Бчб-сімволіка: за ці супраць?

Яшчэ ў пачатку года гаварылася, што бела-чырвона-белы сцяг могуць прызнаць эстрэмісцкім, а 24 сакавіка Генеральная пракуратура заявіла, што цяпер на стадыі напісання знаходзіцца законапраект “Аб супрацьдзеянні эстрэмізму”.

Дакументам будуць устаноўлены агульныя правілы прызнання той ці іншай сімволікі эстрэмісцкай. А пасля яго афіцыйнага прыняцця за выкарыстанне такой сімволікі будзе пагражаць больш жорсткая адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Апазіцыйна настроеныя грамадзяне ўжо сёння не хаваюць абурэння, а некаторых гэты факт, наадварот, радуе. Чым жа абумоўлена такое разыходжанне ў поглядах на бела-чырвона-белы сцяг? На гэту тэму ў рэдакцыі адбылася дыскусія паміж Сяргеем К. і старшынёй раённага савета ветэранаў Анатолем Зябко.

Тон размове задала невялікая даведка рэдакцыі.

У гісторыі сцяга шмат дат і падзей, якія дагэтуль выклікаюць неадназначную ацэнку. Так, згодна з энцыклапедычнымі звесткамі, бела-чырвона-белы сцяг — дзяржаўны сімвал беларусаў з 19 верасня 1991 года па 14 мая 1995 года. Аднак выкарыстанне беларусамі гэтай сімволікі вядома і з ранейшых часоў. Пад ёй выступалі атрады наёмнікаў у бітве пад Грунвальдам 1410 года.

Яна была адметнай для беларускіх студэнтаў пачатку ХХ стагоддзя. У 1909-1917 гадах стужкамі гэтых колераў карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі. У 1916 годзе бела-чырвона-белы сцяг мела арганізацыя «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага.

Пасля Лютаўскіх падзей бела-чырвона-белым сцягам усё часцей карысталіся як сцягам беларусаў. Пад ім праходзілі з’езды беларус-кіх вайскоўцаў на франтах, у прыватнасці, з’езд беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску. 7 снежня 1917 года пад бела-чыр-вона-белымі сцягамі ў Мінску адкрыўся Першы Усебеларускі з’езд.

Бела-чырвона-белы сцяг да канца студзеня 1918 года вісеў на будынку Цэнтральнай беларускай вайсковай рады ў Мінску.
Падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 гадоў беларусы, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, карысталіся бела-чырвона-белым сцягам неафіцыйна і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх улад афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Прызнання не было да апошніх дзён акупацыі.

Бела-чырвона-белыя сцягі выкарыстоўваліся на публічных мерапрыемствах, каб схіліць мясцовае насельніцтва на свой бок пасля паражэння на Курскай дузе і пералому ў вайне.

У 1980-я гады бела-чырвона-белы сцяг як нацыянальны быў зноў уведзены ва ўжытак. Вядома і дата 5 верасня 1991 года, калі Мінскі гарадскі савет народных дэпутатаў прыняў рашэнне аб выкарыстанні нацыянальнай сімволікі — бела-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” на аднолькавых правах з дзяржаўнай сімволікай БССР.

— Трэба аддаць належнае бела-чырвона-беламу сцягу, — дадае Сяргей К. — Пад ім наша краіна ўпершыню набыла незалежнасць. І няхай праіснавала ўсяго год, але дазволіла атрымаць статус рэспублікі, а не аўтаноміі. Ды і нагадваюць апанентам, што пад бела-чырвона-белым сцягам у 1917 годзе ваявалі падчас Першай сусветнай вайны беларусы, выходзілі ўдзельнікі Слуцкага паўстання, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, выкарыстоўвалі ў Заходняй Еўропе прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху, якія змагаліся з польскімі ўладамі.

Нельга забыцца, што ў свой час пад бела-чырвона-белым сцягам давялося прысягаць і Аляксандру Лукашэнку.

Але, як вядома, 14 мая 1995 года па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы прайшоў рэферэндум, у выніку якога БЧБ-сцяг замянілі на чырвона–зялёны, а герб “Пагоня” — на выяву контураў Беларусі ў залатых промнях сонца над зямным шарам. Герб аблямаваны вянком з залатых каласоў, пераплеценых з кветкамі канюшыны і лёну. Менавіта з таго часу бчб-сімволіка страціла актуальнасць.

А ў 2020 годзе яна атрымала “новае нараджэнне”: пад тагачаснымі сцягам і гербам наладжваліся несанкцыянаваныя шэсці і мітынгі, забастоўкі і пікеты.

— Сёння ніхто не адмаўляе колішняе існаванне бела-чырвона-белага сцяга, што вядомы беларусам з 1917 го-да, і звязаныя з ім падзеі, — лічыць старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Зябко. — Але варта быць сумленнымі. Беларуская народная рэспубліка была створана пры садзейнічанні нямецкіх войскаў, якія з лютага 1918 года “гаспадарылі” ў Мінску. Абвяшчэнне незалежнасці ва ўмовах захопу краю выглядала незразумела і непрадказальна для мясцовага насельніцтва, бо яно ненавідзела акупантаў і з вялікай непрыязнасцю ставілася да падобнага нацыяналізму. Не магу не ўзгадаць і 25 красавіка 1918 года, калі на імя кайзера Германіі Вільгельма ІІ ад імя кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі дасылалася тэлеграма з падзякай за вызваленне. У ёй таксама была выказана ўпэўненасць, што “под защитой Германской империи видит край свою добрую волю в будущем”. Але ўсё гэта не мела плёну і Беларуская Народная Рэспубліка праіснавала ўсяго некалькі месяцаў.

Сорамна павінна быць і за выкарыстанне бчб-сімволікі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Яна была ўзята на ўзбраенне калабарацыяністамі, здраднікамі і паліцаямі, якія жорстка забівалі і катавалі беларускі народ. Палілі вёскі і знішчалі гарады. Думаю, пасля ўсяго гэтага не трэба расказваць, што перажываюць людзі, якія сёння бачаць на нашых вуліцах бела-чырвона-белыя стужкі.

Успаміналі некаторыя пра бела-чырвона-белыя стужкі і ў ліхія 90-ыя гады мінулага стагоддзя, калі пасля распаду вялікага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік мы апынуліся на раздарожжы і ў вялікай разгубленасці. Аднак ужо тады было шмат беларусаў, якія ніяк не лічылі ўзгаданы сцяг сваім. У выніку рэферэндуму 14 мая 1995 года 3 мільёны 622 тысячы 851 чалавек прагаласавалі за новую дзяржаўную сімволіку і толькі 988 тысяч 839 чалавек выказаліся супраць. Сённяшнія нашы Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуюць патрыятызм, адзінства і развіццё беларусаў. А вось бчб-сімволіка і праз сто гадоў была і застаецца знакам расколу грамадства і здрады нацыянальным інтарэсам. Вось чаму яна прызнаецца экстрэмісцкай і непрымальнай большасцю грамадзян.

У тэму.

Якія штрафы прадугледжаны за выкарыстанне забароненай сімволікі?

З уступленнем у сілу змен, з 1 сакавіка, у Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях прыцягнуць да адказнасці могуць і за «незаконнае выкарыстанне і выраб сцягоў і сімвалаў» (артыкул 24.26).

За «выкарыстанне забароненых заканадаўчымі актамі сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем або сімвалаў, а таксама выраб такіх сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем або знакаў з мэтай іх распаўсюджвання» — штраф ад 5 да 20 базавых велічынь (ад 145 да 580 рублёў), на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 40 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — ад 20 да 60 базавых велічынь.

Падрыхтавала
Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *