Актуальнае інтэрв’ю з урачом-эпідэміёлагам Бярэзінскага РЦГЭ Вольгай ЖУКОВСКАЙ

Якая сёння эпідэміялагічная сітуацыя ў Бярэзінскім раёне, якія меры прафілактыкі неабходна захоўваць, каб зберагчы сябе ад “кароны”, хто абавязкова павінен насіць сродкі індывідуальнай аховы, чаму так важна зрабіць “укол ад грыпу”… Аб гэтым мы пагутарылі з урачом-эпідэміёлагам Бярэзінскага РЦГЭ Вольгай ЖУКОЎСКАЙ.


— Вольга Мікалаеўна, якая эпідэміялагічная сітуацыя ў раёне?
— Пакуль стабільная. Ёсць выпадкі захворвання. Але мы робім усё магчымае, каб не дапусціць масавага распаўсюджвання “кароны”. Адзін з накірункаў дзейнасці – правядзенне эпідэміялагічнага расследавання. Гэта значыць, складаецца спіс кантактаў першага ўзроўню, пацыентаў, у якіх дыягнаставана каранавірусная інфекцыя. Дадзеныя акумуліруюцца, удакладняюцца і перадаюцца ў РАУС, ЦРБ.
— Да прыкладу, у пацыента пацверджана каранавірусная інфекцыя, як выяўляюцца кантакты першага ўзроўню?
— Мы праводзім апытанне, цікавімся ў чалавека, з кім ён меў зносіны апошнія 14 дзён. Затым тэлефануем гэтым людзям. Пытаемся, як даўно кантактавалі з тым або іншым чалавекам. Калі разам пражываюць, працуюць, то выдаецца прадпісанне аб захаванні самаізаляцыі. У гэты ж дзень адкрываецца бальнічны ліст.
— Людзі якога ўзросту часцей за ўсё хварэюць на каранавірусную інфекцыю?
— Ніхто не застрахаваны. Хварэюць усе. Так, летам было больш пажылых людзей, у якіх дыягнаставалася каранавірусная інфекцыя. Бо ў наш раён прыехала шмат дачнікаў, а ў большасці – яны людзі пажылога ўзросту. Статыстыка за апошнія два месяцы такая (дадзеныя на 21 верасня): пацыентаў з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй да 6 гадоў – 6,2%, ад 7 да 17 – 11,8%, 18-30 – 10,8%, 31-40 – 11,8%, 41-50 — 17,2%, 51-60 – 28,6%, 61-70 – 8,2%, 71-80 — 2%, 81 і старэй — 3,4%.
— А хто часцей за ўсё хварэе, вяскоўцы ці гараджане?
— Калі аналізаваць статыстыку, то за апошнія два месяцы 57,9% пацыентаў – гарадскія жыхары, 42% — вяскоўцы.
— Большасць пацыентаў – людзі пенсійнага ўзросту. Вашы рэкамендацыі: як ім абараніць сябе ад “кароны”?
— Так, для людзей пажылога ўзросту існуе вялікая рызыка “падхапіць” карону. Таму неабходна дасканала выконваць усе меры прафілактыкі. Па-першае, падчас уздыму вострых рэспіраторных захворванняў (канец верасня – лістапад) пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей. На пошту, у банк, у магазіны хадзіць, як кажуць, не “ў час пік”, каб звесці да мінімуму кантакты. Бясспрэчна, у месцах масавага знаходжання людзей (гандлёвы аб’ект, банк, пошта, бальніца) насіць маскі, апрацоўваць рукі антысептычнымі сродкамі, захоўваць дыстанцыю. Падчас уздыму захворванняў, лепш за ўсё, не хадзіць у госці. А з роднымі, блізкімі гутарыць па тэлефоне. І, бясспрэчна, зрабіць прышчэпку ад грыпу. Бо ў большасці насельніцтва імунітэт аслаблены, таму захворванне часцей за ўсё праходзіць з ускладненнямі.
— Як засцерагчы дзяцей ад захворвання?
— Калі заўважылі, што ў дзіцяці ёсць сімптомы вострых рэспіраторных захворванняў (кашаль, насмарк, тэмпература), не адпраўляйце яго ў школу, дзіцячы садок, а своечасова звяртайцеся за медыцынскай дапамогай. У перыяд уздыму вострых рэспіраторных інфекцый не наведвайце з дзецьмі месцы масавага знаходжання людзей. Гэта датычыцца гульнявых пакояў, забаўляльных месцаў. Так, там праводзяць па графіку ўборку, праветрываюць памяшканне. Але ж, пагадзіцеся, нельга працерці кожную цацку… А да іх датыкаецца ў дзень велізарная колькасць людзей. Бацькам, у якіх маленькія дзеткі, рэкамендуем больш гуляць з імі на свежым паветры. Але выбіраць месцы для прагулак нешматлюдныя. Лепш за ўсё — каля возера, у парку…
Таксама, паважаныя бацькі, не забывайцеся зрабіць сваім дзеткам прышчэпку ад грыпу. Бо для дзяцей вельмі небяспечная так званая “мікст” інфекцыя: каранавірус+грып.
— Раскажыце, калі ласка, хто павінен абавязкова насіць сродкі індывідуальнай аховы?
— Ёсць пастанова Міністэрства аховы здароўя і Санітарныя нормы і правілы «Патрабаванні да арганізацыі і правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне заносу, узнікнення і распаўсюджвання грыпу і інфекцыі COVID-19». Згодна з гэтым дакументам, наймальнік у перыяд эпідэмічнага ўздыму захворвання каранавіруснай інфекцыяй на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання павінен рэгулярна праводзіць вільготную ўборку санітарных і бытавых памяшканняў з выкарыстаннем дэзсродкаў, а таксама забяспечваць супрацоўнікаў, якія абслугоўваюць людзей, сродкамі індывідуальнай аховы органаў дыхання. У гандлёвых аб’ектах, калі перад касай няма засцерагальнага экрана, незалежна ад спецыялізацыі аб’екта (прадукты, будаўнічыя матэрыялы, адзенне, тэхніка), і прадаўцы непасрэдна кантактуюць з пакупнікамі, то для ўласнай бяспекі і бяспекі пакупнікоў рэкамендавана выкарыстоўваць маскі, рэспіратары альбо шчыткі. На жаль, многія прадаўцы ігнаруюць гэтае патрабаванне. У большасці ёсць сродкі індывідуальнай аховы, але яны ляжаць у кішэні або няправільна выкарыстоўваюцца (не закрываюць нос і рот). Прыходзім, тлумачым, што неабходна насіць маску. Бо сярод пакупнікоў могуць быць людзі, якія без сімптомаў “кароны” з’яўляюцца яе носьбітамі. Расказваем, як правільна насіць маску: яна павінна шчыльна прылягаць да рота і носа. Мяняць сродак аховы трэба кожныя 2-3 гадзіны (нават шматразовыя).
— Калі бачыце, што работнікі вышэйназваных устаноў не карыстаюцца маскамі, вашы дзеянні?
— Супрацоўнікі аддзела гігіены штодня кантралююць захаванне прафілактычных рэкамендацый на аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя. Мы звяртаем увагу, у першую чаргу, ці ёсць у работнікаў сродкі індывідуальнай аховы, антысептыкі, як апрацоўваюцца памяшканні, ці прадугледжаны лініі дыстанцыі ў аб’ектах гандлю, ці захоўваюцца нормы сацыяльнага дыстанцыравання. Калі ёсць парушэнні, выпісваем наймальніку прадпісанне, каб у мінімальныя тэрміны выправіў недахопы. Нагадваем, што ад гэтага залежыць здароўе саміх работнікаў, іх блізкіх, родных.
— А якія прафілактычныя меры павінны захоўвацца ва ўстановах адукацыі?
— Штодня ва ўстановах адукацыі кожнаму (настаўнік, выхавальнік, дзеці, тэхнічны персанал) абавязкова вымяраецца тэмпература цела, запісваюцца дадзеныя ў спецыяльны журнал. Рассадка дзяцей у класе — з захаваннем дыстанцыі. У памяшканнях павінны быць дазатары з антысептычнымі сродкамі, мыла. Не лішнім будзе, калі бацькі дзецям старэйшага ўзросту дадуць з сабою ў школу антысептыкі, антыбактэрыяльныя сурвэткі.
— Каму яшчэ неабходна выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы?
— Вядома ж, усім медыцынскім работнікам. А таксама тым, хто непасрэдна кантактуе з людзьмі: ва ўстановах адукацыі, банках, на пошце, у транспарце, салонах прыгажосці… Наймальнік павінен забяспечыць работнікаў сродкамі аховы і кантраляваць, ці добрасумленна яны выкарыстоўваюцца.

Падрыхтавала Юлія БУКЕЛЬ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *