Быць для дзяцей прыкладам

Для Тамары Несцяровіч з вёскі Карбаўское заўсёды прыкладам у паводзінах, у працы, у выхаванні, у зносінах з іншымі людзьмі, як і ва ўсім іншым, былі яе бацькі. Яны былі разважлівымі, гаспадарлівымі, умела вялі сваю гаспадарку і ў любові гадавалі сваіх чатырох дзетак. Тамара была меншанькай, таму і ўвага да яе была асаблівая не толькі з боку бацькоў, а і старэйшых братоў і сясцёр.

Яшчэ адным захапленнем, акрамя ткацтва, у Тамары Крыварот стала алмазная вышыўка

Менавіта ёй, тады яшчэ незамужняй дзяўчыне, на сямейным савеце было вырашана даручыць даглядаць бацькоў у старасці. Свой абавязак яна выконвала годна, набіраючыся ад іх жыццёвай мудрасці і майстэрства. Як жа яны спатрэбіліся ў далейшым жыцці!

Мудрасць падказвала Тамары Ігнатаўне падыходы ў выхаванні ўласных дзетак, а ўрокі майстэрства далі ёй магчымасць атрымаць ганаровае званне народнага майстра Беларусі (яго ў нас у раёне, дарэчы, носіць толькі яна і знакаміты разьбяр па дрэве Яўген Восіпаў).

Тамара Ігнатаўна (зараз яна па мужу Крыварот) разам са сваім абраннікам выгадавалі траіх дзяцей. Па сённяшніх мерках гэта была б мнагадзетная сям’я, а на той час ніякіх ільгот яны з мужам не мелі. Як гадавалі? Як падказвала сэрца і жыццё. Асноўны прынцып выхавання быў простым: з’яўляцца для дзяцей прыкладам, быць ім старэйшымі сябрамі і дарадцамі, не хлусіць ім, ніколі не ўчыняць дома лаянак або абраз паміж сабой. У гэтай сям’і абавязковымі былі сумесныя мерапрыемствы – паходы ў бібліятэку, на горку, у лес і на рэчку вудзіць рыбу і смажыць сала. Падобныя выхады заўсёды з’ядноўвалі, згуртоўвалі. Не меншым фактарам яднання была і работа па гаспадарцы (была яна на той час багатай – і карова, і свінні, і куры…). І ў якім бы стане ні былі бацькі, яны ніколі не паказвалі сваёй стомленасці, не адмахваліся ад пытанняў ці праблем дзяцей, заўсёды ўнікалі ў іх, дапамагалі разабрацца. Аўтарытэт дарослых не павінен быў парушацца.

У сям’і Крываротаў, хоць і нарадзіліся трое дзетак, а вось гадаваліся чацвёра. Тут свой прытулак і бацькоўскую любоў знайшла пасля смерці бацькі пляменніца Тамары сямігадовая Настачка. Тут яна пайшла ў першы клас, адсюль выйшла ў людзі, закончыла ўніверсітэт, зараз жыве ў Мінску і заўсёды прыязджае сюды, у Любушаны, нібы ў свой родны дом, да сваіх бацькоў, братоў і сястры.

А збіраюцца ў гэтай утульнай хаце госці даволі часта, тут заўсёды разам адзначаюць кожны дзень нараджэння, прыязджаюць сюды за добрым словам і парадай, за цяплом любімых людзей, якія з гадамі сталі яшчэ больш паважанымі і мілымі, адкрытымі і непаўторнымі.

Кім сталі дзеці Тамары Ігнатаўны? Двое з іх – людзі пры пагонах, як кажа сама жанчына. Уладзімір служыў у мінскай міліцыі і зараз, будучы ў адстаўцы, з’яўляецца ахоўнікам у прыватнай фірме. Аляксей нечакана памяняў прафесію агранома на работу ў сістэме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, стаў выратавальнікам Любушанскага пажарна-выратавальнага паста.

Дачушка Наталля сваім жыццёвым шляхам абрала культуру, зараз узначальвае ў Беразіно Цэнтр рамёстваў. А колькі старадаўніх уменняў і навыкаў пераняла яна ад матулі! Сапраўдная майстрыха!

Тамара Ігнатаўна 35 гадоў з’яўлялася начальнікам Любушанскага паштовага аддзялення, а потым жыццёвы шлях завёў яе ў мясцовы Дом культуры, дзе яна больш дзесяці гадоў займалася адраджэннем старадаўняга рамяства ткацтва. Якія толькі ўзоры і вышыванкі не выходзілі з-пад яе станка! Усе – з мясцовым каларытам, унікальныя, непаўторныя. Менавіта за гэтую самабытную і забытую творчасць, а таксама навучанне падрастаючага пакалення дзедавым мастацтвам, і была адзначана яна званнем народнага майстра Беларусі. Сваё майстэрства перадала Т. Крыварот і дачцэ Наталлі. І не толькі гэта. Сваім дзецям перадала яна любоў да жыцця, спрадвечную, ад сваіх бацькоў увабраную, мудрасць быць прыкладам для сваіх нашчадкаў і годна крочыць па жыцці.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *