Бярэзінскія “сёстры” Хатыні

22 сакавіка — чорная дата на беларускім календары. У гэты дзень 78 гадоў таму была знішчана фашыстамі вёска Хатынь. Ні на адной нават самай падрабязнай геаграфічнай карце вы не знойдзеце сёння гэтай беларускай вёскі. Аднак памяць пра яе жыве ў сэрцах беларусаў і дагэтуль пякучым болем адгукаецца ў іх душах. Кожны год 22 сакавіка яны спяшаюцца да мемарыяльнага комплекса “Хатынь” – “Няскораны чалавек”, каб схіліць свае галовы і ўскласці кветкі на магілы загінуўшых.

22 сакавіка — чорная дата на беларускім календары. У гэты дзень 78 гадоў таму была знішчана фашыстамі вёска Хатынь. Ні на адной нават самай падрабязнай геаграфічнай карце вы не знойдзеце сёння гэтай беларускай вёскі. Аднак памяць пра яе жыве ў сэрцах беларусаў і дагэтуль пякучым болем адгукаецца ў іх душах. Кожны год 22 сакавіка яны спяшаюцца да мемарыяльнага комплекса “Хатынь” – “Няскораны чалавек”, каб схіліць свае галовы і ўскласці кветкі на магілы загінуўшых.

Трагедыя Хатыні – адзін з тысяч фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую фашысты ажыццяўлялі на працягу ўсяго перыяду акупацыі. Сотні такіх трагедый адбыліся за тры гады акупацыі на беларускай зямлі. Толькі ў нашым раёне гітлераўцы спалілі поўнасцю альбо часткова 30 вёсак. Закатавалі пры гэтым 300 чалавек. Разам з надворнымі пабудовамі спалена 2855 дамоў. Назаўсёды зніклі з геаграфічнай карты раёна вёскі Уцешына, Клешчыцы і Тоўсціца. Былі спалены разам з жыхарамі вёскі Краснае і Баравіно.

“Чорная дата” — нагода яшчэ раз нагадаць людзям пра кожную са знішчаных і спаленых вёсак нашага раёна.

Асоўкі (Асоўка) Бярэзінскі сельсавет

Яна знаходзілася за 2 км ад вёскі Паложына, у накірунку да вёскі Альхоўка. 9 студзеня 1943 года быў складзены акт аб зверствах немцаў у вёсцы, дзе гаворыцца, што імі спалена 13 хат, забіта 43 чалавекі, з іх мужчын – 12, жанчын – 18, дзяцей – 13.
Вёсцы Асоўкі пашанцавала адрадзіцца пасля вайны. Рашэннем аблвыканкама ад 30 лістапада 1973 года яна выключана з уліковых даных.

Баравіно Ляжынскі сельсавет

Помнік у вёсцы Баравіно здалёк прыцягвае ўвагу людзей. Тут заўсёды ў любую пару года жывыя кветкі і вянкі. Яны не даюць забыцца людзям пра зверствы фашыстаў на бярэзінскай зямлі

28 лістапада 1942 года эсэсаўскі батальён пад камандаваннем Дырлевангера ўчыніў тут жорсткую расправу. Ён знішчыў 208 жыхароў, з 77 двароў спаліў 76.
Пасля вайны вёска адноўлена.

Брадзец Брадзецкага сельсавета

Заўсёды парадак і каля помніка на месцы спаленай вёскі Уцешына. Кветкі ляжаць на могілках закатаваных яе жыхароў. Лічаць сваім абавязкам ускласці іх і схіліць свае галовы перад загінуўшымі вяскоўцамі сённяшнія жыхары вёскі Брадзец

У 1941 годзе ў вёсцы была створана падпольная група. А праз год партызаны разграмілі тут паліцэйскі ўчастак. За гэта акупанты спалілі вёску: загінулі 195 чалавек.
Пасля вайны вёска адноўлена і зараз з’яўляецца аграгарадком.

Бярозаўка Ушанскага сельсавета

Пад час карнай аперацыі “Майскі жук” (14-16 мая 1943 г.) фашысты часткова спалілі вёску. 31 кастрычніка 1943 года нямецкія самалёты запальнымі бомбамі давяршылі справу – спалілі вёску дашчэнту.
Але яна насуперак усяму была адноўлена пасля вайны.

Восава Ушанскага сельсавета

Жудасны лёс у час вайны выпаў гэтай вёсцы. За гады акупацыі яна гарэла тры разы. 7 снежня 1943 года карнікі расстралялі тут дзяцей, жанчын, старых (41 чалавек). Потым падпалілі дамы. З 34 дамоў — згарэла 33.
Аднак Восава і зараз застаецца на геаграфічнай карце раёна.

Праз 40 дзён пасля трагедыі родныя забітых раскапалі магілу і перазахавалі сваіх блізкіх на могілках, — расказвала Алена Шукан, — партызана Сашку пахавалі на Калюжанскіх могілках. Кожны год перад Радуніцай мы з дзецьмі і ўнукамі, акрамя магілак сваіх родных, даглядаем і яго апошняе прыстанішча. Вельмі хацелася б знайсці яго родных.

Высокая Гара Высакагорскага сельсавета

У гады вайны тут было спалена 27 двароў, закатаваны 63 мірныя жыхары.
— Колькі гадоў прайшло, а забыць не магу, так і жыву з гэтай балючай памяццю, — успамінала Ганна Шугалей.

Вялікія Лагі Ляжынскага сельсавета

Тут акупанты за гады вайны з 62 двароў знішчылі 60.

Дашніца Мачаскага сельсавета

За гады акупацыі амаль цалкам знішчана: з 15 двароў застаўся толькі адзін.
Адноўлена пасля вайны.

Дзмітравічы Дзмітравіцкага сельсавета

Пад час вайны вёска тры разы гарэла. Было спалена 139 двароў. У лістападзе 1942 года фашысты забілі 32 жыхары.
Адноўлена пасля вайны.

Дзямешкаўка (старая) Ушанскага сельсавета

Знішчаны ўсе 25 двароў. Адноўлена пасля вайны.

Дзямешкаўка (новая) Ушанскага сельсавета

Знішчаны ўсе 9 двароў. Адноўлена пасля вайны.

Дулебы Мачаскага сельсавета

Ужо ў канцы 1941 года ў вёсцы была створана падпольная група. Паколькі вакол Дулеб былі густыя лясы, то непадалёк ад вёскі базіравалася некалькі партызанскіх атрадаў. Жыхары пяклі для іх хлеб, шылі вопратку, кавалі рамантавалі зброю. За гэта фашысты помсцілі ім…

У нумары 5 падпольнай газеты “Сцяг Леніна” ад 27 сакавіка 1943 года пісалася: “… нядаўна на гэтым месцы стаяла вялікая вёска Дуле-бы. Цяпер навокал віднеюцца папялішчы, сілуэты разбураных печаў. 14 сакавіка тут зрабілі сваю брудную справу нямецкія бамбавозы. Спалены датла 52 двары, забіты 5 жыхароў і некалькі чалавек паранены.

Вёска Дулебы не першы раз перажывала жахі звярынага разгулу нямецка-фашысцкіх людаедаў. Жыхары добра памяталі і мінулагоднюю карную экспедыцыю фашысцкіх банд. Тады ў вёсцы было забіта 108 сялян.”

Ад усіх Дулеб за час вайны цудам уцалела толькі 8 хат.
Адноўлена пасля вайны.

Жабаўка Каменнаборскага сельсавета

За гады вайны ўсе 14 двароў былі знішчаны.
Пасля вайны вёска адноўлена, але зараз ужо не існуе.

Капланцы Капланецкага сельсавета

У канцы 1941 – пачатку 1942 года ў вёсцы дзейнічала падпольная група, на базе якой была створана партызанская група. У красавіку 1943 і ў чэрвені 1944 гадоў фашысты часткова спалілі яе. За гады вайны тут загінулі 322 жыхары вёскі.
Адноўлена пасля вайны.

Клешчыцы Мачаскага сельсавета

У чэрвені 1942 года знішчана з часткай насельніцтва. З 8 двароў спалена 7.
Вёска назаўсёды знікла з геаграфічнай карты раёна.

Князеўка Новая Ушанскага сельсавета

31 кастрычніка 1943 года нямецкія самалёты запальнымі бомбамі дашчэнту спалілі вёску.
Адноўлена пасля вайны.

Князеўка Старая Ушанскага сельсавета

У Вялікую Айчынную вайну вёска падчас карнай аперацыі была разрабавана і спалена. З 30 двароў знішчана 26.
Адноўлена пасля вайны.

Краснае Дзмітравіцкага сельсавета

Помнік загінуўшым у вёсцы Краснае ўстаноўлены сярод бяроз. Яны як быццам шэпчуць кожнаму з нас: “Не забудзь!”

14 кастрычніка 1942 года ў вёску ўварваўся карны батальён Дзерлівангера. Спачатку жыхароў сабралі на допыт: цікавіліся, дзе партызаны, хто з жыхароў ім дапамагае і г.д. Чатыры сям’і (23 чалавекі) былі выдадзены здраднікам і расстраляны.

Праз некалькі дзён карны атрад зноў наведаўся ў вёску. Жыхароў забівалі ў хатах, якія пасля падпальвалі. Вёска была поўнасцю знішчана, загінула 86 жыхароў.
Адрадзілася пасля вайны.

Котава Ушанскага сельсавета

Пад час вайны з 39 двароў спалена 36.
Адноўлена пасля вайны.

Локаць Ушанскага сельсавета

31 кастрычніка 1943 года нямецкая авіяцыя знішчыла вёску дашчэнту.
Адноўлена пасля вайны. Зарас не існуе.

Мацевічы Каменнаборскага сельсавета

За гады Вялікай Айчыннай вайны тут са 166 дамоў спалены 154, загінулі 29 жыхароў.
Пасля вайны адноўлена.

Мікулічы Паплаўскага сельсавета

У 1944 годзе вёску спалілі немцы.
Адноўлена пасля вайны і зараз з’яўляецца аграгараком.

Міхеевічы Дзмітравіцкага сельсавета

За гады вайны ў вёсцы з 72 двароў было спалена 70.
Адноўлена пасля вайны.

Несцераўка Мачаскага сельсавета

У жніўні 1943 года фашысты спалілі ў вёсцы 8 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей.

Паплавы Паплаўскага сельсавета

Пад час вайны вёска часткова спалена. Загінулі 16 жыхароў.

Снуя Ушанскага сельсавета

У гады вайны знішчаны ўсе 12 дамоў.
Пасля вайны Снуя адноўлена.

Стаўпы Высакагорскага сельсавета

У снежні 1942 года карнікі спалілі ўсю вёску і забілі 9 чалавек.
Адноўлена пасля вайны.

Тоўсціца Мачаскага сельсавета

У чэрвені 1942 года вёска знішчана з часткай насельніцтва.
Яе больш не знайсці на карце раёна.

Уцешына Брадзецкага сельсавета

У чэрвені 1942 года яна была знішчана з часткай насельніцтва і больш яе няма ў нашым раёне. Замест яе 2 ліпеня 1989 года ўстаноўлены помнік, які не дае забыцца пра трагедыю людзям.

Якшыцы Якшыцкага сельсавета

Яна была часткова спалена падчас вайны, загублена 38 жыхароў.
Пасля вайны адноўлена.

Падрыхтавала
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Паўла САЛАЎЁВА, Юліі Букель.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *