Чаму ў “ОМА” каровам набываюць вентылятары?

На ферме “Перавоз” устаноўлены вентылятары

Вось ужо колькі дзён стаіць анамальная для беларусаў спякота. Тэмпература ўпарта трымаецца на паказчыку вышэй за 30 градусаў па Цэльсію. Перажыць такую гарачыню цяжка не толькі людзям, але і жывёлам. У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў раёна паляцелі ўніз альбо практычна спынілі рост валавыя і сярэднясутачныя надоі малака. Аднак ёсць гаспадаркі, якія і ў экстрэмальных умовах надвор’я не дапусцілі падзення вытворчасці.

Надой на карову амаль 25 літраў

А калі быць дакладней – 24 кілаграмы 500 грамаў. Гэта самы высокі паказчык у раёне, а прыбаўка прадукцыі налічвае да папярэдняга года 2 кілаграмы 700 грамаў. Штодзень валавы надой складае амаль 10 000 тысяч кілаграмаў малака, якое рэалізуецца дзяржаве выключна гатункам “экстра”. У філіяле работнікі жывёлагадоўлі асабліва рупяцца не толькі пра якасць і валавы прырост сваёй малочнай прадукцыі, але і танны яе сабекошт.

Сакрэт – у тэхналогіі…

Ён у тым, што малочны статак круглы год не пакідае памяшканняў. Толькі на ферме “Перавоз” утрымліваецца 408 рагуль. Каровы на бяспрывязным утрыманні, на абслугоўванні заняты тры аператары машыннага даення і два трактарысты.

– На гэтай ферме цякучкі кадраў і парушэнняў працоўнай дысцыпліны практычна няма, бо працуюць вопытныя работнікі, – зазначае галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Фядотава. – Людзі даражаць працоўным месцам, бо маюць дастойны заробак і пашану кіраўніцтва.

…і ў кармах

Яшчэ адным важным састаўляючым “омаўскіх” надояў з’яўляецца правільны і збалансаваны рацыён кармлення жывёлы, які складаецца з мінулагодніх запасаў і сёлетняй зялёнкі. Балазе, у гаспадарцы дэфіцыту кармоў не ведаюць, бо штогод назапашваюць паўтарагадовы запас сена, сіласу і сенажу. Ды і з канцэнтратамі пытанняў няма. Пастаянна працуюць два млыны, якія здрабняюць уласна вырашчанае збожжа. Выключэнне складае толькі рацыён цялят. Для іх набываюцца спецыяльныя канцэнтраваныя кармы.

Па стане на 12 ліпеня філіял “ОМА” назапасіў больш за ўсіх у раёне цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – 15,8. Маецца 3530 тон сенажу і 245 тон сена.

Навошта добры ўраджай рапсу?

Асабліва карыснымі прысмакамі для высокапрадукцыйных рагуль з’яўляюцца шрот і макуха. Першы закупляецца, а другая вырабляецца непасрэдна ў гаспадарцы. Яшчэ ў 2013 годзе тут рызыкнулі і набылі ўстройства па перапрацоўцы алейных культур чэхаславацкай вытворчасці. Пакупка стала сапраўднай знаходкай для жывёлаводаў. Штодзень з масланасення рапсу вырабляецца 300 літраў алею, які карыстаецца попытам на рынку і прыносіць нядрэнныя дывідэнды філіялу. І яшчэ 300 кілаграмаў высакаякаснага шроту.

Адказны за работу ўстройства загадчык мехмайстэрні Мікалай Бжэзінскі. Сумяшчаць абавязкі па рамонце і вырабе каштоўнай прадукцыі яму няцяжка, бо набытае ўстройства надзейнае і толькі аднойчы запатрабавала тэхнічнага абслугоўвання.

Мікалай Бжэзінскі ў гаспадарцы адказвае за выраб рапсавага алею і бялковага шроту

– Добра, што алей і макуха з уласнага ўраджаю, – дадае спецыяліст. – Гэта нацэльвае аграрыяў вырошчваць добры ўраджай азімага рапсу, што бывае няпроста. Здаралася, мы нават закуплялі масланасенне. Але сёлета ўраджайнасць дасягнула дваццаці цэнтнераў на круг. Значыць, запасаў хопіць на ўвесь год.

Бесперабойна працуе ўстройства па перапрацоўцы алейных культур

Яшчэ адзін «омаўскі» сакрэт

Днямі на малочнатаварнай ферме “Перавоз” устанавілі чатыры магутныя вентылятары.

– І гэта не раскоша, – заўважыла Вольга Рыгораўна, – а сапраўдная неабходнасць у гарачы дзень. Тэмпература ў памяшканні гэтым летам падымаецца вышэй за 40 градусаў. Цяжка даводзіцца не толькі людзям, але і рагулям. Жывёлы губляюць прытомнасць ці дрэнна сябе адчуваюць. Таму і палічылі неабходным пайсці на такія страты, бо да кароў трэба ставіцца па-чалавечы. Яны ж нашы карміцелькі. Кожная ідзе на раённы рэкорд па прадуктыўнасці ў 8 тысяч кілаграмаў малака.

– Ноу-хау – сухая брага менш шкодная для арганізма жывёлы, чым звычайная, і па свойму ўплывае на прырост малочнай прадукцыі, – гаворыць галоўны заатэхнік Вольга Фядотава. – Таму і гэта немалаважная састаўляючая вялікага малака. Дарэчы, збалансаваны рацыён кармлення мы не змяняем круглы год. Ды і навошта, калі нават у 40 градусаў гарачыні рагулі ядуць з вялікім апетытам.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *