Актуальнае інтэрв’ю. Аглядавая камісія Пагосцкага сельвыканкама — у дзеянні

Пра шырокі круг пытанняў, якія вырашаюць у сваёй дзейнасці члены камісіі, расказала яе сакратар, галоўны спецыяліст Пагосцкага сельвыканкама Таццяна ЦЭДРЫК:
— У сваёй рабоце мы не абмяжоўваемся толькі задачамі дзейнасці аглядавай камісіі – наведаць кожнае домаўладанне, праверыць захаванне супрацьпажарнай бяспекі, правесці гутарку па ўхіленні выяўленых парушэнняў, займацца прафілактыкай правапарушэнняў і злачыннасці. Узяўшы іх за аснову, мы імкнёмся дайсці да кожнага жыхара, каб своечасова прыйсці на дапамогу ў вырашэнні жыццёвых праблем, не быць абыякавымі да іх лёсу, як і да стану тых населеных пунктаў, у якіх яны пражываюць.
А на нашай тэрыторыі за-рэгістравана 2686 чалавек, гэта 1169 домаўладанняў, якія размешчаны ў 45 населеных пунктах. У летні час іх колькасць павялічваецца чалавек на трыста за кошт “дачнікаў” і пажылых людзей, якія вяртаюцца на сезон у родныя дамы ад дзяцей. За першыя чатыры месяцы з пачатку года мы абследавалі 729 домаўладанняў і выявілі 58 парушэнняў захавання правілаў супрацьпажарнай бяспекі, з якіх 43 ужо знаходзяцца ў стадыі станоўчага вырашэння, бо большасць людзей з разуменнем ставіцца да бяспекі свайго жыцця і імкнецца падтрымліваць умовы пражывання ў належным стане.
Але ёсць і такая катэгорыя грамадзян, якія гатовы хутчэй аддаць апошні рубель на выпіўку, чым на добраўпарадкаванне свайго жылля. Іх домаўладанні камісія разам з прадстаўнікамі шэрагу зацікаўленых інстанцый наведвалі шмат разоў, і ўсё безвынікова. А самі гаспадары рэдка калі знаходзяцца ў цвярозым стане, нідзе не працуюць. Пра якую свядомасць гэтых людзей можа ісці гаворка? Некаторыя ж работы і не патрабуюць грашовых выдаткаў: вымесці смецце, сабраць ламачча на двары ці абкасіць падворак. Гэта ўсё – абавязковыя элементарныя нормы ўтрымання ў належным санітарным стане свайго жылля і прылягаючай да яго тэрыторыі, на што мы таксама ў абавязковым парадку паказваем вяскоўцам падчас абходу населеных пунктаў, правядзення сельскіх сходаў і індывідуальных гутарак.
Зразумела, што ўстанавіць самастойна аўтаномны пажарны апавяшчальнік, замяніць састарэлую праводку або адрамантаваць печ па сілах не кожнаму, а часам і не па кішэні. У гэтым плане найперш імкнёмся дапамагчы адзінокім састарэлым грамадзянам. Іх у нас 36. Пасля абследавання іх домаўладанняў мы звяртаемся ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з інфармацыяй аб патрэбнасці ў рамонце. Так, мяняюць электраправодку спецыялісты, якіх накіроўвае цэнтр і аплачвае выкананы аб’ём работ. На рамонт печаў вы-дзяляюцца грашовыя сродкі з бюджэту. Замена апавяшчальнікаў у такіх грамадзян праводзіцца бясплатна. Калі падобныя праблемы мы адзначаем у дамах адзінока пражываючых грамадзян, звяртаемся з пісьмамі да іх дзяцей (сёлета адправілі 16): яны ж пасля ўступяць у правы спадчыны і будуць валодаць маёмасцю, навошта дапускаць, каб яна прыходзіла ў заняпад?
Калі ж мы бачым, што адзінокаму чалавеку з-за ўмоў пражывання і стану здароўя перазімаваць цяжка, мы яго накіроўваем у Дулебы ў аддзяленне кругласутачнага прабывання для людей пажылога ўзросту і інвалідаў (у нас такіх 6 чалавек).
Значную дапамогу ў наладжванні быту вяскоўцаў аказваюць арганізацыі і прадпрыемствы, на балансе якіх знаходзіцца ведамаснае жыллё. Так, за апошні час работнікі Мачаскага лясніцтва ўстанавілі пажарны апавяшчальнік у доме мнага-дзетнай сям’і Цяляк, адміністрацыя
УП “АграМАЗ” замяніла яго — у другой мнагадзетнай сям’і, адміністрацыя ААТ “Пагосцкі” правяла замену электраправодкі і аказала дапамогу ў рамонце дома мнагадзетнай сям’і з Лешніцы. Такіх прыкладаў нямала.
Інфармацыю пра тую ці іншую праблему нашых жыхароў мы атрымліваем не толькі ў выніку камісійнага абследавання домаўла-данняў. Трымаць руку на пульсе часу членам аглядавай камісіі дапамагаюць мясцовыя актывісты, якія маюць штодзённыя зносіны з аднавяскоўцамі ў меру сваіх прафесійных абавязкаў або проста з’яўляюцца нераўнадушнымі людзьмі, добра ведаюць суседзяў і іх праблемы. У ліку такіх людзей – дэпутаты Савета (цяперашнія і колішнія), старасты вёсак, нашы паважаныя ветэраны працы.
Для прыкладу, назаву мужа і жонку Піліпцэвічаў з вёскі Слабада. Вёска была далучана параўнаўча нядаўна (раней уваходзіла ў састаў Бярэзінскага сельсавета), таму дасканала праблемы кожнага яе жыхара мы ведаем не ў поўнай меры. Нашымі памочнікамі на вёсцы сталі Іван Іванавіч (ён стараста) і Любоў Паўлаўна – наш дэпутат.
Вось такія ў нас памочнікі, на зайздрасць іншым, і такіх нямала. Дзякуючы іх старанням наша камісія заўсёды мабільная і добра валодае сітуацыяй па кожным населеным пункце, аператыўна вырашае праб-лемы людзей і сочыць за парадкам у сем’ях і на падворках.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *