Апрацоўка аўтобусаў і масачны рэжым

“Карона”, як сведчыць статыстыка, пакуль не адступае. Таму ўсім (нават тым, хто прывіўся!) абавязкова неабходна захоўваць усе нормы прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Сёння мы вырашылі зноў зазірнуць у філіял “Аўтамабільны парк №22” і паглядзець, як тут “змагаюцца” з пандэміяй.


Падлога, поручні, сядзенні!
Заўважаем, што адзін з аўтобусаў якраз вярнуўся з ранішняга рэйса і “прымае” душ.
— Мы заўсёды клапоцімся пра бяспеку пасажыраў, — тлумачыць дырэктар філіяла Артур Новікаў. – Два разы на дзень, раніцай і вечарам, пасля вяртання з лініі аўтобусы апрацоўваюцца. Гэта справа ў нас ужо адладжаная, працуем, як механізм.
І, сапраўды, аўтобус вельмі хутка апрацоўваюць, але якаса. Спачатку мыйшчыца-прыбіральшчыца Валянціна Несцяровіч апырсквае падлогу, поручні, шкло, сядзенні з дапамагой пульверызатара антысептычнымі сродкамі, а затым – працірае.
— Для нас гэта ўжо звыклая праца! – заўважае жанчына. – Прывыклі! Робім усё магчымае, каб зберагчы здароўе нашых пасажыраў.
Маскі!
А ці захоўваюць пасажыры масачны рэжым? Адпраўляемся ў рэйс па маршруце “Сырзавод-ПМК182”. Пры ўваходзе ў аўтобус аб’ява: “Уваход толькі ў масцы”! І большасць пасажыраў, сапраўды, у сроках індывідуальнай аховы органаў дыхання.
— Я сама падчас другой хвалі перахварэла, — расказвае адна з пасажыраў. – Праходзіла лячэнне дома, але было настолькі дрэнна, што больш такога не хачу. Таму абавязкова прайшла вакцынацыю і захоўваю ўсе нормы прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Часта карыстаюся грамадскім транспартам і езджу толькі ў масцы!
Заўважаем, што вадзіцель аўтобуса і кандуктар таксама ў сродках індывідуальнай аховы органаў дыхання.
— Ці складана ўвесь дзень у масцы? Ужо прывыклі: без маскі нават нязручна, — заўважае кантралёр Станіслава Габец. – Ці прытрымліваюцца пасажыры масачнага рэжыму? Большасць – так. Асабліва заўважыла, што людзі сталага ўзросту амаль усе ў масках, некаторыя нават у пальчатках. Але, вядома ж, ёсць і тыя, хто ігнаруе гэтае патрабаванне. Тады я нагадваю, што неабходна насіць маскі. Як рэагуюць на заўвагі? Па-рознаму! Многія адказваюць, што проста сёння забыліся маску, а так абавязкова носяць.
І на вакзале – у масцы!
На ўваходзе ў аўтавакзал таксама вітае аб’ява “Уваход толькі ў масцы”. Работнікі кас працуюць у масках. Ёсць дазатары з антысептычнымі сродкамі. Але заўважем, што пасажыраў у масках няшмат. Назіраю: пакуль знаходзімся на вакзале (а гэта хвілін 30), ніхто не падышоў, каб апрацаваць рукі антысептыкам.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *