былі падпісчыкамі 30717 экзэмпляраў газет і часопісаў. Кольксць няштатных аўтараў перавышала 200 чалавек. Пры рэдакцыі зарадзілася літаратурнае аб’яднанне мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, старшынёй бюро якога быў выбраны супрацоўнік рэдакцыі Іван Маркевіч.

Перыядычнаыя выданні Бярэзіншчыны таго часу прадстаўлялі таксама газеты “За высокі ўраджай” і “Кіравец”, якія з лета 1958 года выпускалі калгасы “Бярэзіна” і імя Кірава тыражом адпаведна 350 і 300 экзэмпляраў. На прадпрыемствах, у арганізацыях і школах выпускалася звыш сотні насценных газет.

Бярэзіншчына 55 гадоў таму

Думаю, будзе цікавай нашым чытачам і інфармацыя, змешчаная ў газеце “Сцяг Леніна” за 2 красавіка 1965 года, якая характарызуе эканамічнае і сацыяльнае становішча нашага раёна пасля выхаду з Чэрвеньскай вытворча-прамысловай зоны. На гэтую дату налічвалася 12 калгасаў, 9 саўгасаў, райпрамкамбінат з харчовым цэхам і цэхамі бытавога абслугоўвання (плодаагароднінны завод і РКБА створацца пазней), спіртзавод, аўтабаза №22, лясгас, міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, торфабрыкетны завод (яшчэ ішло яго будаўніцтва), 99 магазінаў і 9 сталовых, гасцініца, дом для адпачынку шафёраў. Асвету раёна прадстаўлялі 12 сярэдніх, 27 васьмігадовых і 45 пачатковых школ, 8 школ рабочай моладзі (з іх 7 – у сельскай мясцовасці), школа-інтэрнат і музычная школа. Дзейнічалі раённая, дзіцячая і 15 сельскіх бібліятэк, РДК і 17 клубаў, 20 стацыянарных кінаўстановак. Раённая бальніца на той час была разлічана на 125 ложкаў, сто ложкаў было ў распарджэнні 4 сельскіх бальніц, акрамя таго абслугоўвалі людзей 176 ФАПаў і чатыры аптэкі.

Такім чынам, пасля вайны, хоць і прайшло зусім няшмат часу, наш раён здолеў многае зрабіць. Людзі старанна працавалі, за што атрымлівалі ордэны і медалі, прызнаваліся ўдарнікамі камуністычнай працы, вялі актыўнае жыццё, аб’яднаўшыся ў шматлікія грамадскія таварыствы, адточвалі сваё ўменне на конкурсах прафесійнага майстэрства, нараджалі і гадавалі дзяцей (амаль дзве тысячы жанчын былі ўзнагароджаны ордэнам “Мацярынская слава” і “Медалём мацярынства”), будаваліся і атрымлівалі жыллё, цікава адпачывалі і жылі адной дружнай сям’ёй, аб’яднанай агульнымі інтарэсамі і агульнай працай. А ўсё гэта трапляла ў поле зроку мясцовых журналістаў і станавілася тэмай чарговых публікацый, дзякуючы якім мы сёння можам з усёй паўнатой аднавіць падзеі той слаўнай эпохі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *