Арыгінальнасць “с изюминкой”

Напярэдадні Першамая стартуе праект “Прафесіяналы – у творчасці”. Героямі яго стануць актывісты прафсаюзнага руху, якія не толькі славяцца працай, але і праявілі сябе ў творчасці.

Творчы інжынер-лабарант

І першая гераіня праекта – Святлана Хамічонак. Са Святланай Віктараўнай, думаю, многія бярэзінцы завочна знаёмы даўно. Чаму? Згадайце шэсце перад Новым годам. Вытворчы цэх № 6 ААТ “Мінск Крышталь” здзівіў незвычайнай карэтай. “Галавой” яе быў сімвал года – бык. Мяне яшчэ тады непакоіла пытанне, хто стварыў такую прыгажосць?! Як аказалася, інжынер-лабарант Святлана Хамічонак.

Некаторыя вырабы асабліва каштоўны для Святланы: бык, карнавальная маска і Баба-Яга

– Гэта – мая спантанная, але, як ні дзіўна, адна з самых любімых работ. Памятаю, рыхтаваліся да раённага навагодняга свята “Запалім ёлку разам”. Кожнаму прадпрыемству неабходна было прадставіць казачны аўтамабіль. Вырашылі, што ў нас будзе навагодняя карэта. Цудоўна! Але ж яна павінна быць незвычайнай, як кажуць, “с изюминкой”. Доўга “ламала” галаву, што прыдумаць! І тут прыйшла ідэя: стварыць быка. Ён выраблены ў тэхніцы пап’е-машэ. Спатрэбілася шмат паперы, цярпення і ўседлівасці. Дапамагалі калегі. Гэта ж усё ручная работа: паперу неабходна парваць і прыклеіць, і так у шмат слаёў… Усе дружна стараліся зрабіць нашага бычка самым прыгожым і арыгінальным. Здаецца, атрымалася!

30 красавіка ў раённым цэнтры культуры адкрываецца прафсаюзная выстава “Людзі розных прафесій у творчасці”. Там прадстаўлены і творчыя шэдэўры Святланы Хамічонак.

Карнавальная маска

Напярэдадні навагодніх свят раённы цэнтр культуры праводзіў конкурс “Карнавальная маска”. І лепшай была прызнана работа менавіта калектыву вытворчага цэха № 6. Думаю, вы здагадаліся, хто аўтар гэтай прыгажосці.

– Як толькі аб’явілі конкурс, “загарэлася” паўдзельнічаць. Але ідэі зусім не прыходзілі. “Абы-зрабіць і забыцца” – гэта не пра мяне! Не спала да 5 гадзін раніцы. І тут “нарадзілася” ідэя маскі. А каб увасобіць яе, зноў жа прыйшлося “папацець”. Тэхніка – пап’е-машэ. У аснове – трохлітровы слоік, які адразу аблепліваецца спецыяльным пластылінам. Затым – абклейка паперай рознай формы, фарбаванне.

– Дзіўна, але калі пачынаю рабіць штосьці, ніколі няма гатовага вобразу ў галаве. Ён паступова вымалёўваецца, крок за крокам, – дадае Святлана Віктараўна. – Выраб “нараджаецца” ў самім творчым працэсе. І заўсёды хочацца зрабіць арыгінальную работу. Такую, каб нідзе і ні ў каго не было.

Букеты, шкатулкі, цацкі…

– Не атрымліваецца ствараць, як кажуць, пад заказ. А калі для душы, то калі ласка.

У Святланы Віктараўны даволі шмат вырабаў. Прычым, створанах у розных тэхніках. Цацкі з воўны. Рознага памеру, колеру, формы шкатулкі, кошыкі з паперы. Вазы, зробленыя ў тэхніцы пап’е-машэ. А ў іх – шыкоўныя кветкі – архідэі чорнага колеру. Дзіўлюся, няўжо і кветкі ручной работы.

– Так, зроблены з фаамірана – спецыяльнага матэрыялу, што нагадвае тканіну. Ён добра цягнецца, таму можна надаць вырабу розную форму, — дадае майстар.

Увагу прыцягвае і незвычайная карціна – “грашовае” дрэва. Няўжо і яно зроблена з паперы?

– Так, для вырабу карціны выкарыстоўвала звычайныя папяровыя сурвэткі (іх патрэбна вельмі шмат), грашовыя манеты, клей і фарбу, — тлумачыць жанчына. – Дарэчы, для мяне не іграе ролі, як называецца тая альбо іншая тэхніка. Галоўнае, што ў мяне атрымліваецца.

А вось сувенірныя бутэлькі.

– І яны зроблены з папяровых сурвэтак! – пацвярджае маю здагадку Святлана Віктараўна. Шчыра прызнаюся, слухала майстра, не хаваючы здзіўлення. Як гэта можна так прыгожа рабіць з паперы. Талент!

А з чаго ўсё пачыналася?

Інжынер-лабарант, як падаецца на першы погляд, не зусім творчая прафесія.

— Магчыма! Але творчым чалавекам можна быць незалежна ад таго, якой справай займаешся. Я ўсё жыццё штосьці стварала: вязала, шыла… Чаму? Калі пытаюцца, расказваю з усмешкай гісторыю. Сын Арцём – оперны спявак у тэатры.

І ўсе пытаюцца, у каго ж ён такі таленавіты. Дык вось, каб адпавядаць яму, вырашыла і я раскрыць свой талент. Дарэчы, і нявестка, і ўнук – творчыя асобы.

Вось і я бліжэй да 50 гадоў зразумела, што прыносіць асалоду. Творчасць.

“Ідэя фікс!”

Кветкі з фаамірана ад Святланы Хамічонак

Адчуваецца, што Святлана Хамічонак пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй, якія можна ўвасобіць у жыццё.

– Зараз “ідэя фікс”, як я з усмешкай называю, – заняцца вырабам тэкстыльнай лялькі, – заўважае жанчына. – Гэты занятак не з самых танных. Таму пакуль набываю неабходныя матэрыялы. Магчыма, у хуткім часе авалодаю і гэтай тэхнікай.

Удзел у выставах, святах

Падалося, што Святлана Віктараўна не любіць “гучных” слоў. Проста займаецца любімай справай.

– Так, я не люблю залішняй увагі, – дадае жанчына. – Але калі запрашаюць прыняць удзел у выставах, кірмашах, з задавальненнем згаджаюся!

Вырабы Святланы Хамічонак прадстаўлены на выс-таве “Людзі розных прафесій — у творчасці”

34 гады ў прафесіі

Святлана Хамічонак – прафесіянал сваёй справы. За руплівасць і добрасумленнасць яе паважаюць калегі і кіраўніцтва.

— Сёлета будзе ўжо 34 гады, як працую на нашым заводзе, — зазначае жанчына. — Я не мясцовая, з Маладзечна. У свой час скончыла Маладзечанскі політэхнічны тэхнікум. Прыехала ў Беразіно. І засталася. А праца ў лабараторыі па-свойму складаная, цікавая і, магчыма, нават творчая!

— У Бярэзінскім раёне дзейнічаюць 4 раённыя прафсаюзныя арганізацыі, 11 галіновых прафсаюзаў, 92 першасныя прафсаюзныя арганізацыі, 3 цэхавыя прафсаюзныя камітэты, 1 прафгрупа. Усяго 6468 членаў прафсаюза, у тым ліку 799 чалавек, моладзь да 31 года, — паведаміла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *