Бярэзінскія педагогі адзначаюць прафесійнае свята. «Тут добра, як дома»

Дзіцячы садок. Гэта ўстанова, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі ўпершыню спазнаюць свет, робяць самастойныя крокі ў жыцці. І гэтыя крокі даюцца значна лягчэй, калі побач ёсць дарослыя людзі, якія штодзень аддаюць часцінку сваёй душы, па-бацькоўску цёпла апекуюць малышоў. Менавіта такі калектыў работнікаў сабраўся ў ДУА “Яслі–сад №2 горада Беразіно”. Яны прыкладаюць максімум намаганняў для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі адчувалі сябе камфортна, па-дзіцячаму бесклапотна, каб ім было весела і цікава.

Ірына Шмарлоўская: — У садку вельмі актыўная творчая каманда, якая ідзе ў нагу з часам і сочыць за навацыямі ў педагагічнай практыцы. Мы штодзень памятаем, што нам даверылі самае каштоўнае ў гэтым жыцці – дзяцей. Таму стараемся зрабіць іх жыццё яркім, поўным мноства новых адкрыццяў і высокіх дасягненняў

Адразу патрэбна зазначыць, што тэрыторыя садка заўсёды дагледжана, з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках. Шматлікія малыя архітэктурныя формы, зробленыя ўласнымі сіламі, таксама надаюць непаўторнасць і прыцягальнасць установе. А галоўнае, што тут працуе дружны і зладжаны калектыў, які вось ужо 4 гады ўзначальвае Ірына Шмарлоўская.
— У красавіку 2020 года наша ўстанова адзначыла свой паўвекавы юбілей, — расказвае Ірына Канстанцінаўна, — але паважаны ўзрост ніяк не адбіваецца на жаданні бацькоў менавіта нам давяраць выхаванне сваіх малышоў. Зараз у нас працуюць 6 груп, якія наведваюць 107 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сакрэт такой папулярнасці хаваецца ў асаблівым дружным калектыве педагогаў і работнікаў, з вялікім педагагічным вопытам, жыццёвай мудрасцю і бязмежнай любоўю да дзяцей.

Ірына Крыварот і Ларыса Іўчык з прафесіяй не памыліліся і поўныя сіл і творчых планаў

Намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці Ларыса Іўчык вось ужо дваццаць гадоў працуе на гэтай пасадзе ў дзіцячым садку.
— З дзяцінства марыла быць настаўнікам, — расказвае пра сябе Ларыса Мікалаеўна, — бо вырасла ў сям’і, дзе з вялікай пашанай ставіліся да педагогаў. У дашкольнай адукацыі апынулася выпадкова, меркавала, што затрымаюся там ненадоўга. А вось як выйшла — працую ўжо амаль трыццаць гадоў і дагэтуль мяне не пакідае прафесійны азарт: бачу перспектывы, стаўлю рэальныя задачы і маю сілы рэалізаваць задуманае.
Ды і не пазычаць энергіі і прафесійнага запалу педагогу-дэфектолагу Ірыне Крыварот.
— Я чэрпаю сваё прафесійнае натхненне ў любімай справе, — зазначае жанчына, — бо рэальна бачу, куды ідуць мае сілы і што мая праца запатрабавана.
Ды і нельга забыцца пра тых, хто стаяў ля вытокаў заснавання ўстановы, чый агульны педагагічны стаж даўно пабіў рэкорд. Гэта Наталля Каленковіч, Лідзія Адамовіч і Зоя Грэк. Прозвішчы іх ведае ў нашым горадзе амаль кожны, бо сёння да іх водзяць сваіх унукаў у садок іх першыя выхаванцы, а яны вітаюць іх той жа радасцю, як і ў першы дзень працы.
— Выхавальнікі першыя пасля маці – педагогі для дзіцяці, — лічыць Наталля Каленковіч. — Гэта людзі, якія ў душы заўсёды застаюцца дзецьмі. Таму для мяне мая прафесія — магчымасць пастаянна знаходзіцца ў краіне дзяцінства, казкі і фантазіі. Ды і не перадаць словамі адчуванне, калі глядзіш у дзіцячыя вочы і разумееш: ты патрэбны ім.

Ля вытокаў заснавання ўстановы стаялі Наталля Каленковіч, Зоя Грэк і Лідзія Адамовіч. Прозвішчы іх ведае ў нашым горадзе амаль кожны, бо сёння да іх прыводзяць сваіх унукаў у садок іх першыя выхаванцы, а яны вітаюць іх з радасцю, як у першы дзень працы

Пагаджаецца з ёю Лідзія Сцяпанаўна:
— Я люблю сваю прафесію, такую складаную і няпростую, аднак у дзіцячым садку я начыста забываюся пра свае праблемы. Ды нішто не можа быць больш цудоўным, чым кожны дзець дарыць радасць дзецям і вяртацца ў дзяцінства.
— Адпрацаваўшы шмат гадоў з малымі дзецьмі ў асяроддзі педагагічнай творчасці, я навучылася наладжваць кантакты з бацькамі і калегамі, удумліва і мудра ставіцца да ўсяго, што вакол мяне, стойка пераносіць нягоды нашага мітуслівага жыцця. Але я і не страціла самае галоўнае ў нашай прафесіі — бясконцую і самаадданую любоў да дзіцяці, жаданне атуліць яго ўвагай і клопатам на першых самастойных кроках у жыццё! — зазначае Зоя Грэк.
Можна яшчэ многа расказваць пра тое, як арганізаваны ў дзіцячым садку выхаваўчы працэс, як праводзяцца цікавыя ранішнікі і захапляючыя падарожжы, як цесна сябруюць выхавальнікі з бацькамі, але замест гэтага на развітанне я пацікавілася ў дзяцей, ці падабаецца ім хадзіць у садок.
У адказ пачула:
— Падабаецца…
— Тут вельмі цікава…
— Тут добра, як дома.
— Смачна кормяць і нас вельмі любяць…

Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК. Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *