Бярэзінец Феафан Лемяшэўскі ўспамінае

Красавік паступова ўступае ў свае правы і насуперак пранізліваму мокраму снегу напамінае ўсім, што прыйшла сапраўдная вясна. Свежая, прыгожая, а галоўнае — мірная і квітнеючая. А 76 гадоў таму ўсё было інакш – ішлі апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны. 11 красавіка 1945 года вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд – аднаго з буйнейшых на тэрыторыі Германіі – арганізавалі інтэрнацыянальнае паўстанне. Гэты дзень у календары па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і быў ўстаноўлены як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Феафан Лемяшэўскі заклікае маладых заўсёды заставацца патрыётамі

Па статыстыцы ўсяго ў гітлераўскай Германіі і на акупіраваных ёю тэрыторыях дзейнічала больш за 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, гета і турмаў, дзе катавалі, расстрэльвалі, травілі ў газавых камерах людзей, ставілі над імі нечалавечыя медыцынскія доследы і эксперыменты.

Падчас Нюрнбергскага працэсу ў 1946 годзе, калі праходзіў сусветны суд над нацыстамі, міжнародны трыбунал прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, выкарыстанне ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі, з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Дзеянні былі кваліфікаваны як злачынства супраць чалавецтва. Здаецца, гэта было так даўно. Але толькі не для тых, хто прайшоў скрозь жахі фашысцкага ліхалецця.

На тэрыторыі Бярэзінскага раёна сёння жыве 10 вязняў фашысцкіх канцлагераў. У кожнага свой лёс, свае ўспаміны пра тыя страшныя дні, калі кожная хвіліна, кожны крок маглі стаць апошнімі. Амаль усе гэтыя людзі тады былі дзецьмі і падлеткамі, але дагэтуль не сціхае пякучы боль у сэрцы, захаваліся загартаваная ваенным ліхалеццем жыццёвая стойкасць, невычэрпная надзея і вера, любоў да жыцця.

Вясна — асаблівы час для Феафана Лемяшэўскага з Вяшэўкі. Трыццаць гадоў ён шчыраваў галоўным аграномам саўгаса “Вяшэўскі” і дагэтуль ганарыцца намалотамі зерневых звыш 30 цэнтнераў з гектара і вялікімі ўраджаямі бульбы і льну, гародніны, вырашчанай у адкрытым грунце і цяпліцах. Забыцца пра тыя часы Феафану Іосіфавічу не дае ордэн “Знак Пашаны”, які з 1973 года красуецца на яго парадным пінжаку. Была яшчэ праца галоўным аграномам у калгасе “Ленінскія дні” і саўгасе “Пагосцкі”.

Аднак усяго гэтага магло не быць у жыцці лепшага ў раёне аграрыя. Феафан Іосіфавіч — вязень, якога фашысты ў 1942 годзе ў пяцігадовым узросце разам з матуляй і трыма астатнімі дзецьмі пагналі ў Нямеччыну з Пінскага раёна, прымусілі працаваць у лагеры.

– Дзіцячая памяць не захавала падрабязнасцей таго часу, – гаворыць Феафан Іосіфавіч, – але ўзгадваецца, што вызвалялі нас з нямецкага рабства амерыканскія салдаты. Тады яны ўсім прапаноўвалі паехаць у Амерыку, але ніхто з нашых родных і ў думках не мог уявіць жыццё на чужой зямлі, бо спяшаўся дамоў, у родную Беларусь.

Ці шкадуе Феафан Іосіфавіч аб тым, што не стаў амерыканцам? Па яго словах, не, бо тут, на роднай беларускай зямлі, ён знайшоў сваё сапраўднае прызванне – служыць сумленна зямлі-матухне, сустрэў суджаную, з якой звыш пяцідзесяці гадоў крочыў па жыцці, выгадаваў сыноў і дачакаўся ўнукаў.

— За ўсё, што ёсць у маім жыцці, я абавязаны міру на нашай зямлі, — заўважае мужчына. — Яго людзі майго пакалення цэняць асабліва дорага. Таму дзень Вялікай Перамогі для мяне самае дарагое свята.

Быў час, яго не адзначалі шумна. Але вяскоўцы, нягледзячы на веснавыя палявыя клопаты, лічылі сваім абавязкам прыйсці на могілкі, ускласці кветкі і схіліць галовы ў знак памяці загінуўшых землякоў і салдат. Не давалі забыцца пра іх подзвіг і жывыя ўдзельнікі тых падзей. На самых адказных участках працавалі былыя вайскоўцы. Не пералічыць, колькі іх старанна рупілася і задавала тон у працы ў паляводчых брыгадах, на фермах і машынных дварах.

— Вясна ў маім жыцці — пара асаблівая, і не толькі таму, што пасля зімовай спячкі абуджаецца зямля-матухна і на палеткі выязджае тэхніка, — заўважае Феафан Іосіфавіч — Прырода дае пачатак новаму жыццю, новым надзеям і спадзяванням. Сёння, у свае 84 гады, для мяне — гэта праца на прысядзібным участку. Яна не дае сумаваць і скардзіцца на здароўе, а прыносіць вялікае задавальненне і радасць. Таму зычу ўсім маладым — не шукайце шчасце за замежнымі марамі, а стварайце яго на роднай зямлі. Яна не пакрыўдзіць руплівага і дбайнага гаспадара і заўсёды аддзячыць багаццем і радасцю.

За гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшлі больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, чвэрць – грамадзяне Савецкага Саюза. Амаль 12 мільёнаў так і не дажылі да вызвалення, сярод іх – каля 2 мільёнаў дзяцей.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *