Аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Бярэзінскім раёне

На чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы прааналізавалі прычыны дзіцячага траўматызму, узровень іх прафілактыкі.

Члены каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы абмеркавалі прычыны смяротнасці ад знешніх прычын, прафілактыку дзіцячага траўматызму

Таксама падрабязна спыніліся на прычынах смяротнасці насельніцтва раёна за мінулы год.

Дзіцячы траўматызм

— У апошні час актуальнай становіцца праблема дзіцячага траўматызму. І асноўная прычына няшчасных выпадкаў —
няведанне або невыкананне правілаў бяспекі.

Зразумела, ад бяды ніхто не застрахаваны. Але неабходна стварыць для дзяцей бяспечныя ўмовы. Схаваць таблеткі, не захоўваць у даступных месцах хімічныя сродкі. Звяртаць увагу, каб дома было як мага менш мэблі з вострымі вугламі. Асабліва быць пільнымі на кухні, дзе столькі небяспечных “ворагаў” для падлеткаў: не пакідаць чайнікі, кубкі з кіпнем у даступным месцы, хаваць відэльцы, нажы… Пастаянна нагадваць дзецям пра тое, што неабходна пераходзіць дарогу згодна з правіламі дарожнага руху; што флікер выратуе жыццё… Гэты спіс можна працягваць бясконца, бо, пагадзіцеся, складана прадугледзець, якія “экс-перыменты” могуць правесці дзеці, – заўважыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар. — Неабдуманыя “геройскія” забавы прывядуць да трагедыі, калі бацькі не будуць кантраляваць дзяцей. Бо, на жаль, часцей за ўсё менавіта няўважлівасць, абыякавасць бацькоў вядуць да трагічных выпадкаў.

Па інфармацыі Бярэзінскай ЦРБ за 12 месяцаў 2020 года за медыцынскай дапамогай па факце атрымання траўмаў звярнуўся 31 непаўналетні. У структуры траўмаў на першым месцы – вулічныя траўмы, на другім — бытавыя. У дзяцей ва ўзросце да трох гадоў пераважаюць апёкі і атручванні, да сямі гадоў — бытавыя і вулічныя траўмы, у дзяцей дашкольнага ўзросту яны складаюць амаль 50%.

У “лідарах” – атручванне алкаголем

Аб прычынах смяротнасці ад знешніх прычын гаварыла намеснік галоўнага ўрача Таццяна Ермакова

Як заўважыла намеснік галоў-нага ўрача Таццяна Ермакова, адзначаецца зніжэнне колькасці памерлых ад знешніх прычын.

— У 2020 годзе памерла 18 чалавек (15 – працаздольнага ўзросту). А ў 2019 – 29. Традыцыйна, большасць памерлых –мужчыны – 14, і дзве жанчыны. 7 жыхароў сельскай мясцовасці, 11 – гарадскіх, — адзначыла Т. Ермакова. — Аналізуючы фактары рызыкі, неабходна адзначыць, што з 18 памерлых: не працавала 5 чалавек, 1 чалавек меў групу інваліднасці, 2 – знаходзіліся на ўліку ва ўрача псіхіятра-нарколага.

Прычыны смяротнасці: выпадковыя ўтапленні – 2, самагубствы – 4, выпадковыя атручванні алкаголем – 5, выпадковыя падзенні – 1, выпадковае механічнае ўдушша – 1, няшчасныя выпадкі, звязаныя з уздзеяннем дыму, агню – 2, выпадковыя атручванні ядавітымі рэчывамі – 2, пераахалоджванне – 1.

Прафілактыка

Падвяла вынікі пасяджэння галоўны ўрач райбальніцы Крысціна Крук.

— Для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі неабходна ўсім службам разам праводзіць прафілактычную работу. Як мага больш выступаць у працоўных калектывах, на бацькоўскіх сходах, нагадваць пра бяспечныя паводзіны, неабходнасць своечасовага медыцынскага агляду, — заўважыла Крысціна Аляксандраўна. — Памятайце, хваробу лепш папярэдзіць, чым пасля лячыць.
Таксама хацелася б яшчэ раз нагадаць аб мерах прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі: захоўвайце масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыянаванне і дасканала мыйце рукі!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *