Бярэзінцы прынялі ўдзел у рабоце міжрэгіянальнай пляцоўкі па абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў

 

Па ўсёй краіне наладжваюцца дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў. Днямі прайшла яна і ў Барысаве. У актавай зале “Барысаў-Арэны” сабраліся дэпутаты і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, адукацыі, сацыяльнай абароны з Барысава, Беразіно, Смалявічаў, Жодзіна, Чэрвеня і Пухавічаў. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня абласнога савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Барысаўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Алена Зяблікава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Пётр Арлоў і іншыя.

Адкрыла мерапрыемства Наталля Якубіцкая:

— Гэта чацвёртая дыскусійная міжрэгіянальная пляцоўка. Падобныя пляцоўкі разгорнуты на базе кожнага раёна. Мы назіраем, што грамадскія аб’яднанні, арганізацыі, дэпутацкі корпус актыўна падключаюцца да дыялогу. Усё гэта не выпадкова. Час і грамадства патрабуюць змяненняў, таму пытанні, якія сёння хвалююць грамадзян, можна вырашыць толькі цывілізаваным шляхам, не на вуліцах і ў маршах. Патрабуецца канструктыўны дыялог, каб меркаванне кожнага было пачута.

Па словах Ліліі Ананіч, большасць удзельнікаў папярэдніх дыскусій адназначна выступае за тое, каб Беларусь заставалася прэзідэнцкай рэспублікай, але з узмоцненымі паўнамоцтвамі Парламента. І самае галоўнае, каб захоўваліся найважнейшыя пастулаты развіцця дзяржавы — вертыкаль улады з моцным мясцовым самакіраваннем, актыўны ўдзел насельніцтва ў грамадскім жыцці, сацыяльны напрамак. Гаварыла дэпутат таксама аб неабходнасці абароны інстытута сям’і, умацаванні маральных каштоўнасцяў, павелічэнні адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей.

Падтрымаў вышэйсказанае начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. На яго думку, вельмі важна для руху наперад існаванне дыялогавых пляцовак. Але ўносячы прапановы, кожны павінен задумвацца і аб іх наступствах. Што датычыцца зменаў у Асноўны Закон, то дзяржава павінна заставацца сацыяльна-арыентаванай. А бацькі – клапаціцца аб выхаванні, здароўі, развіцці і навучанні дзяцей. Гэта іх абавязак, а не права.

— Так, нам трэба казаць не аб праве, а аб абавязку бацькоў займацца сваім дзіцем, — падкрэсліваў дырэктар Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Юрый Корсік. — Бо мы, валодаючы правамі, многімі можам і не карыстацца. Некаторыя бацькі мяркуюць, што, апрануўшы і накарміўшы дзіцяці, яны выканалі сваю місію. Але гэта не ўсе патрэбы. Сям’я павінна быць месцам, дзе закладваецца фундамент асобы, ад якой будзе залежаць развіццё той жа эканомікі краіны. Школа — гэта другі дом, а не першы. І якім бы ні быў настаўнік добрым, з адкрытай душой да дзіцяці, у апошняга ёсць мама і тата. Сёння ж мы назіраем сітуацыю, калі бацькі дэлегіруюць свае функцыі іншым людзям. І дзеці, бачачы такое стаўленне, гэтак жа сама будуць рабіць у адносінах да сваіх дзяцей.

Дэпутат Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Зябко заклікаў прысутных не стаяць убаку, калі хочам захаваць нашу рэспубліку. Кожны сёння павінен задумацца аб удасканаленні законаў, па якіх мы жывём. Анатоль Мікалаевіч прапанаваў скасаваць сельскія Саветы дэпутатаў і ўзмацніць раённы Савет, правесці пенсійную рэформу, прадугледзець пакаранне для людзей, якія патрабуюць санкцый для сваёй краіны, аж да пазбаўлення іх грамадзянства.

Згодны з калегам старшыня Азярыцка-Слабадскога сельсавета Дзмітрый Кудзін:

— Трэба ўмацаваць Саветы дэпутатаў не толькі шляхам надзялення іх дадатковымі паўнамоцтвамі, а таксама з дапамогай стварэння апаратаў на раённым і на абласным узроўні.

Таксама падкрэслівалася, што пры ўмацаванні райсаветаў трэба перагледзець і бюджэт. Каб Саветы былі незалежныя ад мясцовых уладаў і маглі распараджацца ўласнымі матэрыяльнымі сродкамі.

Прапановы, якія былі выпрацаваны падчас праведзеных раней дыялогавых пляцовак, агучыў старшыня Барысаўскай раённай РГА “Белая Русь” Уладзімір Васільеў.

— У краіне складаная абстаноўка, трэба пашукаць астраўкі яднання нашага народа, якія дапамогуць рухацца далей. Лічу, што дэпутацкае звяно ў сельскіх выканкамах трэба захаваць. Гэта маленькі астравок нашага яднання, — адзначыў Уладзімір Васільеў. — Калі казаць пра змены ў Канстытуцыю, лічым, трэба ўнесці папраўку ў 64-ы артыкул, дзе ідзе гаворка пра тое, што ў выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, якiя ўтрымлiваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі.

Асабістае меркаванне выказаў член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Пётр Арлоў, студэнт 4-га курса кафедры паліталогіі эканамічнага ўніверсітэта:

— Працэс удасканалення Канстытуцыі не новы для краін постсавецкай прасторы. Каб забяспечыць пераемнасць у развіцці дзяржавы, трэба быць адаптыўным і лабільным. Існуючая палітычная сістэма была апраўданая, магчыма, у першыя гады станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Але тут важна падкрэсліць, што змены, якія сёння прапануюцца ў Канстытуцыю, павінны пісацца не пад асобу ці палітычную групоўку, а ў інтарэсах грамадства. Што датычыць выбарчай сістэмы, асабіста я прыхільнік змешанага яе тыпу, калі частка дэпутатаў выбіраецца па акругах, а частка — па партыйных спісах. Гэта дасць штуршок для развіццё партыйнай сістэмы. Таксама лічу, што наспела неабходнасць для замацавання маладзёжнай палітыкі як прыярытэтнага накірунку дзяржавы на заканадаўчым узроўні. Разам з тым, Пётр праінфармаваў удзельнікаў дыялогу, што сёння для моладзі наладжана работа анлайн-платформы “Рух наперад анлайн”, дзе кожны жадаючы можа пакінуць прапановы па ўдасканаленні маладзёжнай палітыкі. І такіх прапаноў ужо больш за 200! А днямі Маладзёжны парламент запусціць пілотны праект “Беларусь будучыні”. Асаблівасць яго ў тым, што маладыя людзі па ўсёй краіне на дыскусійных пляцоўках змогуць выказаць свае прапановы, якія будуць разгледжаны пры падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу і правядзенні канстытуцыйнай рэформы.

Актуальнасць слоў папярэдняга выступоўцы адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Наталля Ігнатовіч. Па яе словах, маладзёжная палітыка, сапраўды, павінна стаць прыярытэтам развіцця дзяржавы. Так, у агульнай колькасці незанятага насельніцтва моладзь складае практычна 35 %. А значыць, варта актыўна ўцягваць яе ў грамадскае жыццё. Неабходна дапамагчы кожнаму маладому чалавеку знайсці шлях для самаразвіцця. Адзін з варыянтаў — ранняя прафарыентацыя. Як паказвае практыка, моладзь сёння гатова актыўна ўключацца не толькі ў вучэбную, але і ў працоўную дзейнасць у вольны час. Прычым цікавіць маладых людзей як фізічная, так і інтэлектуальная праца. Гэты патэнцыял неабходна выкарыстоўваць і ўключаць у грамадскую дзейнасць. Акрамя таго, падтрымліваць трэба і пажылых грамадзян, якія могуць сябе рэалізаваць, напрыклад, у прадпрымальніцтве.

З канструктыўнымі прапановамі ад прафсаюзнай грамадскасці выступіла Алена Зяблікава. Яна лічыць, што Канстытуцыю неабходна абавязкова захаваць. Але некаторыя нормы ўзмацніць. Сенатар агучыла прапановы па ўнясенні дапаўненняў у “сацыяльна-працоўныя” артыкулы.

Дырэктар ААТ “БАТЭ” — кіруючая кампанія холдынга “Аўтакампаненты” Аляксандр Марчанка разважаў пра развіццё прыватнага бізнесу:

— Мы чакаем інвестараў з-за мяжы. А чаму б не даць магчымасць беларусам укладваць сродкі ў развіццё эканомікі? І тут неабходна ўнесці адпаведныя папраўкі на заканадаўчым узроўні. Магчыма, гэта будуць гарантыі для атрымання бізнесу ў спадчыну, які можна пакінуць дзецям і ўнукам. Так, стратэгічныя галіны ў краіне павінны рэгулявацца дзяржавай. Але павінны існаваць і прыватныя структуры.

З дырэктарам прадпрыемства згодны і кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі Аляксей Крапіўка са Смалявіцкага раёна: “У патэнцыяльных інвестараў няма гарантый. Таму апошнія трэба прапісаць на заканадаўчым узроўні”.

У цэлым дыскусія атрымалася цікавай і змястоўнай. Абмяркоўвалі, прапаноўвалі, дзяліліся думкамі, спрачаліся, даказвалі свой пункт гледжання. А вось у чым усе без выключэння былі адзіныя, дык гэта ў тым, што неабходна захаваць і працягваць сацыяльна-арыентаваную палітыку дзяржавы, і гэта павінна знайсці сваё адлюстраванне ў Асноўным Законе.

Дарэчы, усе прапановы і рэкамендацыі па папраўках у Канстытуцыю, што прагучалі, будуць вынесены для абмеркавання на дыскусійнай пляцоўцы абласнога ўзроўню і акумуляваныя пры падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу.

Пляцоўка ў Барысаве стала завяршальнай у шэрагу падобных мерапрыемстваў на Міншчыне. Унясенне змяненняў у Канстытуцыю абмяркоўвалі таксама ў Маладзечне, Нясвіжы і Салігорску.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *