Асфальт ці лекі?

Высвятлялі на пасяджэнні райвыканкама на чале са старшынёй Дзянісам Дзішуком. А таксама абмеркавалі, як пастаўлена работа са зваротамі грамадзян у раёне.

Сіла ў адзінстве

Мясцовай уладай рэгулярна праводзяцца выязныя і асабістыя прыёмы грамадзян, штотыднёвыя «прамыя лініі». А гэта значыць, што бярэзінцы не застаюцца сам-насам з цяжкасцямі. Сёння ў іх ёсць мноства магчымасцей данесці кампетэнтным органам інфармацыю пра наяўнасць праблемы ў рэгіёне, каб разам знайсці выйсце са складанай сітуацыі.

Часова, але настойліва

Аналіз зваротаў сведчыць, што на першым месцы па-ранейшаму застаюцца пытанні рамонту дарог, іх будаўніцтва і ўтрымання. Справа ў тым, што жыхары жадаюць бачыць асфальтаванымі ўсе дарогі, у тым ліку і грунтавыя. Актыўна звяртаюцца і наконт дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Не пакідаюць па-за ўвагай пытанні землекарыстання і землеўпарадкавання. Дарэчы, большасць скаргаў зыходзіць ад сталічных жыхароў і прыезджых з іншых рэгіёнаў грамадзян, што часова прабываюць на тэрыторыі раёна.

Велікагрузам – чырвонае святло

Маюцца нараканні з боку грамадзян на пашкоджанне дарожнага палатна велікагрузнай тэхнікай. Так, у 2020 годзе скардзіліся на гэта жыхары вёскі Бялавічы. Як вынік — былі праведзены работы па рамонтным прафіляванні і частковай падсыпцы пашкоджаных участкаў. Але ўжо сёлета вяскоўцы ізноў звярнуліся з падобнай праблемай. Непакоіць стан “разбітай” дарогі і жыхароў вёскі Дулебы. Абодва звароты ўзяты на кантроль.

Дарэчы, узнікае праблема часцей за ўсё ў вясенне-асенні перыяд падчас палявых работ, калі актыўна рухаецца тэхніка, альбо калі непадалёк ад населенага пункта размешчана вытворчасць.

— У некаторых выпадках такіх праблем можна было б пазбегнуць. Загадзя ўзгадніць схему руху транспарту са старшынямі сельвыканкамаў і пусціць велікагрузную тэхніку па аб’язных шляхах, тым самым не разбіваючы асноўную дарогу, — зазначыў кіраўнік спраў райвыканкама Міхаіл Бурцаў.

Спыніўся ён і на станоўчых момантах. Летась знята з кантролю пытанне па асфальтаванні вуліцы Камуністычнай горада. Сёлета запланавана асфальтаванне вуліц Красіна і Інтэрнацыянальнай.

Уважліва чытайце дагавор!

Крыху знізілася колькасць зваротаў наконт якасці камунальных паслуг. Але пытанні не губляюць актуальнасці. Аднак іншы раз яны неабгрунтаваныя. Так, летась жыхарка дома па вуліцы Хонінава горада выказала незадавальненне якасцю капітальнага рамонту дома. Заяўніца палічыла, што ўцяпліць неабходна было ўвесь дом, а не толькі яго тарцовыя сцены. На справе, рамонт быў выкананы падрадчыкам у адпаведнасці з праектнай дакументацыяй і згодна з Палажэннем аб парадку планавання, правядзення і фінансавання капітальнага рамонту жыллёвага фонду.

Яблык разладу — зямля

У большасці выпадкаў прычынай зваротаў па зямельных пытаннях з’яўляецца нежаданне грамадзян успрымаць дзеючае заканадаўства. Напрыклад, чаму б не арганізаваць праход праз участак суседа або пазбавіць зямельнага ўчастка сваякоў. Пры тым, заяўнікі чамусьці лічаць, што рашэнне абавязкова павінна быць прынята на іх карысць. Таму часта адказ адпаведных органаў выклікае ў іх незадавальненне.

Паехалі!

Летась павялічылася колькасць зваротаў па пытаннях руху пасажырскага транспарту па горадзе. Таму сёлета, з 1 красавіка, аўтобусы рухаюцца ў звычайным рэжыме.

Хлеба і малака

Жыхары вуліц Кастрычніцкай і Мультана горада неаднаразова выказвалі жаданне мець побач прадуктовы магазін. Дзеля задавальнення патрэб ужо наладжана работа аўтамагазіна. А ў краме “ХІТ” па вуліцы Мультана з’явіліся ў продажы малочная прадукцыя і хлебабулачныя вырабы, чаго не хапала мясцовым жыхарам.

Запрашае сельскі сход Вясковых жыхароў хвалююць пытанні ліквідацыі дрэў на могілках, адлову бадзяжных жывёл, стану вулічна-дарожнай сеткі, зносу лядашчых будынкаў.

— Для больш эфектыўнай работы з насельніцтвам сельвыканкамам неабходна рэгулярна наладжваць сходы грамадзян, што дазволіць своечасова выяўляць і вырашаць праблемныя пытанні, — выказаў меркаванне Міхаіл Бурцаў.

Што ў прыярытэце?

— Зразумела, колькасць зваротаў штогод расце адпаведна з развіццём цывілізацыі. Але ўсе пытанні вырашыць у адзін момант немагчыма. Сацыяльныя выгады мы атрымліваем за кошт раённага бюджэту. І перш чым атрымаць, патрэбна ўкласці. Датычыць гэта і сталічных жыхароў. Жадаеце карыстацца льготамі — паўдзельнічайце ў эканоміцы раёна, — падкрэсліў Дзяніс Дзішук. — Адной з глабальных мясцовых праблем лічу рамонт дарог. Але каб заасфальтаваць іх усе адразу, спатрэбіцца 9 млн. рублёў. А гэта — чвэрць сродкаў з агульнага бюджэту, што неабходна выдаткаваць на адукацыю і ахову здароўя. Вось і вызначайце самі, што ў прыярытэце.

Зручна і адкрыта

Удзел у мерапрыемстве прыняла і намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінаблвыканкама Наталля Шарстнёва. Наталля Мікалаеўна зрабіла акцэнт на ключавых момантах, што неабходны для ўдасканалення работы з насельніцтвам. Сярод іх – сістэма электронных зваротаў з магчымасцю анлайн адсочваць іх рух па інстанцыях, скасаванне кнігі заўваг і прапаноў у дзяржаўных арганізацыях, наданне “прамым лініям” статусу вусных зваротаў.

Алена МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *