Багата талентамі бярэзінская зямля

У мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры з раніцы не заціхалі дзіцячыя галасы і спевы. Ды і як жа інакш, калі таленавітыя і крэатыўныя вучні раёна сабраліся на вядучай культурнай сцэне на абласны творчы марафон «ART-mix».

Раённы конкурс «Зорачкі надзей» сабраў звыш 60 юных салістаў, танцораў і чытальнікаў

Майстар-клас

Пэўны настрой яму задавала ўбранне вестыбюля і паважаныя Кароль і Каралева шахматаў. Яны гасцінна віталі кожнага ўдзельніка мерапрыемства. Тут жа, на першым паверсе ўвагу прыцягвала крэатыўная бібліятэчная выстава. Усім жа вядома, што бібліятэкарам не пазычаць ідэй і выдумкі ў нялёгкай справе прапаганды чытання.

Уздымаемся на другі паверх, а тут нас ужо чакаюць славутыя бярэзінскія народныя майстры. Яны гатовы кожнага навучыць свайму старажытнаму майстэрству і падзяліцца самымі патаемнымі сакрэтамі пляцення паясоў, вырабу драўлянай лыжкі і керамічных прадметаў. Балазе, кожны з майстроў прыхапіў з сабой на творчы фестываль не толькі рабочы інструмент і нарыхтоўкі, але і свае калекцыі вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Ды і не толькі раённы цэнтр рамёстваў пагадзіўся прыняць удзел у новым мерапрыемстве і наладзіў свае майстар-класы. Работнікі раённага цэнтра культуры нагадалі гасцям аб хуткім наступленні галоўнага праваслаўнага свята – Вялікадня – і запрасілі дзятву на мастацкі роспіс велікодных яек. Адбою ад жадаючых паспрабаваць сябе ў гэтай справе не было! Ды і не засталася незаўважанай выстава юных мастакоў, побач з якой стаялі мадэлі з тэатра-дэфіле “Відана” Лешніцкага сельскага Дома культуры.

Майстар-клас раённага цэнтра культуры па роспісе велікодных яек сабраў самую вялікую колькасць жадаючых паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Ахвотнікі знайшліся нават сярод хлапчукоў!

– Наш раён дастойна прыняў эстафету новага творчага праекта, — зазначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Сакалоўская. – А стартаваў ён, як і належыць, у культурнай сталіцы Беларусі-2021 – Барысаве.

Арганізатары марафону – галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Уся ўвага турызму

– Перад праектам «ART-mix» стаіць шмат задач, і ў першую чаргу, мы жадаем паказаць разнастайнасць творчага патэнцыялу рэгіёнаў Мінскай вобласці, – тлумачыла адзін з арганізатараў Ірына Пазняк. – Марафон прысвечаны Году народнага адзінства і праходзіць пад дэвізам «Багаты талентамі наш край». Яго мэта – аб’яднаць людзей усіх пакаленняў сродкамі мастацкай творчасці на аснове талерантнасці, узаемаразумення і канструктыўнага дыялогу.

Дырэктар ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» Ірына Пазняк уручае начальніку ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіне Сакалоўскай дыплом удзельніка творчага марафону

Праект будзе праходзіць на працягу трох месяцаў па ўсіх раёнах Мінскай вобласці. І ў кожным пастараюцца пака-
заць палітру жанраў і рэгіянальныя асаблівасці. Усё, што будзе адбывацца на сцэне, зафіксуецца на відэа. Атрыманыя прэзентацыі размесцяцца на інтэрнэт-рэсурсах. Гэта павінна прыцягнуць турыстаў у рэгіёны.

– Мы глядзім на падобныя мерапрыемствы як на выдатную магчымасць папулярызаваць рэсурсы ўстаноў культуры раёна і значную колькасць напрамкаў іх творчай дзейнасці, – расказвае Галіна Аляксандраўна. – Гэта таксама дазволіць прыцягнуць увагу нашых гараджан і вяскоўцаў да поспехаў у галіне народнай творчасці, фальклору, культуры і мастацтва, якія дасягнуты на іх малой радзіме. Акрамя гэтага, такім чынам мы фарміруем у моладзі патрыятычныя каштоўнасці, павагу да культурнага, гістарычнага мінулага і традыцый свайго рэгіёна. Шчыра пераканана, што марафон «ART-mix» будзе садзейнічаць развіццю ў нашым рэгіёне культурна-пазнаваўчага турызму.

8-гадовая Ксенія Папкова. Яна – лаўрэат І ступені

Пачатак добрым справам

Галіна Аляксандраўна адзначала, што сённяшняе мерапрыемства ў раёне не адзінкавае і яно пакладзе пачатак новым культурным падзеям. Бярэзінцаў чакаюць выставы, канцэрты і майстар-класы.

Будуць задзейнічаны ўсе ўстановы культуры, прафесійныя і аматарскія калектывы і выканаўцы, вучні ўстаноў дадатковай адукацыі. І гэта добрая справа абавязкова знойдзе дастойны працяг, бо нясе столькі радасці, захаплення людзям.

Спрачацца з гэтым было дарэмнай справай, бо ў рамках новага творчага праекта праходзіў гала-канцэрт раённага конкурсу “Зорачкі надзей”.

Танцавальны калектыў «Яркія фарбы» раённага цэнтра культуры

Ён, напэўна, стаў самым шматлікім за ўсю гісторыю правядзення, бо ў ім прынялі ўдзел звыш 60 юных салістаў, танцораў і чытальнікаў. Ды і здзіўляла вялікая разнастайнасць прадстаўленых жанраў. Журы на чале са старшынёй — педагогам, рэжысёрам, сцэнарыстам з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў – Людмілай Канцэдайла было няпроста выбраць лепшых з лепшых, бо кожны нумар заканчваўся шквалам апладысментаў. І ўсё гэта – плён творчасці таленавітых бярэзінскіх дзяцей і іх педагогаў!

Выступае Аксіння Каплій

Спецыяльныя прызы ад спонсара раённага конкурсу – старшыні раённага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” – Алега Купіча атрымалі ў намінацыі “Мастацкае чытанне” Карына Дзярновіч з ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно” і Вольга Зарубайка з ДУА “Дзмітравіцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”. У намінацыі “Вакал ІІІ група” — Аксіння Каплій з ДУА “Бярэзінская гімназія».

Віншуем пераможцаў конкурсу!

Лаўрэаты гала-канцэрта раённага конкурсу юных талентаў “Зорачкі надзей”

МАСТАЦКАЕ ЧЫТАННЕ

Аляксандра Звоннікава (ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно”);
Аляксандр Афанасьеў (ДУА “Паплаўскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”);
Аліна Грыбко (ДУА “Лешніцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”);
Марыя Жолудзева (ДУА “Бярэзінская гімназія”);
Валерыя Гапеева (ДУА “Брадзецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”).

ВАКАЛ (сола 6-9 гадоў)

Ксенія Папкова (ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно”);
Лізавета Саскавец (ДУА “Пачатковая школа №1г. Беразіно”);
Мацвей Мацкевіч (ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно”).

ВАКАЛ (сола 10-13 гадоў)

Варвара Дарожка (ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно”);
Злата Ламан (ДУА “Бярэзінская гімназія”);
Ксенія Тукач (ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Беразіно”).

ВАКАЛ (сола 14-17 гадоў)

Настасся Керына (ДУА “Бярэзінская гімназія”);
Дар’я Тарасевіч (ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Беразіно”).

ВАКАЛЬНЫЯ ГРУПЫ

Дуэт Карыны Жукоўскай і Марыі Жолудзевай (ДУА “Бярэзінская гімназія”);
“Колокольчики” (ДУА “Пачатковая школа №1 г. Беразіно”);
“Счастье” (ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Беразіно”);
“Quattro” (ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно”).

ХАРЭАГРАФІЧНАЕ МАСТАЦТВА

Дзіцячы танцавальны калектыў “Яркія фарбы” (ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр культуры”);
дзіцячы танцавальны калектыў “Mix Danse” (ДУА “Ушанскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”);
дзіцячы танцавальны калектыў “Бусинки” (ДУА “Пачатковая школа №1 г. Беразіно”).

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *