Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху прайшоў на Бярэзіншчыне

«Выконваючы Правілы дарожнага руху – захоўваеш жыццё!» — пад такім дэвізам у мінулую пятніцу ў Мінскай вобласці прайшоў Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. У рамках акцыі супрацоўнікі міліцыі наладзілі прафілактычныя гутаркі ў працоўных калектывах, а таксама сярод пешаходаў і вадзіцеляў.

Выступае Дзмітрый Гайдук

Так, начальнік аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Бярэзінскага РАУС Дзмітрый Гайдук сустрэўся з работнікамі Бярэзінскага ПМС, большасць з якіх як пешаходы, так і кіроўцы. У сваім выступленні ён паведаміў аб аварыйнай сітуацыі на дарогах вобласці і раёна, асобна спыніўся на фактах парушэнняў Правілаў дарожнага руху пешаходамі. Звярнуў увагу Дзмітрый Васільевіч і на выкарыстанне вадзіцелямі пры выхадзе з транспартнага сродку святлоадбівальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці. Асноўны акцэнт галоўны дзяржінспектар зрабіў на заклік да ўдзельнікаў дарожнага руху — не заставацца ўбаку, калі яны заўважылі на дарозе нецвярозага пешахода альбо дакладна ведаюць, што аўтамабілем кіруе нецвярозы вадзіцель. Толькі летась па віне такіх гора-кіроўцаў учынена некалькі дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх некалькі чалавек атрымалі траўмы.

— На гэты раз я наўмысна адмовіўся ад лічбавай статыстыкі правапарушэнняў, — заўважыў Дзмітрый Васільевіч, — бо асноўная задача вартавых дарог – папярэдзіць правапарушэнне. Таму, акрамя растлумачэнняў аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, усім удзельнікам прафілактычных гутарак мы даём карысныя парады па бяспечных паводзінах на дарозе, у тым ліку і ў неспрыяльных умовах надвор’я.

Ды і не забыліся бярэзінскія вартавыя дарог наведаць навучальныя ўстановы. На гэты раз іх маршрут ляжаў у ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно”. Ён быў выбраны невыпадкова, бо першакласнік установы ледзь не стаў ахвярай наезду аўтамабіля на нерэгулюемым пешаходным пераходзе. Толькі цудам хлапчук не атрымаў траўмы. Таму яму і іншым вучням наглядны ўрок, як пераходзіць дарогу, правяла супрацоўнік аддзела капітан міліцыі Дзяржаўтаінспекцыі Юлія Сігаёва.

На ўроку бяспекі з Юліяй Сігаёвай

— Можна некалькі разоў паўтараць дзецям, як трэба пераходзіць дарогу, але яно ўсё роўна праз пяць хвілін выветрыцца з іх галавы, — пераканана яна. — Таму лепшы сродак — замацаваць веды на практыцы. Тым больш, што такія заняткі дзятве падабаюцца лепш, чым ушчуванні і напаміны. Думаю, што цяпер здарэнняў з удзелам дзяцей не будзе, ды і яны самі не дадуць бацькам перайсці дарогу няправільна.

Застаецца дадаць, што ў ходзе Адзінага дня бяспекі дарожнага руху выяўлена 13 фактаў парушэнняў дарожнага руху і не зарэгістравана ніводнага дарожна-транспартнага здарэння. Таму інспектары Дзяржаўтаінспекцыі заклікаюць усіх удзельнікаў дарожнага руху быць узаемаветлівымі і асцярожнымі на дарозе.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *