Аглядавая камісія Дзмітравіцкага сельвыканкама– у дзеянні

Вёска Шавярнічы сустрэла нас сігналамі клаксана: гэта прыбыўшая аўталаўка абвяшчала вяскоўцам аб магчымасці закупіцца неабходнымі таварамі, і да яе сталі падцягвацца жыхары вуліцы Дзмітравіцкай. З дамоў, размешчаных на ёй, мы і пачалі абход домаўладанняў мясцовых жыхароў, каб напярэдадні наступлення халадоў яшчэ раз праверыць, наколькі падрыхтаваліся яны да будучай зімы, у якім стане знаходзяцца печы і іншыя ацяпляльныя прыборы, электраправодка, аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і як наогул захоўваюцца правілы пажарнай бяспекі.

Электралічыльнік можа размяшчацца і на двары

Забягаючы наперад, адзначу, што ў той дзень члены аглядавай камісіі Дзмітравіцкага сельвыканкама выпісалі толькі адно прадпісанне на ліквідацыю яўных хібаў, якія могуць стаць прычынай бяды, не вельмі рупліваму гаспадару.
Міжвольна звярнуў увагу на такую акалічнасць: па меры росту дабрабыту грамадзян растуць і іх свядомасць, беражлівыя адносіны да сваёй уласнасці, увага да ўказанняў і прапаноў спецыялістаў па недапушчэнні парушэнняў супрацьпажарнай бяспекі. Так, адна з гаспадынь на заўвагу аб тым, што ў яе доме выкарыстоўваюцца пераноскі, запэўніла, што яны – часовыя, будуць ліквідаваны, як толькі ўдасца адшукаць спецыяліста. Інспектар Бярэзінскай інспекцыі “Дзяржэнергагазнагляд” Віктар Дземяшкевіч тут жа ўручае жанчыне памятку з указаннем кантактаў арганізацый, якія маюць права на правядзенне электратэхнічных работ.

Гэтаму гаспадару выпісалі прадпісанне

Патрэбу ў дапамозе адчувае і гаспадар суседняга дома: ён вырашыў устанавіць электракацёл. Патрэбныя для гэтага дакументы ўжо афармляюцца, і гаспадар спадзяецца, што яшчэ да Новага года новая крыніца ацяплення ўступіць у строй і пазбавіць яго ад праблем з набыццём паліва.
Дарэчы, рамонтам дамоў у Шавярнічах занята нямала людзей. Вось гаспадыня дэманструе новую шыкоўную печ, кладкай якой займаўся спецыяліст з Мінска, другая жанчына прапануе параўнаць частку дома, у якой праведзены рамонт, і тую, дзе ён яшчэ не пачынаўся. Яшчэ адзін мужчына цікавіцца, што патрэбна для таго, каб устанавіць электракацёл… Зразумела, што падчас добраўпарадкавання свайго жылля гаспадары клапоцяцца не толькі аб наданні яму сучаснага выгляду, але і забяспечваюць яго новай праводкай, пракладваюць яе ў адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняга дня. Ды і печы не выклікаюць нараканняў.
Але заўвагі ў членаў камісіі ўсё ж былі. Найбольш яўныя і частыя – непрыхаваныя ў кораб канцы скручаных правадоў, парушэнне пракладкі правадоў у падсобныя памяшканні, схаваная пад шпалерамі праводка, адсутнасць у жылых пакоях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, недастатковая пракладка ў печах, нявытрыманыя памеры прытопкавых лістоў. Ліквідацыя такіх недапрацовак вялікіх грошай не патрабуе, а ад бяды пазбавіць можа.
Дарэчы, што яшчэ кінулася ў вочы пры наведанні Шавярніч: гэтая, некалі ледзь не самая вялікая ў раёне вёска, сёння населена не так густа, і значная частка домаўладанняў, атрыманая дзецьмі ў спадчыну, ператвараецца ў дачныя дамы, якія становяцца жылымі толькі на летні перыяд.
Наведалі ў той дзень мы і некалькі дзмітравіцкіх адрасоў, прычым, зрабілі гэта мэтанакіравана – да шматдзетнай сям’і, да сям’і, у якой выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, да адзінока пражываючай састарэлай жанчыны. Не аказалася істотных заўваг і тут, бо названыя катэгорыі члены аглядавай камісіі наведваюць часта і трымаюць пад асаблівым кантролем, таму і існуе там належны парадак.
А вось асабіста ў вас ён таксама наведзены, і будучая зіма вам не пагражае ніякімі непрыемнымі сюрпрызамі? Пакуль час яшчэ застаўся, паклапаціцеся пра сваю спакойную зімоўку.

Анатоль ПАЛЫНСКІ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *