Бусел з Ушанскай прапіскай

Дзе ён пашкодзіў сваё крыло, невядома. Хадзіў па вясковых вуліцах і біў трашчотку дзюбай, нібы прасіў у людзей дапамогі і падтрымкі, бо сёлетняя зіма выдалася сапраўднай, сцюдзёнай. І, зразумела, сустрэў чулых вяскоўцаў.

Прытуліць небараку спрабавалі многія, падкормлівалі. Але ён выбраў сабе прыстанішчам хлеў Алены Бачышчы: да яе прынеслі птушку дачка Лія разам з унукамі.

— Там і перазімаваў незвычайны госць, – распавядае Лія Алегаўна, – у адным вугле ён,  у другім – гаспадарскія гусі. Падсцілалі, каб яму было цяплей, салому. А кармілі свежаразмарожанай кількай, бо вычыталі, што іншай ежы, накшталт хлеба ці зерня, яму нельга. А як сышоў снег, адчынілі буслу вароты…

Лія Лазнюха разам з сынамі непадалёк ад фермы, дзе прабывае бусел, якога яны выратавалі ад зімовых галодных сцюж

Дарэчы, Лія і Аляксей Лазнюхі выхоўваюць траіх сыноў. Яраслаў, Дзмітрый і самы маленькі Косця растуць у атмасферы дабрыні і пяшчоты, з маленства іх вучаць клапаціцца пра жывёл і птушак, і наогул, пра навакольнае асяроддзе.

…А бусел цяпер “прапісаўся” ля мясцовай фермы. Усё неба тут цяпер яго і зямля ўся.

Алена Громава. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *