Акцыя «Нашы дзеці» крочыць па Бярэзіншчыне

Дарыце любоў і дабрыню!

Самая доўгачаканая падзея Новага года — галоўная ёлка краіны! У Палацы Рэспублікі з 24 снежня па 4 студзеня не заціхалі дзіцячая гамана і шчаслівы смех. Дзятва прыязджала сюды з самых розных куточкаў Беларусі. Святочны настрой стваралі казачныя персанажы, конкурсы і віктарыны. Па традыцыі, госці свята — гэта не толькі тыя, хто застаўся без бацькоўскай увагі і мае патрэбу ў клопаце, але і тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія перамагалі на алімпіядах, конкурсах і ў спартыўных спаборніцтвах. У ліку гэтых шчасліўшчыкаў і пяцёра рабят з Бярэзінскага раёна.

Вучаніца СШ №2 Вераніка Палягошка летась стала пераможцай конкурсу “Я–даследчык!”. Другой яркай падзеяй у жыцці дзяўчыны стаў удзел у галоўнай ёлцы краіны

Галоўную ёлку краіны інакш называюць прэзідэнцкай, бо тут па добрай традыцыі дзятву віншуе з Новым годам кіраўнік дзяржавы. Сёлета ён  сваімі шчырымі вінша-ваннямі абыграў назву навагодняга прадстаўлення “Чароўны свет”.

— Чароўны свет — гэта перш-наперш любоў і  дабрыня, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да дзяцей. — Дарыце ўсім сваю любоў і дабрыню. Калі вы будзеце іншым дарыць гэтыя пачуцці, вы заўсёды будзеце любімымі і атрымаеце тую ж дабрыню ў адказ.
Галоўная ёлка краіны — кульмінацыя дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Вось ужо 26 гадоў яна злучае тысячы людзей, каб падарыць веру і напоўніць дабрынёй сэрцы юных беларусаў. Менавіта з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў нашай краіне стала добрай традыцыяй уключацца ў марафон добрых спраў. Ды і якое навагодняе свята без падарункаў. Адзін з іх – чароўная навагодняя казка, а другі – салодкі гасцінец!

 

Да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” далучыліся актывісты пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ЦБП №602 філіяла 612 ААТ “Беларусбанк”, прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын і супрацоўнікі банка. Яны з падарункамі, навагоднімі пажаданнямі завіталі да шматдзетнай сям’і Някрасавых з Беразіно. — Дарагія дзеці, бацькі, віншуем вас са святамі, — гаварылі Дзядуля Мароз і Снягурка. – Жадаем вам верыць у цуды, якія абавязкова напаткаюць. Цудоўнага святочнага настрою, бадзёрасці, аптымізму і ўсмешак!

Да акцыі далучыўся Бярэзінскі раённы аддзел Следчага камітэта. Начальнік аддзела Сяргей Жыліч павіншаваў сям’ю Ермалінскіх. Уручыў падарунак Уладзіміру, а матулі яго Алене Аляксандраўне пажадаў здароўя, мужнасці і цярпення

А вы бачылі “святочную” машыну?!

Крэатыўнае і незвычайнае мерапрыемства ў межах дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” арганізавала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Аўрамчык.

Напэўна, многія  25 снежня вечарам заўважылі Кацярыну, якая “калясіла” па горадзе на незвычайным аўтамабілі, што свяціўся рознакаляровымі навагоднімі агеньчыкамі.

— Хацелася неяк незвычайна павіншаваць усіх бярэзінцаў з надыходзячымі святамі, дабавіць яркіх фарбаў у жыццё, падарыць пазітыў, — заўважае К. Аўрамчык. – Здаецца, атрымалася! Я ўпрыгожыла машыну і выехала вечарам у горад. Каля дзетак, якіх сустракала, спынялася, дарыла падарункі (цукеркі, мяккія цацкі). Дзесьці за гадзіны тры павіншавала са святам каля 60 хлопчыкаў і дзяўчынак і іх бацькоў. Як рэагавалі бярэзінцы на такое незвычайнае віншаванне?! Усміхаліся і фатаграфаваліся на памяць!

Мілана ТРАПЯНОК.

Юлія БУКЕЛЬ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *