Чарговыя героі нашага праекта «Пандусы жыцця» – дружная сям’я Карніенкаў з Пагоста

Чарговыя героі нашага праекта – дружная сям’я Карніенкаў з Пагоста. Яны, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, ніколі не адчайваюцца, ідуць па жыцці ў добрым настроі, з усмешкай! А цяжкасцей хапае — Сын Максімка з асаблівасцямі развіцця, уласны дом, цяжкая праца, клопаты па гаспадарцы… Але яны ніколі не скардзяцца, не наракаюць на жыццё. Ні ў каго не просяць дапамогі. Самі імкнуцца справіцца з цяжкасцямі. Сціплыя людзі, дбайныя гаспадары і да бясконца любячыя бацькі. У чым жа сакрэт іх аптымізму?!

…Наталля мясцовая, нарадзілася ў Пагосце. Пасля васьмі класаў паехала на вучобу ў Магілёў. Праз пэўны час зноў вярнулася ў родныя мясціны. І сустрэла свайго суджанага – Аляксандра. Разам яны вось ужо 22 гады!
У Карніенкаў двое дзетак. Старэйшы сын Кірыл адвучыўся ў Смілавіцкім каледжы на экскаватаршчыка. Затым была служба ў пагранічных войсках.
А зараз разам з бацькам шчыруе ў ДБУ-31.
Сам Аляксандр больш за 15 гадоў адпрацаваў у мясцовым калгасе. Наталля амаль 15 гадоў шчыравала сацыяльным работнікам у Бярэзінскім тэрытарыяльным цэнтры, а зараз працуе матуляй і падпрацоўвае прыбіральшчыцай.
— Работа вельмі падабалася! Дапамагала маім бабулям і дзядулям, — расказвае жанчына. — Так, спачатку было складана, але я вельмі хутка прывыкла. Мае падапечныя сталі, як родныя. Ведала кожнага, хто чым жыве. Ім жа галоўнае не столькі дапамога, колькі ўвага, гутарка, усмешка, добрае слова. Я імкнулася кожнаму дапамагчы!
Гутару з Наталляй Генадзьеўнай і разумею, што гэта не пустыя, гучныя словы, а дэвіз яе жыцця “Дапамагаць, быць міласэрнай, гуманнай, жыць па-чалавечы”.

А малодшаму сыну Карніенкаў — Максіму 3 ліпеня споўнілася 16 гадоў. Шчыра кажучы, у мяне гэта сям’я выклікала шквал эмоцый. Яны не здаюцца, не чакаюць дапамогі, не скардзяцца на жыццё, а дзейнічаюць, як бы складана ні было. А такіх “складана” кожны дзень вялікая колькасць.
…Другая цяжарнасць, як і першая, была для Наталлі з мужам запланаванай, вялікай і радаснай падзеяй, яны з нецярпеннем чакалі нараджэння дзіцяці.
— Цяжарнасць праходзіла добра, лёгка, — згадвае жанчына. – Роды былі своечасовыя, таксама прайшлі нескладана. Нарадзіўся здаровенькі, дужы сыночак.
У 4 месяцы прыхварэў. Думалі, што звычайная прастуда. Лячыліся спачатку дома. Не праходзіла. Звярнуліся да ўрачоў. Былі думкі, што ларынгіт, бранхіт, запаленне. Нас накіравалі ў Мінскую абласную бальніцу. Дадатковыя абследаванні… у Максімкі чэрапна-мазгавая герпетычная інфекцыя. Спачатку гэты дыягназ гучаў жудасна, страшна, пужаў невядомасцю. Гэта ж зараз – “зайшоў” у інтэрнэт, пачытаў інфармацыю. А 16 гадоў таму амаль ніякай інфармацыі нідзе не было. Ведалі толькі тое, што тлумачылі ўрачы.
Калі Максімка быў маленькім, ездзілі і ў рэабілітацыйныя цэнтры, і ў бальніцы часта праходзілі лячэнне. А зараз больш часу праводзім дома, тут, як кажуць, і сцены дапамагаюць.
Сям’я Карніенкаў моцная і дружная. Гэта бачна адразу ж, пераконваюся ў гэтым і падчас гутаркі. Яны разам спраўляюцца з цяжкасцямі, падтрымліваюць адзін аднаго.
— Калі паставілі дыягназ, мы, вядома ж, усе перапужаліся. Што будзе далей? Як з гэтым спраўляцца? Дзякуй мужу, ён пастаянна падтрымліваў! Старэйшы сын таксама ва ўсім нам дапамагае. Любіць малодшага браціка, і калі прыязджае з працы, з камандзіровак, абавязкова з ім гутарыць.
Увогуле, Максімка – спакойны хлопчык. Не патрабуе да сябе штохвіліннай увагі. Прачынаецца Наталля вельмі рана, з першымі промнямі сонца. Затым прачынаецца Максім. Яго неабходна пераапрануць, пакарміць, пагутарыць з ім.
— Так, Максімка, адрознівае, ведае нашы галасы. Мы з ім гутарым, расказваем пра падзеі, дзелімся навінамі, здаецца, ён нас разумее. Імкнецца таксама нам штосьці расказаць, — зазначае Наталля Генадзьеўна.
Пасля сняданка, калі добрае надвор’е, Наталля вывозіць сыночка ў калясцы на вуліцу. Ён грэецца на сонейку, а яна – працуе.
У кветніку, па гаспадарцы, адным словам, няма ні хвіліны спакою. Максімка не плача, не капрызнічае, назірае за матуляй. А вечарам Наталля бяжыць на працу.
Любяць Карніенкі і дамашніх жывёл – у іх два каты, два сабакі. Нават ёсць сабака пароды хаскі.


— Як усё паспяваю? Я ўжо прывыкла да такога графіка. Ды і сядзець на адным месцы, сумаваць, скардзіцца на жыццё, гэта не пра нас! А што гэта дасць?! Нічога! Дык лепш жа радавацца жыццю.
І, сапраўды, Наталля – аптыміст па жыцці. Падчас гутаркі, яна ўсміхаецца, а на маё пытанне, ці складана з усім спраўляцца, з упэўненасцю адказвае:
— Ды каму сёння лёгка?! Я вельмі-вельмі люблю і дзетак, і мужа – гатова дзеля іх дабрабыту на ўсё.
І, паверце, гэта не зычныя словы. Вы б бачылі, з якой пяшчотай, любоўю, замілаваннем глядзіць Наталля на сыночка. Яна ў любую хвіліну гатова яму дапамагчы, адчувае яго. Пакуль мы гутарылі, жанчына ні разу не сказала “я”, “для мяне”, “у мяне” – замест гэтага — “мы”, “для нас”, “у нас”… Яна, дзеці і муж — быццам адно цэлае.
— Адчуваем і дзяржаўную падтрымку. Так, выплачваюцца грашовыя сродкі на набыццё памперсаў, атрымліваем матэрыяльную дапамогу, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, дапамагло нам у набыцці інваліднай каляскі для Максімкі. Вялікі дзякуй! – дадае гаспадыня. — Але прывыклі ў большасці разлічваць на сябе, на свае сілы.

Дома ў сям’і Карніенкаў утульна і прыгожа. Асаблівае месца займаюць іконы. Вера надае гаспадарам моцы, не дае здавацца

Так, бачна, што ў сям’і Карніенкаў – сапраўдныя гаспадары. Уласны прыгожы дом патанае ў кветках. На прысядзібнай тэрыторыі іх велізарная колькасць, прычым, розных. Дома таксама шмат вазонаў.
— Кветкі – гэта мой адпачынак, маё хобі. Мне падабаецца назіраць, як зара-джаецца жыццё, як расліны толькі-толькі пачынаюць расці, затым усё больш і больш, буйна зелянеюць, затым квітнеюць. Ад гэтага на душы такая радасць, асалода. Ці ёсць хобі ў мужа? Зараз увесь час займае работа. Ён ездзіць у камандзіроўкі, дома – толькі на выхадных. Дапамагае з гаспадаркай.

А гаспадарка ў Карніенкаў значная. Свінні, куры, гусі, індыкі! Ды яшчэ і велізарны агарод!

— Усё патрабуе ўвагі, усё неабходна дагледзець. І абавязкова рабіць гэта ў добрым настроі, як кажуць, з любоўю, іначай – нічога не вырасце, — дадае гаспадыня. — Мы з мужам з сельскай мясцовасці і з дзяцінства прывычныя да працы! Любім шчыраваць на зямлі. Гэта для нас у радасць!
Наталля Генадзьеўна — член Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.
— Наша арганізацыя існуе даволі даўно. Мы добра ведаем адзін аднаго, — зазначае жанчына. — Часта тэлефануем адзін аднаму. Імкнёмся падтрымаць кожнага ў складанай сітуацыі. Мы ведаем не па чутках, як складана даводзіцца і эмацыянальна, і фізічна, калі ў сям’і нараджаецца асаблівае дзіцятка. Тут штосьці раіць вельмі складана. У кожнага свая сітуацыя, у кожнага сваё разуменне таго, што адбываецца. Адно магу сказаць: неабходна трымацца, імкнуцца быць бадзёрымі, не губляць аптымізм, як бы складана ні было. І памятаць, што за чорнай жыццёвай паласой абавязкова будзе белая.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *