Беражы свайго анёла, Паша!

Матулечка – найдаражэйшы на свеце чалавек. Нараджэннем сваім, усплёскам першых захапляючых рухаў, гукаў мы абавязаны ёй. Маці з самага нашага нараджэння, а можа яшчэ і раней, нясе нам цеплыню, ласку, сілу сваіх рук. І ад самай першай хвіліны яна аберагае жыццё свайго немаўляці. Ад першага кроку і да гадоў даросласці, а нярэдка і пасля, яны – нашы верныя анёлы-ахоўнікі.

Ала Картэль

Суцэльная пустэча

Ала Картэль пра такую ролю ў жыцці свайго адзінага сына не здагадвалася, бо ён ніколі не прыносіў ёй лішніх турбот і клопатаў, не прымушаў чырванець перад людзьмі і заўсёды быў надзейнай апорай і матчыным гонарам. Яна дагэтуль памятае моц яго рук і пластычнасць у час школьнага балю. Затым былі яго вучоба ў Барысаўскім лесагаспадарчым каледжы і праца майстрам лесу. Ды і дзяўчат вакол такога бярэзінскага прыгажуна было багата. Таму ён ажаніўся і рана зрабіў яе бабуляй. Матуля пазірала на сына з пяшчотай і замілаванасцю, лёгка прыняла нявестку ў сваю сям’ю і чакала ад іх яшчэ больш унукаў. Здавалася, ужо нішто не зможа азмрочыць ні яе настрой, ні зададзены сынам лад жыцця. Аднак летам 2012 года ўсе іх планы і надзеі ў адзін момант перакрэсліў няшчасны выпадак, які прыкаваў маладога мужчыну і бацьку да інваліднага крэсла, а ў матулі забраў спакой.

– Першае ўражанне, калі даведалася, было суцэльная пустэча, – расказвае яна, – уявіце сабе, яшчэ ўчора сын – здаровы прыгажун, а сёння ляжыць на ложку бездапаможны і штохвілінна патрабуе нагляду. Крый божа такое камусьці перажыць! Ды і не перадаць словамі, як цяжка было першы раз зайсці да яго ў палату, стрымаць слёзы і не зарыдаць ад адчаю. Яшчэ цяжэй было прызнаць, што матуліных сіл не хопіць загаіць яго душэўны і фізічны боль.

Рук не апусціла

Аднак Ала Уладзіміраўна не здавалася. Не дзеля гэтага яна нарадзіла на свет сваю крывіначку! На працягу двух гадоў яна жыла па раскладзе дня сына, навучылася рабіць яму масаж і зарадку, бездакорна выконвала ўсе рэкамендацыі ўрачоў. Яны нават з мужам спрабавалі ставіць яго ўдваіх на ногі.

– Ці было мне цяжка глядзець хворага сына і хадзіць на працу, не скажу, – зазначае жанчына, – бо гэта мой адзіны сын, дзеля здароўя і шчасця якога я сіл і сэрца не пашкадую.

А няньчыцца з Пашам ёй давялося шмат. Гэта сёння ён поўны сіл і планаў, шпарка імчыць на інваліднай калясцы і займаецца з сынам, мае мноства сяброў і не стамляецца здзіўляць усіх сваёй энергіяй і аптымізмам.

– А быў яшчэ час вялікага адчаю і болю, калі здавалася, што ўсё дарэмна і рукі апускаліся, хацелася літаральна выць ад няўцешнасці, – гаворыць жанчына. – Але сын аказаўся моцны духам, бо навучыўся мужна пераносіць нягоды і бясконца працаваць над сабой. Нават дзіўна, колькі мудрасці і спагады жыве ў яго параненым сэрцы!

Усё дзеля сына

Сёння сям’я Картэль жыве інтарэсамі сына, яго захапленнямі і планамі. Увесь іх дом утульна ўпрыгожаны карцінамі, вышытымі крыжыкам.

– Гэта ўсе сынавы работы, – гаворыць Ала, – ён навучыўся спачатку нітку з іголкай у руках трымаць, а сёння вышывае сапраўдныя шэдэўры. Не скажу, што гэта мастацтва далося яму проста, а атрымліваюцца карціны ў яго таму, што ён у кожны сцяжок укладвае шчырую веру ў выздараўленне.

А яшчэ ў доме багата спартыўных кубкаў, медалёў і дыпломаў. Пабачыць такое ў доме інваліда, які самастойна не ходзіць, – сапраўднае дзіва!

– Па першым часе Паша вельмі саромеўся сваёй інваліднай каляскі, – прызнаецца жанчына, – а сёння жыцця не ўяўляе без спартыўных спаборніцтваў, рэгулярных трэніровак і перамог. Сабе ён тут паслабленняў не робіць і дакладна выбраў рэгбі і марафон. Ды і ахвотна працуе ў лагерах актыўнай рэабілітацыі, дзе шчыра дзеліцца ўласным вопытам набыць веру ў сябе з іншымі інвалідамі – калясачнікамі.

Анёл-ахоўнік – матуля

Сярод сваіх сакрэтаў трэніровак Паша абавязкова нагадае пра падтрымку родных. Не ўсім ім бывае па сілах прайсці выпрабаванне цяжкай хваробай. Сябры і каханая заўсёды могуць пакінуць у цяжкую хвіліну. А вось толькі матуля ніколі не здрадзіць. Галоўнае –гэта яе падтрымліваць у цяжкую хвіліну.

– Мой сын ніколі не дазваляе мне наракаць на людзей, – заўважае яна. – Я, здараецца, на эмоцыях нешта і буркну, а ён заўсёды параіць адпусціць гэты боль.

Паша ў інваліднай калясцы ўжо дзясяты год і рэгулярна займаецца на імітатары хадзьбы. Прагнозаў наконт таго, калі ён развітаецца з інваліднай каляскай, ніхто з урачоў пакуль не робіць. Ды і сам Паша часу не губляе ў чаканні гэтага шчасця. Ён навучыўся радавацца таму, што ёсць, і асабліва цэніць матулін подзвіг.

– Мае адносіны да сына ніколькі не змяніліся, – гаворыць жанчына, – я па-ранейшаму веру ў яго і пераканана, што ён абавязкова насуперак усяму будзе шчаслівы. Дзеля гэтага я яго нарадзіла на гэты свет і дзеля гэтага я сёння побач з ім!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *