Адзіны дзень інфармавання прайшоў у калектывах Бярэзіншчыны

Якасць і бяспека жыцця. Гэтыя актуальныя пытанні абмеркавалі падчас сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы старшыні Бярэзінскага райвыканкама Аляксандра Мікалаевіча Бабічава з калектывам камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Значны ўплыў на якасць жыцця сёння і дабрабыт будучых пакаленняў аказвае перапіс насельніцтва. Чарговы пройдзе ў Беларусі з 4 па 30 кастрычніка. Пра падрыхтоўку да мерапрыемства і яго асноўныя этапы расказала прысутным начальнік аддзела статыстыкі Бярэзінскага райвыканкама Алена Рыгораўна Мельнік:

— Адметнай асаблівасцю сёлетняй перапісной кампаніі стане адмова ад папяровых носьбітаў і выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій. Упершыню грамадзяне змогуць перапісацца самастойна праз інтэрнэт.

Акрамя таго, часовы перапісны персанал будзе выконваць свае функцыі з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў, праграмнае забеспячэнне якіх дазволіць мець пад рукой электронную карту мясцовасці і пералік пытанняў перапісных лістоў.

Скараціць час апытання дапамогуць звесткі пра ідэнтыфікацыйны нумар, на падставе якога аўтаматычна запоўніцца прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, пол і грамадзянства. Усяго жыхарам краіны прапануюць 49 пытанняў. Упершыню рэспандэнтаў спытаюць аб наяўнасці зямельных участкаў і вырошчваемых на іх культурах, а таксама аб наяўнасці сельскагаспадарчых жывёл.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
З 4 па 18 кастрычніка – інтэрнэт-перапіс. Усе жадаючыя змогуць самастойна запоўніць перапісныя лісты з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў сетцы інтэрнэт. У гэты ж час у асобных арганізацыях і на прадпрыемствах будуць працаваць мабільныя стацыянарныя ўчасткі.
З 19 па 20 кастрычніка – удакладненне адрасоў тых людзей, што яшчэ не перапісаліся.
З 21 па 30 кастрычніка – апытанне вышэйназваных дома або на стацыянарным участку.
Разам з тым, з 4 па 30 кастрычніка, як у горадзе (раённы цэнтр культуры), так і на вёсцы (Капланецкі сельскі Савет) будуць працаваць стацыянарныя ўчасткі – з 9.00 да 20.00 і з 9.00 да 19.00 адпаведна. Абход перапісчыкаў ажыццяўляецца па такім жа графіку.

Пра выкананне правілаў бяспекі на дарозе, як важнага складальніка захавання жыцця і здароўя людзей, нагадаў начальнік Бярэзінскага РАУС Андрэй Міхайлавіч Заяц. Падчас выступлення ён паведаміў таксама пра стан аварыйнасці на тэрыторыі Мінскай вобласці і Бярэзінскага раёна за прайшоўшы перыяд бягучага года. Асобна спыніўся на мерах барацьбы з інтэрнэт-злачынствамі.

Пытанні, якія паступілі членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы, знаходзяцца ў непасрэднай сувязі з забеспячэннем камфорту жыцця. Датычыліся яны якасці пітной вады, добраўпарадкавання праезных частак і пешаходных дарожак, аплаты за абслугоўванне газавых катлоў, работы гарадскога паштовага аддзялення і Бярэзінскай ЦРБ.

На большасць з іх адказы былі дадзены адразу падчас сустрэчы, астатнія ўзяты на кантроль. Дарэчы, да канца 2019 года запланавана завяршэнне будаўніцтва важнага аб’екта “Пазапляцоўкавыя сеткі і збудаванні горада Беразіно Мінскай вобласці”, у структуру якога ўваходзяць станцыя абезжалезьвання і станцыя другога пад’ёму вады. Увядзенне яго ў эксплуатацыю дазволіць на сто працэнтаў забяспечыць бярэзінцаў якаснай пітной вадой.

Гучалі і шчырыя словы падзякі ў адрас сацыяльных работнікаў, дапамога і падтрымка якіх бясцэнны для людзей, што маюць у гэтым патрэбу.

Вынікі сустрэчы падвёў А.М. Бабічаў.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *