Адкрываем купальны сезон

Апошнія дні мінулага тыдня і пачатак гэтага з ростам тэмпературы паветра і значным пацяпленнем пераконваюць нас у тым, што лета, нягледзячы на зацяжную вясну, сёлета ўсё ж будзе, і сонейка нас абавязкова парадуе сваёй цеплынёй, падорыць нам залацісты загар і цудоўны адпачынак на бярэзінскіх пляжах. Некаторыя, найбольш адчайныя і нецярпялівыя, ужо паспелі распачаць купальны сезон, нягледзячы на тое, што вада прагрэлася яшчэ недастаткова і тоіць у сабе небяспеку. Аб правілах паводзін ля вады і аб тым, як пазбегнуць няшчасця ў час адпачынку, гутарым са старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах (“ОСВОД”) Юрыем Палянскім.

-Юрый Міхайлавіч, давайце пачнём са статыстыкі. Вядома, што кожны год у нашым раёне адбываюцца няшчасныя выпадкі ў час купальнага сезона. Колькі падобных здарэнняў было летась?

-За 2020 год службай “ОСВОД” у нашым раёне зарэгістравана два выпадкі гібелі людзей на вадзе. Выратаваны 3 чалавека, з іх двое — непаўналетнія. Наогул, па статыстыцы, сярод дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў патапленне з’яўляецца другой з ліку самых распаўсюджаных прычын смяротнасці пасля дарожна-транспартных здарэнняў. Я думаю, што гэты факт павінен узяць пад увагу кожны з нас, асабліва бацькі.

Мы ж, са свайго боку, яшчэ ў маі, напярэдадні канікул, разам з зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі правялі тэматычны Тыдзень бяспекі на водах. У школах былі арганізаваны гутаркі, інтэлеткульныя гульні, кінапаказы, класныя гадзіны і бацькоўскія сходы па гэтай тэме. Вялася адпаведная работа і ў працоўных калектывах з дарослымі – інструктажы па мерах бяспекі на водах, заняткі па навучанні спосабам ратавання і аказання першай дапамогі асобам, якія тонуць, на інфармацыйных стэндах “ОСВОД” указаны зоны масавага адпачынку на водных аб’ектах і забароненыя для купання месцы і г.д.

-Дарэчы, аб месцах, забароненых для купання. Раённы выканаўчы камітэт штогодна прымае адпаведнае рашэнне. Штосьці памянялася на гэты раз?

— У параўнанні з мінулым годам пералік не памяняўся і ўтрымлівае наступныя месцы: каналы, пруды-копанкі, рэчкі Клява, Уша і Брусяты на тэрыторыі раёна, рака Бярэзіна – на тэрыторыі горада і  раёна ў цэлым, за выключэннем акваторыі, якая прылягае да пляжнай зоны, а таксама вызначаных і ўстаноўленых межаў заплыва ў дазволеных для купання месцах.

Купанне таксама забаронена ў азёрах, якія размешчаны ў вёсках Гарэнічы, Васілеўшчына, Высокая Гара, Паплавы (за выключэннем акваторыі, вызначанай і абазначанай межамі заплыву ў месцы купання); азёрах, размешчаных паблізу вёсак Бялавічы, Каменны Барок, Гута, Вязычын, Паложына, Міхалёва, Журоўка. Да забароненых для купання месцаў адносяцца таксама вадасховішчы каля закрытага акцыянернага таварыства “Клявіца”, каля вёсак Гацец, Вярхлёўка, Мачаск (акрамя акваторыі, вызначанай і абазначанай мяжой заплыву ў месцы купання), штучны вадаём па вуліцы Перамогі г. Беразіно, а таксама абводнены кар’ер на тэрыторыі Капланецкага сельсавета.

Такім чынам, афіцыйна дазволенымі для купання на тэрыторыі горада і раёна названы чатыры месцы. Гэта вадаёмы ў вёсках Паплавы і Мачаск (паўторымся: толькі ў вызначанай акваторыі), рэчка Бярэзіна ў раёне завулка Рачнога і гарадскі пляж (раён вуліцы Ульянава) у г. Беразіно. Акрамя таго, вызначана месца адпачынку каля вады (не на вадзе!) па вуліцы Перамогі г. Беразіно, каля штучнага вадаёма. Зараз названыя месцы для купання прыводзяцца да ладу, каб прыняць да сябе адпачываючых. Але, нажаль, з-за вялікай вады ў рацэ поўнасцю выканаць гэтую работу і адпаведным чынам добраўпарадкаваць пляжы пакуль што не было магчымасці.

-Ну і, нарэшце, Вашы парады або настаўленні тым, хто будзе вабіць свій вольны час каля вады.

-Перш-наперш – захоўваць усе меры бяспекі: прытрымлівацца тэмпературнага рэжыму, пільна сачыць за дзецьмі і, наогул, не пакідаць іх без увагі, ні ў якім разе не лезці ў ваду ў стане алкагольнага ап’янення, не купацца ў невядомых месцах, не скакаць у ваду з самаробных канструкцый, выкарыстоўваць выратавальныя камізэлькі ў час катання на маламерных суднах. Усе гэтыя ісціны добра вядомы кожнаму, галоўнае – захоўваць і прытрымлівацца іх.

— Як, па якіх прыкметах можна пазнаць, што чалавек на вадзе пачынае тануць?

-Размахванне рукамі, пырскі і крыкі ў рэальным жыцці сустракаюцца надзвычай рэдка ў такіх выпадках. Калі чалавек тоне, гэта рэдка калі суправаджаецца нейкімі гукамі. Калі вы знаходзіцеся на беразе або ў вадзе, звяртайце ўвагу на наступныя прыкметы, якія сведчаць аб тым, што чалавек тоне: галава ахвяры пагружана ў ваду, а рот знаходзіцца ля самай яе паверхні, галава адкінута назад, рот адкрыты, валасы закрываюць лоб і вочы, чалавек трымаецца на вадзе ў вертыкальным стане і не робіць рухаў нагамі, дыхае часта і паверхнева, безвынікова спрабуе мэтанакіравана плыць.

Як вызначыць, ці ўсё ў парадку? Задайце плыўцу пытанне: “У цябе ўсё ў парадку?” Калі чалавек хоць штосьці адкажа, хутчэй за ўсё ў яго ўсё ў парадку. А калі вы ўбачыце пусты погляд, у вас ёсць не больш як паўмінуты, каб выцягнуць ахвяру з вады. І яшчэ, запомніце: дзеці, якія гуляюць у вадзе, шумяць. Калі яны заціхлі, будзьце вельмі пільнымі і лепш выцягніце іх з вады, каб даведацца, што здарылася.

Спадзяюся, што нашы парады будуць пачутыя і ўспрыняты належным чынам і сёлетні купальны сезон пройдзе без ахвяр. Добрага ўсім адпачынку каля вады і моцнага здароўя!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ. 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *