“Апошні званок — гэта сум развітання і новы этап жыцця…..” 

 

Ёсць у школьным жыцці асаблівыя святы. Яны пакідаюць добрую памяць, колькі б гадоў ні было вучню. Гэта святы першага і апошняга званка. І калі першы званок поўніцца радасцю сустрэчы, то ў апошнім адчуваюцца ноткі суму, у першую чаргу, для выпускнікоў… 
Для іх свята апошняга званка — заўсёды хвалюючы момант: яно нагадвае аб развітанні з дзяцінствам, пачатку новага этапа жыцця. Кожнаму з іх шчаслівага шляху, здзяйснення мару у час святочных лінеек жадаюць педагогі, школьныя сябры, бацькі. Такія пажаданні падчас урачыстай лінейкі прагучалі ў адрас выпускнікоў Бярэзінскай гімназіі горада.

Гімназія горада адправіла ў дарослае жыццё 46 сваіх выпускнікоў 11 — ых класаў. На святочную лінейку, каб павіншаваць юнакоў і дзяўчат, прыйшлі бацькі, блізкія і сябры і, вядома ж, ганаровыя госці. Сярод іх — выконваючы абавязкі першага намесніка старшыні райвыканкама Карына Аруцюнян, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Заяц.
Урачыстая лінейка з нагоды заканчэння навучальнага года распачалася Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выпала сёлета выдатніку, дыпламанту алімпійскага руху Дзмітрыю Вансевічу.
Са святам апошняга званка прысутных сардэчна павіншавала выконваючая абавязкі першага намесніка старшыні райвыканкама Карына Аруцюнян.      Яна пажадала выпускнікам не баяцца цяжкасцей, паставіць перад сабой мэту і прыкласці ўсе намаганні для яе дасягнення.

На апошнюю сустрэчу з выпускнікамі Карына Герыгінаўна прыйшла не з пустымі рукамі, а як і належыць на свята — з Пачэснымі Граматамі ад райвыканкама за поспехі ў спорце, творчай, даследчай дзейнасці і вучобе. Пасля яе надышоў час уручэння ўзнагарод ад начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алесі Цітовай.

Самыя цёплыя, удзячныя словы адрасаваў сваім выпускнікам дырэктар гімназіі Віталь Дудко. Калегам — за іх нялёгкую працу, бацькам гімназістаў — — за разуменне і падтрымку, вучням — за стараннасць і настойлівасць у авалоданні ведамі.

– 2020-2021 навучальны год складваўся няпроста, – гаварыў ён прысутным. – Пандэмія, палітычны крызіс і шэраг іншых пытанняў наклалі свой адбітак на нашу дзейнасць, але вучні гімназіі разам са сваімі настаўнікамі прыклалі шмат намаганняў для дасягнення значных вынікаў у вучобе, спорце і грамадскім жыцці.

Сёлетні выпуск гімназіі і сапраўды асаблівы, бо 14 юнакоў і дзяўчат маюць намер скончыць навучальную ўстанову з атэстатам асаблівага ўзору. Ды і астатнія не падвялі сваіх педагогаў. Так Ілья Крушны вялікі аматар бегу і дастойна абараняў лёткаатлетычны гонар гімназіі, ды і раёна на міжнародных спаборніцтах. Не варта забыцца і пра Ілью Барбарчыка – пераможцу раённага конкурсу “Зорачкі надзей” і прадметнай алімпіяды па нямецкай мове. Яго залаты голас і шыкоўныя песні з рэпертуара Мусліма Магамаева дастойна ўпрыгожылі школьную лінейку. Ды і пра кожнага свайго выпускніка класныя кіраўнікі Надзея Кудра і Алена Касоўская могуць расказаць шмат добрага, развітвацца са сваімі вучнямі ім заўсёды вельмі цяжка.
Адным з самых уражваючых момантаў свята апошняга званка былі словы падзякі ад выпускнікоў. Іх выступленне выклікала ў прысутных шчырыя ўсмешкі замілавання.
Па традыцыі, прагучаў апошні школьны званок, ганаровае права даць яго было прадастаўлена выпускнікам Ілью Барбарчыку і Алене Крот. Дзяўчынка – выдатніца вучобы і добры знаўца французскай мовы, якая была ўдзельніцай абласной алімпіяды па гэтым прадмеце.
А потым, як сімвал здзяйснення сваіх самых запаветных мар і спадзяванняў грымнуў вальс у выкананні адзінаццацікласнікаў. Ён атрымаўся надзвычай шчымлівым і пранікнёным, як і школьнае свята апошняга званка.

 

У мінулую суботу свята апошняга званка прайшло ва ўсіх навучальных установах. Асабліва шчымлівым гэта стала для 146 вучняў 11 –ых класаў, сярод якіх 46 — з Бярэзінскай гімназіі і ўсяго 3 – з ДУА “Любушанскі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа”

На урачыстых мерапрыемствах вучням Бярэзіншчыны былі ўручаны ўзнагароды райвыканкама, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і ўстаноў. Іх разам з грашовымі прэміямі на суму звыш 9 тысяч рублёў атрымалі 143 вучні.

Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ і Юліі БУКЕЛЬ.           

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *