Чарговы герой праекта «Прызямліцца ці ўзляцець?» – стажор Кірыл Бондар

Кірыл Бондар : “Мне важна не падвесці бацькоў”

Чарговы герой праекта – супрацоўнік Бярэзінскай раённай пракуратуры, стажор Кірыл Бондар. Яго праваахоўны стаж налічвае ўсяго некалькі месяцаў.
– Я – не мясцовы, нарадзіўся і вырас у Пухавічах. Скончыў там сярэднюю школу, атрымаў дыплом Міжнароднага ўніверсітэта “Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін”. Калі толькі паступаў, дакладна ведаў, што не хачу быць адвакатам і натарыусам, а бачыў сябе пракурорскім работнікам, які выступае ў судзе з абвінавачваннем, мае дакладныя доказы і спрытна імі адбівае словы абаронцаў.

— Такім чынам, твая запаветная юнацкая мара здзейснілася і ты цяпер амаль штодзень выступаеш у судзе?
— Аднак я аказаўся вельмі наіўным, калі марыў толькі красамоўна выступаць у судзе. Нагадалі мне яшчэ пра шмат службовых абавязкаў мае настаўнікі — пракурор Бярэзінскага раёна Уладзімір Галянкоў і яго намеснік Андрэй Філончык. Яны — сапраўдныя прафесіяналы, якія даражаць сваім пракурорскім мундзірам і правам цвёрда абараняць інтарэсы людзей. Я ўдзячны ім за першыя прафесійныя парады і кансультацыі, рэкамендацыі і рэальную дапамогу ў арганізацыі работы па наглядзе і падрыхтоўцы да судовых пасяджэнняў.

— Але табе мала вучыцца толькі ў пракурораў?
— Так, пэўную юрыдычную навуку я спасцігаю і ў судовых работнікаў. Падкупляе мяне ўласная патрабавальнасць і служэнне закону суддзяў Мікалая Караля, Аксаны Пянкрат і Дзмітрыя Каплія. Яны — не толькі выдатныя прафесіяналы, але і цікавыя асобы ў звычайных стасунках. Яны з увагай паставіліся да мяне, зразумелі мае першыя трывогі і сумненні. Адаптацыя прайшла паспяхова, і мы хутка знайшлі агульную мову.

— А ўзнікалі цяжкасці на працы?

— Асаблівых — не, бо большасць маіх абавязкаў – звычайная пракурорская справа. Аднак я цвёрда памятаю і ведаю, што за кожнай з іх стаяць людзі.
Аб гэтым мне не даюць забыцца ні калегі-праваахоўнікі, ні сваякі. Яны ўсім сэрцам перажываюць за мяне.

— Што ўжо на тваім асабістым працоўным рахунку?
— На ім ужо некалькі судовых пасяджэнняў і абвінавачваемых прыгавораў. За кожным з іх — плён маёй штодзённай працы. Ніколі не забуду і сваё першае пасяджэнне, дзе ў мяне дрыжалі рукі і крыху блыталіся словы. Ды і адбывалася гэта з-за таго, што я даў волю ўласным эмоцыям і на пэўнае імгненне забыўся, што я — прадстаўнік закона і павінен вышэй за ўсё паважаць яго кожную літару. А пашкадаваў я чалавека, які начыста забыўся аплачваць расходы на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўнай установе.

Працяг чытайце ў № 13 газеты за 19 лютага.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *