Чарговая пераможца рэдакцыйнага розыгрышу Людміла Драздоўская

Чарговая пераможца нашага розыгрышу – Людміла Драздоўская. У падарунак яна атрымала абанемент у салярый у студыю прыгажосці «COSMOPOLITAN»!

— Прыемна атрымліваць падарункі ад любімай раёнкі, — заўважае Л. Драздоўская. – Дзякуй! Мы з мужам пастаянна выпісваем “Бярэзінскую панараму”, і амаль заўсёды адразу ж на тры месяцы альбо паўгода. Шчыра кажучы, “Бярэзінская панарама” – наша сямейная газета. У сераду і суботу чакаем яе з нецярпеннем. А затым з асалодай чытаем. Жадаем калектыву рэдакцыі натхнення, пазітыву і надалей радаваць нас цікавымі артыкуламі

— Ведаеце, мы з мужам даўнія падпісчыкі “Бярэзінскай панарамы”. Памятаем газету, калі яшчэ яе назва была “Сцяг Леніна”, — пачынае гутарку Людміла. – Заўважаем і радуемся, як газета мяняецца, становіцца больш цікавай і насычанай інфармацыяй. Праглядаю і сайт газеты, групы ў сацыяльных сетках, дзе змяшчаюцца шмат здымкаў, нават відэ з мерапрыемстваў. Цікава! Але я ніколі не здраджу “жывой” газеце. Гэта ж так прыемна ўзяць у рукі свежы нумар раёнкі: праглядаць здымкі, чытаць артыкулы.

Думаем, кожны бярэзінец знойдзе, што пачытаць. Бо раёнка ж піша пра мясцовых працаўнікоў, навіны, якія датычацца нашай Бярэзіншчыны. Іншы раз мы не можам трапіць на тое альбо іншае мерапрыемства, што праходзіць у раёне. А пачыталі ў “панараме” рэпартаж, да прыкладу, са свята, быццам самі там пабывалі.

Што больш за ўсё падабаецца чытаць мне? Артыкулы пра людзей, — працягвае Людміла. — Гэта і пра шматдзетныя сем’і, і пра нашых медыцынскіх работнікаў, і пра лепшых працаўнікоў у сельскай гападарцы, і пра ветэранаў, пажылых людзей. Мне падабаецца праз газету “знаёміцца” з людзьмі. А пачынаю знаёміцца з газетай па традыцыі з апошняй старонкі: віншаванні, аб’явы. Затым пераходжу да больш сур’ёзных матэрыялаў.

Муж жа чытае ўсё без перабольшвання “от корки до корки”. Яму падабаюцца ўсе матэрыялы, у кожным ён знаходзіць штосьці цікавае для сябе.

А я з задавальненнем чытаю артыкулы, змешчаныя пад рубрыкай “Свая справа”. Цікава даведацца, хто якой радпрымальніцкай дзейнасцю займаецца, як разіваецца справа.

І нядзіўна, што менавіта гэтая тэматыка найбольш блізкая жанчыне. Амаль усё працоўнае жыццё яе звязана з гандлем. Шмат гадоў была загадчыцай сталовай, затым – 10 гадоў загадчыцай рэчавага рынку.

— У кожнага чалавека ёсць сваё прызванне. Маё прызванне — працаваць з людзьмі, — заўважае Людміла. – Зараз мы з мужам ужо пенсіянеры. Ён – індывідуальны прадпрымальнік, а я ў яго працую, дапамагаю. У нас свой кветкавы магазін. І я зноў шчырую з людзьмі, імкнуся, каб кожны, хто зойдзе да нас, выйшаў бы з пазітыўным настроем! Так, з людзьмі працаваць — задача не з простых. У кожнага свой характар, свой настрой. Але я да ўсіх імкнуся знайсці “свой ключык”. Таму мне мая работа падабаецца, прыносіць задавальненне.

Аказваецца, Людміла, сапраўды, творчая асоба. Яна не проста састаўляе букеты з кветак, а робіць сапраўдныя шыкоўныя кампазіцыі.

— Я ўкладваю ў сваю працу, можна сказаць, часцінку сябе. Хочацца, каб нашы букеты радавалі, выклікалі станоўчыя эмоцыі, — заўважае жанчына. – Якія букеты карыстаюцца папулярнасцю зараз? Усё індывідуальна: хтосьці любіць проста ружы, іншыя – кветкі ў гаршчочках… Кожнаму імкнуся падказаць, параіць, як лепш выбраць букет. Калі хтосьці ідзе на свята да людзей пажылога ўзросту, я б параіла набыць кветкі ў гаршчочках: яны доўга будуць радаваць вока, іх можна даглядаць. Моладзі раю набываць прыгожыя, стыльныя букеты. Самы незвычайны букет? Не так даўно хлопец для сваёй каханай набываў 101 ружу… Так, не перавяліся яшчэ рамантыкі, і, ведаеце, у нас нярэдкасць, калі хлопец набывае велізарны букет з руж. Ёсць людзі, якія заказваюць незвычайныя кампазіцыі: дасылаюць нам фотаздымак, мы абмяркоўваем, і я раблю. Часта заказваюць і вясельныя букеты. Тут ужо важная кожная дэталь: памер кветак, якія кветкі, колер і нават адценне іх, што дадаць. Апошні “піск” моды – прыглушанае, фіялетавае адценне руж. Цікавыя букеты атрымліваюцца і з хрызантэм рамонкавых. Карыстаюцца папулярнасцю і букеты з цукерак, прадуктаў (да прыкладу, “фруктовы” альбо “мясны” букет). Так, я люблю крэатывіць, рабіць кампазіцыі, букеты сваімі рукамі. Таму і ў раёнцы мне даспадобы чытаць, перачытваць матэрыялы пра творчых людзей, якія займаюцца ўласнай справай.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *