Бачыць чалавека ў чалавеку

Па такім прынцыпе працуе райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які налічвае ў сваіх радах звыш дзвюх тысяч чалавек.

Райкам узначальвае Марына Каўзуновіч. Ён з’яўляецца па колькасці членаў бадай самым шматлікім. На першага студзеня 2021 года ў 23 пярвічных арганізацыях (з іх 11 створаны ў сельгаспрадпрыемствах, астатнія ўключаюць у сябе сырзавод, будаўнічую арганізацыю, прадпрыемства меліярацыі, райветстанцыю, вытворчыя прадпрыемствы “Здравтрейд” і “Бэррыфуд”, цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў райсельгасхарчу) налічвалася 2075 членаў.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч заўсёды неабыякава ставіцца да праблем членаў прафсаюза

Райкам прафсаюза пільна сочыць за захаваннем належных умоў бяспечнай працы вяскоўцаў, праводзіць шэраг акцый, ушаноўвае не толькі сённяшніх сейбітаў і жывёлаводаў, а і былых руплівых гаспадароў зямлі, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку… Але не будзем забягаць наперад, а дадзім слова самой Марыне.

– Наш галоўны клопат – чалавек працы, — расказвае яна. – І формы работы выкарыстоўваем разнастайныя. Штогод напярэдадні чарговай масавай кампаніі (сяўба, нарыхтоўка кармоў, уборачная) наладжваем разам з зацікаўленымі службамі – партнёрамі – грамадскі кантроль па захаванні ўмоў працы, забеспячэнні працаўнікоў спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай аховы, правяраем стан мехмайстэрняў, душавых, пакояў прыёму ежы, сталовых, адсочваем наяўнасць у гаспадарках алкатэстаў і сродкаў пажарнай бяспекі.

– Марына Аляксандраўна, акрэсленая Вамі тэма – гэта толькі адзін, хаця і даволі аб’ёмны, з напрамкаў дзейнасці. Але ж яна гэтым не абмяжоўваецца.

– Сапраўды. Мы наладжваем шэраг мерапрыемстваў і акцый, накіраваных на асобныя катэгорыі членаў прафсаюза. Так, сумесна з раённым саветам ветэранаў віншуем з юбілеямі ветэранаў галіны, якія ў свой час за сумленную працу адзначаліся ордэнамі. Штогод на свяце працы, прысвечаным 1 Мая, ушаноўваем ветэранаў прафсаюзнага руху. Напярэдадні свята раённае аб’яднанне прафсаюзаў наладжвала ў цэнтры рамёстваў выставу народнай творчасці, шмат экспанатаў якой дэманстравалі менавіта нашы працаўнікі.

Сярод іншых мерапрыемстваў – традыцыйныя навагоднія падарункі, удзел у акцыі “Собери ребенка в школу”. Далучаемся да мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, аздараўленні членаў прафсаюза і арганізацыі для іх экскурсійных паездкак. Папулярнасцю карыстаецца спартакіяда сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу, па выніках якой лепшыя спартсмены трапляюць у зборную Мінскай вобласці. На жаль, сёлета зімой з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі мы не змаглі сабрацца, аднак гэта не азначае, што спартакіяда не пройдзе. Наладзіць яе плануем увосень, пасля завяршэння асноўных сельскагаспадарчых кампаній.

– Дарэчы, аб сельскагаспадарчых кампаніях. Яны таксама не застаюцца па-за ўвагай: наладжваецца спаборніцтва, вызначаюцца і адзначаюцца лепшыя працаўнікі.

– Так, мы, у першую чаргу старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, прымаем удзел у арганізацыі працоўнага спаборніцтва. Выязджаем да
лепшых механізатараў і вадзіцеляў, дзякуем ім за руплівую працу, уручаем граматы і сувеніры не толькі ад раённага, а і ад абласнога камітэта. Гэтую місію звычайна выконваюць галоўны прававы інспектар працы абкама прафсаюза Андрэй Лагвінец і галоўны тэхнічны інспектар працы Аляксандр Мотуз. Сёлета яны прымалі ўдзел у акцыі “Наш жывёлавод” – уручалі падарункі і падзякі работнікам ферм сельгаспрадпрыемства “Багушэвічы”.

Аляксандра Сцепановіча на малочнатаварнай ферме “Падваложка” сельскагаспадарчага філіяла “Здравушка-агра” ведаюць як незаменнага спецыяліста на ўсе рукі

– Спыніцеся больш падрабязна на гэтай акцыі.

– Праводзіцца яна па ініцыятыве рэспубліканскага прафсаюза работнікаў галіны ўжо не першы год. Традыцыйна ў зімовы час. Чарговая доўжылася з 21 снежня па 1 красавіка. У ходзе сёлетняй акцыі мы наведалі 36 ферм і малочнатаварных комплексаў раёна, дзе занята 287 чалавек. З работнікамі жывёлагадоўчай галіны сустракаліся не толькі старшыні пярвічак, але і прадстаўнікі райкама, адміністрацыі (асабліва вылучаюцца кіраўнікі гаспадарак “Багушэвічы”, “Уша”, “Першамайскі”, “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, “Месціна”, якія абавязкова далучаюцца да акцыі), старшыня райвыканкама і выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні.

Намеснік дырэктара ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Мі-калай Штухара ўручае падарунак тэхніку-асемянатару Алене Красоўскай

У час наведвання ферм сустракаемся з работнікамі, дзякуем ім за старанную працу, уручаем падарункі, а таксама ласункі для “салодкага стала”. Адказваем на праблемныя пытанні, імкнёмся дапамагаць у іх вырашэнні. З вяскоўцамі наладжана цесная зваротная сувязь: у кожным вытворчым падраздзяленні гаспадарак ёсць стэнд, прысвечаны прафсаюзнаму жыццю, дзе ўказаны і нумары тэлефонаў райкама. І работнікі актыўна карыстаюцца гэтай магчымасцю. Кожны візіт да жывёлаводаў успрымаецца імі як невялічае свята, якое ўзнімае настрой і настройвае на працу.

У дасягненні высокіх паказчыкаў па атрыманні малака і прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы – намаганні не толькі гэтых жывёлаводаў, а і многіх іх калег па працы

Мы не імкнёмся падчас акцыі вызначаць і выдзяляць лепшых, бо кожны з іх – раўнапраўны член прафсаюза і годна рупіцца на сваім рабочым месцы.
Радуе, што з пачатку бягучага года жывёлаводы Бярэзіншчыны плюсуюць па паказчыках да аналагічнага леташняга перыяду. Хочацца верыць, што ў гэтых поспехах ёсць і невялікая крупінка нашых намаганняў, нашага ўзаемадзеяння з людзьмі справы і іх заахвочвання для дасягнення больш высокіх паказчыкаў.

Сёлета за 4 месяцы райкам ажыццявіў грамадскі кантроль у 13 падведамасных арганізацыях, у ходзе якіх выпісана 8 рэкамендацый і складзена 14 даведак. Было выяўлена 19 парушэнняў, 12 з якіх ужо ліквідавана наймальнікамі. За кансультацыямі па прававых пытаннях звярнуліся за гэты час 22 чалавекі. Вернута незаконна ўтрыманых або нявыплачаных членам прафсаюза грашовых сум у памеры 3697,78 рубля.

Жывёлагадоўчая галіна ва УП “АграМАЗ” не першы год развіваецца станоўча і стабільна. Вось і па выніках работы за першы квартал 2021 года гаспадарка займала другое месца ў раёне па надоі малака на карову і першае – па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе буйной рагатай жывёлы

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара,
Алены ГРОМАВАЙ
і Марыны КАЎЗУНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *