Аляксандр Цыбулька: “Сельвыканкам – адзін вялікі дом”

На свяце працы старшыні Пагосцкага сельвыканкама Аляксандру Цыбульку ўручылі ганаровую грамату за добрасумленную, плённую працу. І сёння мы накіроўваемся ў аграгарадок Пагост, каб даведацца, што на парадку дня старшыні.

Работа з людзьмі

На гадзінніку яшчэ няма і васьмі гадзін раніцы, а Аляксандр Пятровіч спяшаецца на працу.

– Шчыра прызнаюся, дзейнасць старшыні сельвыканкама не абмяжоўваецца рабочым графікам. Справай патрэбна жыць пастаянна, — пачынае гутарку А. Цыбулька. – Да прыкладу, я яшчэ не прыйшоў у свой кабінет, а работа ўжо пачалася. Жыву ў Любушанах, пакуль еду, бачу, што там не вывезлі смецце, у іншым месцы – не працуюць ліхтары… Сустракаю вяскоўцаў, яны таксама звяртаюцца з пытаннямі, просьбамі, пажаданнямі. І ў выхадныя дні – таксама на працы.

Старшыня Пагосцкага сельвыканкама Аляксандр Цы-булька зазірнуў да жыхаркі аграгарадка Пагост Анэты Толкач

Я шмат гадоў адпрацаваў дырэктарам Любушанскай школы, там таксама праца не самая лёгкая, але, напэўна, больш спакойная. А тут – у сельвыканкаме – не ведаеш, што чакае заўтра і кожны дзень.

А спраў у старшыні, сапраўды, хапае. Асабліва вясной, калі “кіпіць” работа па добраўпарадкаванні. Аляксандр Пятровіч не затрымліваецца ў кабінеце. Крыху “разабраў” дакументы — і адразу на вёску.

– Работа з людзьмі. Імкнёмся зрабіць жыццё вяскоўцаў больш камфортным, утульным. І, ведаеце, жыхары вёсак не патрабавальныя, не капрызныя. Каб былі добрыя дарогі, гутарка ідзе не пра асфальтаванне, а проста – добраўпарадкаванне. Асвятленне без перабояў. Своечасовы вываз смецця. Так, і ў нас узнікаюць пытанні і не ўсё гладка, як хацелася б, але са свайго боку імкнёмся дапамагаць вяскоўцам у вырашэнні праблем, — дзеліцца ў гутарцы Аляксандр Пятровіч, пакуль едзем па Пагосце.

Заўважаю, што ў аграгарадку не проста “кіпіць”, а нават “бурліць” работа па добраўпарадкаванні. Каля вясковых могілак ужо высеклі хмызняк. Працуе тэхніка.

Вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол могілак у Пагосце

– Вясной асноўная задача – навядзенне парадку. Зараз плённа шчыруем на могілках у Пагосце. Да гэтага навялі парадак у Бярозаўцы: прыбралі сучча, абгарадзілі. Каля вёскі Рубяжы высякаем хмызняк, выразаем дрэвы. У бліжэйшы час плануем паставіць і там агароджу. У планах на гэты год – добраўпарадкаванне могілак у Лешніцы (там даволі значны аб’ём работ: замяніць агароджу, выразаць старыя дрэвы, высекчы хмызняк). Спраў хапае! – заўважае старшыня. – У нас жа толькі адных могілак 26, і ўсе неабходна добраўпарадкаваць. – Што яшчэ ў планах? З маштабнага – навядзенне парадку ў Лешніцы. Магчыма, менавіта там пройдуць “Дажынкі-2021”, таму неабходна дасканала падрыхтавацца да свята і сустрэчы гасцей.
Едзем далей… Не толькі добраўпарадкоўваецца тэрыторыя каля могілак, але і абнаўляюцца вуліцы.

– Для мяне сельвыканкам – адзін вялікі дом. А дома ж хочацца чысціні і парадку. Таму робім для гэтага ўсё магчымае, — сцвярджае А. Цыбулька.

У Любушанах дом А. Цыбулькі знаходзіцца непадалёк ад пажарна-аварыйнага паста. – І “сэрца” сціскаецца, калі чую гук сірэны. Адразу – “рой” думак: штосьці здарылася…, – падзяліўся ён

Добраўпарадкаванне з любоўю

– Але радуе, што большасць вяскоўцаў – дбайныя гаспадары, – дадае Аляксандр Пятровіч.

І мы ў гэтым пераконваемся. Сапраўды, у Пагосце шмат прыгожых дамоў. І нягледзячы на тое, што Аляксандр Пятровіч працуе старшынёй толькі тры гады, амаль усіх, хто пражывае на тэрыторыі сельвыканкама, ведае. А людзі ведаюць свайго старшыню, з павагай да яго ставяцца. Мы зазірнулі да Анэты Толкач. Жанчына паважанага ўзросту. Але дбайная гаспадыня. На двары – парадак!

— Жыву адна. З дзяцінства прывучана да працы. Таму і на пенсіі не сяджу на месцы. А зараз жа вясна – самы час папрацаваць. Навяла парадак каля дома, рыхтуюся да пасадкі агарода, — заўважае гаспадыня. – Нават трымаю невялікую гаспадарку: куры і любімыя каты. Атрымлівую пенсію, якой мне хапае. Аб чым яшчэ марыць?! Ці задаволена работай нашага старшыні? Цудоўны гаспадар, таму і імкнецца, каб наш сельвыканкам быў прыгожым і ўтульным. А мы рухаемся далей па аграгарадку…

– Радуе вока, калі гляджу на сядзібы вяскоўцаў. Вось паглядзіце, як чыста і ўтульна каля дома былога настаўніка Мікалая Фурса. А колькі шпакоўняў усталявана на дрэвах, напэўна, больш за 30! Выдзяляецца і добраўпарадкаванае жыллё Тамары і Васіля Чайчыцаў. Зазірнулі і да іх.

– Кожную вясну з мужам наводзім парадак. Дапамаюць і дзеткі. Патрэбна пастаянна займацца домам, тады і будзе вынік. І рабіць гэта з любоўю. Пасеялі расаду, добраўпарадкавалі цяпліцу, абрэзалі дрэвы, плануем у бліжэйшы час іх падкарміць, — заўважаюць гаспадары.

Кажуць, што вёска “жыве”, калі будуюцца новыя дамы. Заўважаю, што і ў Пагосце будоўля не заціхае.

– Так, нядаўна маладая сям’я, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, пачала будавацца. І гэта, вядома ж, радуе! Хочацца, каб шматдзетныя, маладыя сем’і не збягалі ў горад, а ўладкоўвалі жыллё на вёсцы, — дадае Аляксандр Пятровіч.

У Пагосце нямала руплівых гаспадароў. Гэта дом былога настаўніка Мікалая Фурса

А што з лядашчымі дамамі?

Яшчэ адзін накірунак дзейнасці сельвыканкама – ліквідацыя лядашчых дамоў.

– Справа таксама не з лёгкіх. І робіцца не хутка! Спачатку збіраем дакументы. Накіроўваем іх у кампетэнтныя органы камунгаса, падатковую інспекцыю, энергетыкам, каб атрымаць адказ, колькі гадоў не аплачваюць паслугі ў гэтым жыллі. Тады можам пацвердзіць, што тут даволі значны перыяд часу ніхто не пражывае, дамы не выкарыстоўваюцца. Затым займаемся пошукам уладальнікаў ці наследнікаў.

У мінулым годзе знеслі чатыры аварыйныя дамы, столькі ж плануем – і ў бягучым (дамы ў Лісітніку, Лешніцы, Быковічах і Дулебах). Як выкарыстоўваем тэрыторыю, дзе стаяла жыллё?! Усё індывідуальна. Да прыкладу, зямлю, на якой знаходзіўся адзін з лядашчых дамоў у Пагосце, плануем далучыць да сельскагаспадарчых.

Дастукацца да кожнага!

– Што самае складанае ў нашай рабоце?! Адразу і не скажаш. Кожны від дзейнасці – асаблівы. Да прыкладу, цяжкасці ў рабоце аглядавай камісіі звязаны з тым, што да людзей няпроста дастукацца. Каля 100 чалавек вядуць асацыяльны лад жыцця. Менавіта з імі і праводзім прафілактычную работу. Запрашаем на пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку. Хочацца адзначыць, што змагаемся з асацыяльнымі асобамі разам з маладым участковым інспектарам міліцыі Максімам Кашлачовым. Ён у нас працуе нядаўна, але адказны і добрасумленны. Ведае свой участак, бо сам з Пагоста.

Дарэчы Пагосцкі сельскі выканаўчы камітэт прызнаны лепшым пунктам аховы правапарадку па выніках работы за мінулы год.

Славяцца працай

Увогуле, у сельвыканкаме працуюць чатыры спецыялісты Антаніна Бурая, Таццяна Цэдрык, Віктар Хорсун, Святлана Кавалёнак і старшыня.

– Мне пашчасціла з калектывам. Усе працуюць тут даўно, дасканала ведаюць сваю справу. Памятаю, як толькі прыйшоў сюды, перажываў, як спраўлюся, ці ўсё атрымаецца.

Але дзякуючы калектыву, спраўляемся з пастаўленымі задачамі. Радуе, што не адмаўляюць у дапамозе і кіраўнікі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, лясніцтваў. Разам, дружна мы наводзім парадак у нашым доме!

На тэрыторыі Пагосцкага сельвыканкама пражывае 2631 чалавек. Знаходзяцца 45 вёсак, 2 сельгаспрадпрыемствы (“Пагосцкі”, “АграМАЗ”), у тым ліку і “Клявіца”, 3 лясніцтвы (Пагосцкае, Любушанскае, Мачаскае), Пагосцкая ўрачэбная амбулаторыя, 3 ФАПы і аптэка, 3 школы і 3 сельскія дамы культуры (у Лешніцы, Любушанах і Пагосце) і бібліятэка (у Мачаску).

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *