Адданыя кнізе і сваім чытачам

15 верасня ўсе бібліятэкары Беларусі адзначалі сваё прафесійнае свята. У кожным калектыве работнікаў культуры жывуць свае традыцыі святкавання культурнага свята.

Бібліятэкары прымалі віншаванні з прафесійным святам

Людзі чыталі і чытаюць

– Святкаваць у звычайным для большасці сэнсе гэтага слова ў нашых бібліятэкараў ніяк не атрымліваецца, – гаворыць дырэктар Бярэзінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Наталля Маеўская, – але святочны дух і пэўная атмасфера цэлы дзень прысутнічаюць у кожнай бібліятэцы. Іх нам дораць нашы наведвальнікі, якія спяшаюцца першымі павіншаваць бібліятэкараў з прафесійным святам.

Не варта думаць, што большасць сённяшніх чытачоў бібліятэк гэта людзі пенсійнага ўзросту, якія не маюць магчымасці чытаць патрэбную літаратуру з сучасных гаджэтаў. Ёсць прага да чытання друкаваных кніг і ў маладых людзей, і ў дзятвы, і ў падлеткаў.

– Вядома ж, мы не можам сёння на роўных канкурыраваць з электроннымі гаджэтамі, – прызнаецца Наталля Мікалаеўна, – ды і не ставім мы сёння такой задачы. Для нас галоўнае, каб кожны наведвальнік знайшоў сабе кнігу па душы, падзяліўся прачытаным у перыядычных выданнях і абавязкова зазірнуў да нас у наступны раз.

І на літаратуру ёсць свая мода

Сучасны кніжны фонд дазваляе кожнаму выбраць кнігу па душы. Гэта бывае няпроста, бо і на літаратурныя густы бывае свая мода.

– Быў час, калі кожны з нас лічыў сваім абавязкам першым перачытаць кнігі Федарэнкі і Палякова, Токаравай і Людмілы Уліцкай, – зазначае Наталля Маеўская, – затым у вялікай пашане былі жаночыя раманы, суровыя баевікі і недарэчныя дэтэктывы, а сёння ўсё часцей і часцей наведвальнікі просяць мемуары і класічную фантастыку. Да дзірак сцёрты лісткі ў кнізе Рэя Брэдберы “Віно з дзьмухаўцоў”!

Аднак сучасны бібліятэкар не толькі служыць правадніком паміж чытачом і кнігай. Ён яшчэ і прапагандыст, і краязнаўца, і нават артыст.

– Да гэтай работы ў нас падключаны ўсе работнікі бібліятэк, бо паўсюдна наладжваюцца розныя кніжныя выставы і праходзяць разнастайныя мерапрыемствы, – заўважае Наталля Мікалаеўна. – А тон у гэтай важнай справе задае ўсім загадчыца аддзела маркетынгу Тамара Круталевіч. Яна аўтар некалькіх цікавых бібліятэчных праектаў, якія добра зарэкамендавалі сябе ў навучальных установах і працоўных калектывах раёна, атрымалі высокую ацэнку ў рэспубліцы. Трэба аддаць належнае гэтаму вопытнаму работніку культуры. За звыш сарака гадоў працы ў бібліятэчнай галіне яна не страціла ні энергіі, ні фантазіі, ні артыстызму на ніве прапаганды кнігі і чытання. Ды і ў дадатак яна валодае ўнікальным краязнаўчым багажом, што дазваляе ёй плённа займацца яшчэ і самавыдавецкай дзейнасцю.

Яшчэ і тэлеграм-канал

Бібліятэкары шчыра рупяцца аб тым, каб у будучыні прага да чытання ў людзей не знікала і сцежка ў бібліятэку не зарастала. Таму смела асвойваюць новыя віды дзейнасці. Так ужо каторы год без бярэзінскіх бібліятэчных работнікаў не абыходзіцца ніводнае культурнае свята ў раёне, вобласці і нават рэспубліцы.

– На рэгіянальным свяце-конкурсе “Бярэзінскія лыжкары” мы прапанавалі ўсім удзельнікам і гасцям мерапрыемства выставу фотаздымкаў з усіх ранейшых мерапрыемстваў, – расказвае кіраўнік. – Уразілі ўсіх крэатыўнасцю і арыгінальнасцю на свяце пісьменнасці ў Капылі, шмат гледачоў сабрала наша выстава на раённым свяце-кірмашы “Дажынкі – 2021”. Ды і ў сваё прафесійнае свята ўсе нашы думкі і памкненні накіраваны на некалькі акцый, прысвечаных Дню народнага адзінства.

І нельга папракнуць сучасную бібліятэку ў тым, што не ідзе яна ў нагу з часам і не працуе на “прасунутага” чытача. Бярэзінская ўстанова культуры адной з першых асвоіла мясцовы тэлеграм-канал і сёння аператыўна размяшчае ўсе бібліяітэчныя навіны.

У падарунак падзяка і … рэканструяваны будынак

Раніцай 15 верасня на абанемент цэнтральнай раённай бібліятэкі ўпершыню завіталі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна
Сакалоўская. Прыйшлі яны да бібліятэкараў не з пустымі рукамі, а з падзякай райвыканкама, грашовай прэміяй і ружамі для загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Святланы Зіноўевай, якая ўсё жыццё шчыруе на бібліятэчнай ніве.

– Вядома ж, прыемна атрымліваць узнагароду ў прафесійнае свята, – гаварыла яна, – для мяне гэта як прызнанне майго прафесіяналізму і вернасці выбранай справе. Дзякуй за ружы, але вельмі хочацца хутчэй пакінуць цесны пакой у раённым цэнтры культуры і ў рэшце рэшт пераехаць у рэканструяваны будынак раённай бібліятэкі. Гэта будзе шыкоўны падарунак бібліятэкарам, нашым чытачам і ўсяму гораду.

Дзень бібліятэк з’явіўся ў краіне ў 2001 годзе па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2001 года, а дата свята – 15 верасня – абраная ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча краіны.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *