Аглядавыя камісіі – работа пачалася

Прайшло першае ў новым годзе пасяджэнне раённай рабочай камісіі па каардынацыі дзейнасці аглядавых камісій на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Навіцкім.

Прысутныя падвялі вынікі работы суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый за мінулы год і акрэслілі задачы на бягучы.

Начальнік Бярэзінскага РАНС Мікалай Андрыевіч акцэнтаваў увагу на абстаноўцы па пажарах, што склалася ў раёне, і гібелі людзей на іх. Так, летась зарэгістраваны 41 пажар, дзе загінулі 3 чалавекі. Асноўныя прычыны — парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых агрэгатаў, электрасетак, неасцярожнае абыходжанне з агнём і свавольства дзяцей. Таму асаблівую ўвагу сёлета падчас прафілактычна-растлумачальнай работы неабходна звяртаць на дзяцей, якія павінны знаходзіцца пад пільным кантролем дарослых, і людзей з асацыяльнымі паводзінамі.

Немалаважнае значэнне тут мае дакладная і зладжаная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Ды і клопат кожнага пра ўласную бяспеку дапаможа домаўладальнікам пазбегнуць негатыўных наступстваў.

Дарэчы, найбольш плённа ў мінулым годзе спрацавала аглядавая камісія Дзмітравіцкага сельвыканкама. На яго тэрыторыі назіраецца зніжэнне колькасці пажараў. Са станоўчага боку адзначана і дзейнасць рэдакцыі раённай газеты як суб’екта прафілактыкі. Днямі калектыўная скарбонка папоўнілася дыпломам ад Мінскага абласнога ўпраўлення МНС па выніках мінулагодняга конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і асноў бяспекі жыццядзейнасці.

Алена МУРАЧ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *