Быць сапраўднай матуляй – самая складаная прафесія

 

 

Так з упэўненасцю сцвярджаюць  Алена Паддубская, Лілія Баркова, Надзея Шык, Валянціна Гарошка. Яны шматдзетныя і шчаслівыя матулі,  якім у Міжнародны дзень абароны дзяцей старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук уручыў ордэны Маці.

— Віншую вас, паважаныя жанчыны, з гэтай значнай дзяржаўнай узнагародай. Жадаю, каб вас  радавалі вашы дзеці, сямейнага дабрабыту, поспехаў у жыцці. Зараз у краіне  вялікая  ўвага  надаецца падтрымцы сям’і і мацярынства,  і наш раён — не выключэнне. Толькі пры  ўмове стабільнай дэмаграфічнай сітуацыі, высокай нараджальнасці, можна з цвёрдай упэўненасцю глядзець у будучыню. Нагадаю, што ў Беларусі рэалізуецца цэлы шэраг сацыяльных праграм, распрацаваных у дапамогу маці. Яны непасрэдна датычацца сямейнага ўкладу, нараджэння і выхавання дзяцей, вырашэння жыллёвых пытанняў, працаўладкавання,  — адзначыў Дзяніс Ігаравіч, віншуючы матуль.

Алена ПАДДУБСКАЯ:

— Ведаеце, калі б мне раней сказалі, што ў мяне будзе шматдзетная сям’я, я ніколі б не паверыла, — пачынае гутарку з усмешкай Алена. – А  зараз  у нас  сапраўдная сям’я, дзе 7 “я”!  Самая старэйшая ў сям’і – Лізавета.  Сыночак Марк — заядлы веласіпедыст . Цімафей – любіць ляпіць і займацца спортам.  Стэфанія – у нас любіць танцаваць. А самы малодшы – гарэза Мацвей.  У выхаванні дзетак мне дапамагае муж Андрэй. “Стаж” нашага сямейнага жыцця больш за 20 гадоў! Жывём ва ўласным доме, які самі ж і будуем (муж – майстар на ўсе рукі). Я зараз працую галоўным бухгалтарам у камбінаце батавога абслугоўвання насельніцтва.   Так, шматдзетная сям’я – гэта шмат клопатаў. Але ж гэта і велізарнае шчасце. Да нас ніколі не завітае адзінота.  Хочацца, каб дзеці былі дружныя. Не сварыліся паміж сабой, а дапамагалі, падтрымлівалі адзін аднаго. Увогуле, для нас не столькі важна, якія адзнакі яны атрымліваюць у школе, галоўнае, каб былі добрымі, шчырымі, міласэрнымі, любячымі, сапраўднымі людзьмі.

Лілія БАРКОВА:

— Ведаеце, калі мне патэлефанавалі і сказалі, што  ўручаць Ордэн маці, я спачатку нават не паверыла, расхвалявалася. Здаецца, мы звычайная сям’я, толькі шматдзетная. У мяне чацвёра дзетак – усе хлопчыкі.  Імкнуся выхаваць дастойных дзетак, даць ім адукацыю, прывіць любоў да працы, міласэрнасць, дабрыню, павагу да старэйшых… Прыемна, што і нашу мацярынскую працу цэняць, адзначаюць на такім высокім узроўні. Вялікі дзякуй за падтрымку!

Надзея Шык:

Перапаўняе шчасце!  Я вельмі рада, што і мне ўручылі ордэн Маці. У нас пяцёра  гарэз-хлапчукоў і адна прынцэса-дачушка. Магчыма, хтосьці думае, што складана быць мамай у шматдзетнай сям’і. Дзе браць сілы, каб годна выхоўваць пяцярых дзяцей, сачыць за домам і знаходзіць час на сябе. Адказ просты – у дзецях і мужу. У іх усмешках, добрым настроі, здароўі, у тым, што мы разам – яны маё шчасце і багацце. Мы жывём у Васілеўшчыне, працуем у мясцовай гаспадарцы.  З мужам усё робім для нашых дзетак, для іх дабрабыту.

 Валянціна Гарошка:

Калі даведалася, што менавіта мяне ўзнагародзілі ордэнам Маці, здзівілася, бо гэта так неспадзявана, але прыемна. Для мяне мацярынства – гэта не нейкі подзвіг, а звычайнае жыццё і праца, складаная праца, пра якую ведаюць толькі тыя, хто прайшоў праз недаспаныя ночы, трывогі, хваляванні і радасці. Для мяне быць матуляй – самае галоўнае шчасце. Я жыву клопатам пра дзетак: сыночкаў Аляксандра, Ягорку,  дачушак Дар’ю, Карыну, Ганну. Пражываем у Капланцах. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы будуем свой уласны дом. Плануем, што ў хуткім часе пераедзем у яго. Прыемна, што дзяржава клапоціцца пра шматдзетныя сем’і, падтрымлівае нас.

 

 

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *